Logo Polskiego Radia
Print

Палякам раздалі 100 тысяч саджанцаў дрэваў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.09.2018 14:32
  • 100 тыс. дрэў.mp3
У Польшчы адбылася акцыя пад назваю «100 тысяч дрэў на стагодзьдзе незалежнасьці».
Дрэва садзіць міністар навакольнага асяродзьдзя Славамір Мазурэк (пасярэдзіне)Дрэва садзіць міністар навакольнага асяродзьдзя Славамір Мазурэк (пасярэдзіне)PAP/Paweł Supernak

Надоечы ў Польшчы адбылося мерапрыемства пад назваю «100 тысяч дрэў на стагодзьдзе незалежнасьці». У рамках акцыі можна было атрымаць саджанцы дрэваў за здадзеную другасную сыравіну.

Акцыя «100 тысяч дрэў на стагодзьдзе незалежнасьці» была наладжаная ў многіх польскіх гарадах, як найбуйнейшых, напрыклад, у сталіцы, так і меншых населеных пунктах. Арганізатарам выступілі Міністэрства навакольнага асяродзьдзя, Фонд аховы асяродзьдзя і воднай гаспадаркі, а таксама ваяводзкія фонды аховы навакольнага асяродзьдзя і воднай гаспадаркі.

Па ўсёй Польшчы ўчора раздавалі саджанцы дрэў, які можна пасадзіць дзесьці каля дома, на дачы або ў лесе. Асноўная задача кампаніі – паказаць, што ахова навакольнага асяродзьдзя, прырода – гэта вельмі важная справа, якая павінна цікавіць усіх палякаў, а другая задача – адзначыць такім чынам стагодзьдзе дзяржаўнай незалежнасьці. У Варшаве акцыя прайшла ў дзесяці месцах. У ёй удзельнічала шмат жыхароў сталіцы, якія кажуць, на колькі важная для іх ахова асяродзьдзя.

Удзельнікі акцыі: Кожны з нас можа ўплываць на тое, як выглядае ахова навакольнага асяродзьдзя. Нам часам здаецца, што нічога не здарыцца, калі выкінем нейкае дробнае сьмецьце, ня будзем сартаваць адкіды, гэта ж дробязь. Сапраўды, калі такое зробіць адзін чалавеку, гэта ня страшна, але нас у краіне больш за 30 мільёнаў, і калі так паступаюць усе, то такім чынам у нас растуць горы сьмецьця, а павінны расьці дрэвы.

Трэба клапаціцца пра навакольнае асяродзьдзе, паколькі розныя людзі забруджваюць паветра, а дрэвы патрэбныя дзеля таго, каб паветра было чыстае.

Дзякуючы такім акцыям людзі пачынаюць разумець, як нам патрэбныя дрэвы, якую важную ролю яны выконваюць. Дзякуючы дрэвам, расьлінам існуе жыцьцё. Паветра цыркулюе дзякуючы дрэвам. Кожны з нас павінен мець магчымасьць пасадзіць дрэва. Ёсьць такая прымаўка, што кожны мужчына павінен у сваім жыцьці пасадзіць дрэва. І сёньня добрая нагода, каб гэта зрабіць.


У мерапрыемстве прымаў удзел таксама Торунь. Там раздавалі саджанцы дубоў, соснаў і ёлак. Распавядае Малгажата Пшыбыльска з Ваяводзкага фонду аховы навакольнага асяродзьдзя і воднай гаспадаркі.

М. Пшыбыльска: Кожны чалавек, які прынясе другасную сыравіну, атрымае саджанец. А сыравіна – гэта, напрыклад, кіляграм макулятуры, 10 бутэлек або 10 бляшанак, дробныя непатрэбныя ўжо электрычныя прылады. За гэтую сыравіну можна атрымаць максымальна два саджанцы дрэваў.

А што, якую сыравіну, прыносілі ўдзельнікі акцыі ў Торуні, каб памяняць на дрэўцы?

Удзельнік: Каробкі – упакоўкі ад мэблі, пустыя батарэйкі і дробную электратэхніку. Я паходжу са Сьвентакшыскіх гор, дзе лясы займаюць вялікую частку тэрыторыі. Я прывык да лесу, каля нашага дому быў лес, таму я падтрымліваю акцыю, каб людзі садзілі ўсюды як мага больш дрэваў. На маю думку, ніколі не бывае надта многа зелені.

А вось у Кельцах можна было атрымаць саджанцы ня толькі за другасную сыравіну, але таксама за напісаньне тэсту на тэму аховы навакольнага асяродзьдзя, эканоміі электраэнэргіі, барацьбы з забруджваньнем паветра, пра абнаўляльныя крыніцы энэргіі або за тэст аб стагодзьдзі дзяржаўнай незалежнасьці Польшчы, – адзначае віцэ-старшыня Ваяводзкага фонду аховы навакольнага асяродзьдзя і воднай гаспадаркі Гжэгаж Соха.

Г. Соха: Мы хочам такім чынам паказаць гэтак званы сучасны патрыятызм. Хочам паказаць, што можна сьвяткаваць гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці таксама такім чынам – праз экалягічныя акцыі, адукацыю на тэму аховы асяродзьдзя. Мяне вельмі цешыць, што прыйшло шмат сем’яў з малымі дзецьмі. Гэта значыць, што бацькі ўжо сёньня хацелі б вучыць сваіх дзетак, на колькі важна, скажам, сартаваць сьмецьце.

Падчас акцыі можна было атрымаць саджанцы польскіх гатункаў дрэў – між іншым дубоў і клёнаў узамен за прынесеную сыравіну, якую можна выкарыстаць паўторна. Гэта, у прыватнасьці, плястмасавыя бутэлькі, батарэйкі, алюмініевыя бляшанкі, макулятура, лямпачкі або непатрэбная электрычная тэхніка, якая выйшла ўжо з ужытку.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт