Logo Polskiego Radia
Print

Кнігу Міхася Чарняўскага выдадуць грамадой (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 30.01.2013 20:56
  • Чарняўскі.mp3
Выбітны гісторык і археоляг пасьпеў унесьці ўсе праўкі перад сьмерцю.
/

Міхась Чарняўскі памёр у Менску раніцай 20 студзеня на 75-м годзе жыцьця. Выбітнага гісторыка, архэоляга й грамадзкага дзеяча зьела падступная анкалягічная хвароба. Пасьля сьмерці спадара Міхася стала вядома пра ягоную апошнюю волю – перавыданьне кнігі “Ня бойцеся ахвяраў і пакут”, пра героя антыбальшавіцкага паваеннага супраціву Расьціслава Лапіцкага. Распавядае каардынатар перавыданьня Алесь Мазанік.

Алесь Мазанік: Яшчэ восеньню мінулага году, дзесьці ў верасьні, мы сустрэліся са спадаром Міхасём, і ён агучыў прапанову перавыданьня збору дакумэнтаў і матэрыялаў пра Расьціслава Лапіцкага, якое даўно плянуецца, але ніяк ня можа зьдзейсьніцца. Спадар Міхась заўсёды вельмі моцна перажываў праз тое, калі ягоныя кніжкі-дасьледаваньні не маглі быць альбо выдадзеныя, альбо распаўсюджаныя, ён заўсёды казаў, што ягоныя кнігі – як кулі, а кулі мусяць страляць, а не ляжаць у шафе.

Паводле словаў Алеся, Міхась Чарняўскі цягам восені й пачатку зімы пасьпеў цалкам завершыць працу над перавыданьнем.

/

Алесь Мазанік: Калі спадар Міхась да мяне зьвярнуўся з нагоды выданьня, для мяне было гонарам паклапаціцца пра ягонае ажыцьцяўленьне. Мы заняліся вёрсткай, падборам фотаздымкаў і г.д. На жаль, нягледзячы на тое, што спадар Міхась пасьпеў унесьці ўсе карэктывы й вычытаць усе моманты, а кніжка была гатовая для друку можа нават месяц таму, мы не пасьпелі яе надрукаваць...

Алесь Мазанік мяркуе, што гэта сьвятая справа – выканаць цяпер апошнюю волю выбітнага беларуса. Алесь прапануе ажыцьцявіць выданьне талакою.

Алесь Мазанік: Цяпер, калі, на вялікі жаль, спадара Міхася з намі ўжо няма, я лічу, што трэба давесьці справу да канца. Трэба выдаць гэтую кнігу й зрабіць тое пажадана грамадою. Я часта сустракаўся з пытаньнямі неабыякавых людзей, які праглі чагосьці зрабіць як для Беларусі ўвогуле, так і для канкрэтнага чалавека. Асабіста спадара Міхася вельмі шмат маіх знаёмых шанавалі, і засмучаліся з тое нагоды, што ня могуць яго асабіста падтрымаць. Зараз мы маем унікальную магчымасьць зрабіць дабрачыннае выданьне пра галоўнага героя твораў спадара Міхася – Расьціслава Лапіцкага, якое пасьля можа не патрапіць на паліцы кнігарняў. Зараз ужо ўсё гатова для выданьня, засталося знайсьці грошы і ўласна надрукаваць. Гэтае выданьне мусіць быць зробленае да 40 дзён з дня сьмерці гэтага выбітнага беларуса.

Алесь заклікае не адкладаць падпіску на кнігу, бо, верагодна, у вольны продаж яна не паступіць празь невялікі наклад.

/
Алесь Мазанік: Хочацца асобна адзначыць наступны момант: кніга хутчэй за ўсё будзе распаўсюджвацца толькі на вечарыне памяці спадара Міхася, бо наклад будзе невялікі. Таму тыя людзі, хто пасьпее падпісацца й ахвяраваць, атрымаюць кнігу дакладна, а пасьля яе ўжо можа ня быць.

Увесь прыбытак ад кнігі Алесь перадасць сям’і Міхася Чарняўскага. Верагодна, сродкі пойдуць на намагільны помнік нябожчыку.

Алесь Мазанік: Вельмі істотны момант, што праз гэтае дабрачыннае выданьне мы, беларусы, можам паказаць, што ня толькі на словах можам выказваць спачуваньне, але й на справе дапамагаць вартым людзям. Таму кожны, хто ахвяруе на кнігу, здолее дапамагчы сям'і спадара Міхася, а таксама верагодна, што частка грошай пойдзе на помнік. Таму я заклікаю ўсіх неабыякавых беларусаў падтрымаць гэтую акцыю, далучыцца да яе й разам выканаць апошнюю волю спадара Міхася.

Вечарына памяці Міхася Чарняўскага адбудзецца на сядзібе партыі БНФ на 40-ы дзень пасьля сьмерці гэтага выбітнага чалавека – 28 лютага а 18-й гадзіне. Там адбудзецца невялікі канцэрт памяці Міхася Чарняўскага. Кожны, хто ахвяруе на кнігу, атрымае яе там ва ўрачыстай абстаноўцы. Зьвязацца з ініцыятарам перавыданьня й загадзя замовіць кнігу можна па мабільным тэлефоне +375-29-757-58-67, а таксама праз электронную пошту ales.mazanik@gmail.com ці праз скайп ales_mazanik.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт