Logo Polskiego Radia
Print

Б. Камароўскі ў Вільні

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.02.2013 15:14
Галава польскай дзяржавы па традыцыі бярэ ўдзел у адзначэньні сьвята незалежнасьці Летувы.

У Вільні адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 95-ай гадавіны атрыманьня сувэрэнітэту Летувой. На Прэзыдэнцкай плошчы з прамовай выступілі прэзыдэнты Летувы ды Польшчы Даля Грыбаўскайтэ й Браніслаў Камароўскі. Апоўдні адбылася цырымонія падыманьня трох сьцягоў прыбалтыйскіх дзяржаў: латвійскага, эстонскага ды летувіскага. Гэта галоўны элемэнт аднаго з самых важных дзяржаўных сьвятаў Летувы.

Неабходна рабіць націск на канкрэтныя пытаньні, але старацца не кранаць балючых справаў. Такую пазыцыю ў польска-летувіскіх адносінах прапануе прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Высокапастаўлены прадстаўнік польскай дзяржавы падчас сваёй прамовы прыгадаў тое, што яднае два народы – напрыклад, студзеньскае паўстаньне.

Б. Камароўскі: Каля Арла – знак Пагоні, нашы пайшлі ў бой бяз зброі. А паўстанцы са Жмудзі сьпявалі – палякі не загінуць, пакуль жывуць жмудзіны.

Прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайтэ зьвярнула ўвагу на тое, наколькі неабходна адзінства дзяржавы.

Д. Грыбаўскайтэ: Нельга дазволіць, каб чужынцы вырашалі за нас. Нельга абменьваць свабоду на кароткачасовыя карысьці – ні праз выбары, ні ў пошуках энэргетычнай бясьпекі, ні ў будаваньні міжнародных адносінаў.

Камароўскі адзначыў, што польска-летувіскія ўзаемадачыненьні пачынаюць паляпшацца, але неабходна назіраць, ці заявы новага ўраду не застануцца толькі ў галіне дэклярацый. Яны павінны перайсьці ў канкрэтныя крокі.

Б. Камароўскі: Трэба спакойна, без падбухторваньня старацца падказваць, як можна вырашаць спрэчныя пытаньні. Дзеля гэтага можна паказваць і польскія прыклады, як у нас адносяцца да нацыянальнай меншасьці, у тым ліку летувіскай, але таксама беларускай, нямецкай, украінскай. Гэта добрыя ўзоры, якія варта паказваць, якія варта згадваць.

Апошнія візыты летувіскіх палітыкаў у Польшчы – гэта важныя, гістарычныя падзеі, якія палепшаць двухбаковыя адносіны – мяркуе прэм’ер-міністар Летувы Альгірдас Буткевічус. Нагадаем, на апошнім тыдні ў Варшаве пабывалі кіраўнік летувіскай дыпляматыі ды прэм’ер-міністар краіны. Буткевічус зьвяртае ўвагу на цёплую атмасфэру перамоваў з польскімі партнэрамі.

А. Буткевічус: Я хацеў бы, каб гэта быў прарыў. А з апошніх сустрэчаў з прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім ды прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам я раблю выснову, што гэта сапраўды пералом. Пакуль я буду на пасадзе прэм’ера, мы будзем сустракацца, каб вырашаць канкрэтныя спрэчныя пытаньні. Каб грамадзтвы Летувы ды Польшчы бачылі, што мы сапраўды вырашаем праблемы.

Для палякаў самая важная праблема – адносіны летувіскіх уладаў да польскай меншасьці ў Летуве. Гэта балючая праблема, якая тармозіць разьвіцьцё добрасуседзкіх кантактаў. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра напісаньне прозьвішчаў палякаў у дакумэнтах па-польску або польскамоўныя ўказальнікі ў мясцовасьцях, дзе пражывае шмат палякаў. Летувіскі прэм’ер адзначыў, што ўрад у Вільні прыняў ужо па гэтым пытаньні канкрэтныя крокі.

А. Буткевічус: Урад даручыў чатыром міністэрствам – міністэрству асьветы й навукі, замежных справаў, культуры ды юстыцыі – стварыць рабочую групу, якая да сярэдзіны сакавіка павінна прадставіць стратэгічнаму камітэту ўраду адпаведныя высновы, а калі гэта будзе неабходна, таксама законапраекты, якія дазволяць вырашыць праблемы меншасьці.

Прэзыдэнт упэўнены, што на добрыя адносіны паміж Польшчай і Летувою павінна ўплываць згадваньне пра студзеньскае паўстаньне (або паўстаньне Кастуся Каліноўскага – пад такой назвай яго ведаюць беларусы), якое адбывалася таксама ў Літве. Таму кіраўнік польскай дзяржавы ўсклаў кветкі на магілах камандзіраў паўстаньня, між іншым, на магіле камандзіра змаганьняў у Жмудзі Зыгмунта Серакоўскага.

Б. Камароўскі: Студзеньскае паўстаньне ў Літве было таксама пачаткам фармаваньня сучаснага летувіскага народу. У выніку гэтага працэсу нашы шляхі разыйшліся, кожны пайшоў сваёй дарогай. Але сёньня мы жывем зноў блізка, у рамках аднаго арганізму – Эўрапейскага Зьвязу, а таксама ў рамках абароннага праекту NATO. Цяпер мы павінны шукаць шляхі, якія, зразумела, вядуць не да адной дзяржавы, а да функцыянаваньня ў рамках вялікага эўрапейскага праекту.

Прэзыдэнт мяркуе, што нельга казаць пра нейкія прыярытэты ў польска-летувіскіх адносінаў. Трэба толькі, каб дзьве краіны аказывалі адна адной узаемную дапамогу.

Галава польскай дзяржавы па традыцыі бярэ ўдзел у адзначэньні сьвята незалежнасьці Летувы. Сёлета на галоўнай плошчы Вільні не было польскіх сьцягоў, затое паявіўся транспарант “Летува – гэта не польская правінцыя”. Тым ня менш, Камароўскага цёпла прынялі ў Вільні. Пасьля словаў, з якімі польскі госьць зьвярнуўся да летувісаў, яму білі брава.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт