Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы беларускую мову вывучаюць 3384 дзяцей

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 23.02.2013 07:12
У бягучым навучальным годзе гэтая лічба вырасла на некалькі соцен вучняў і дашкольнікаў.
s13.rus13.ru

На Падляшшы каля 4 тыс. дзетак у садках і школьнікаў вывучаюць мову нацыянальнай меншасьці: беларускую, летувіскую і ўкраінскую. Пра гэта паведамляе ўпраўленьне адукацыі Падляскага ваяводзтва. Са статыстычных дадзеных вынікае, што на Беласточчыне ў бягучым навучальным годзе павялічылася колькасьць вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў школах і садках на аснове факультатыва. У сваю чаргу зьнізілася колькасьць дзяцей, якія ходзяць на заняткі ўкраінскай і летувіскай моваў.

Так, у Падляскім ваяводзтве беларуская мова вывучаецца ў 46-і дзіцячых садках, пачатковых, няпоўных сярэдніх і сярэдніх школах. У суме мову Коласа й Купалы сёлета вывучаюць 3384 дашкольнікаў і школьнікаў. У мінулым годзе гэтая лічба складала крыху больш за 3 тыс.

На Беласточчыне ў двух ліцэях беларуская мова й літаратура выкладаюцца ў якасьці асобных абавязковых прадметаў: гэта навучальныя ўстановы ў Гайнаўцы й Бельску Падляскім.

Падляшша – кампактнае месца пражываньня беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Паводле апошняга перапісу насельніцтва ў Польшчы, колькасьць прадстаўнікоў беларускай нацмяншыні складае 47 тыс. чалавек. Аднак беларускія дзеячы ацэньваюць гэтую лічбу на 250-300 тыс. грамадзян.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт