Logo Polskiego Radia
Print

Дэпутат Сэйму заклікае палякаў вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 20.03.2013 05:45
Паводле Робэрта Тышкевіча, акцыя будзе прымеркаваная да Дня Волі 25 сакавіка.

Робэрт
Робэрт Тышкевіч, здымак facebook.com

Дэпутат польскага Сэйму Робэрт Тышкевіч заклікае суйчыньнікаў быць салідарнымі зь беларусамі й вывесіць 25 сакавіка ў сябе дома й на працы бел-чырвона-белыя сьцягі. Свой заклік палітык кіроўнай “Грамадзянскай плятформы” зьмясьціў на профілі ў Фэйсбуку.

“Жыве Беларусь! Праз тыдзень, 25 сакавіка, мінае 95 гадоў ад абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Для змагароў за свабодную Беларусь гэта сымбалічная дата. Разам зь імі заклікаю, каб 25 сакавіка мы на адзін дзень вывесілі ў сваіх дамах і ўстановах (хто можа) бел-чырвона-белы сьцяг Беларусі. Гэта будзе знак салідарнасьці палякаў для беларусаў у іх слушнай барацьбе за дэмакратыю” – напісаў Тышкевіч.

Для таго, каб нагадваць пра гэтую ініцыятыву, Робэрт Тышкевіч зьмясьціў на профілі ў сацыяльных сетках свой здымак зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Робэрт Тышкевіч зьяўляецца віцэ-старшынём Камісіі замежных справаў польскага Сэйму й сябрам парлямэнцкай групы па кантактах зь Беларусьсю.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт