Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы хваля рэкорднай сьпякоты

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.08.2013 16:20
Паліцыя ды мэдычныя службы папярэджваюць насельніцтва.

/

Да сьпякоты трэба быць падрыхтаваным.

Ужо некалькі дзён у паўднёвай Польшчы трымаецца вельмі высокая тэмпэратура. Бліжэйшыя дні будзе зусім сьпякотна, як у тропіках. Сыноптыкі прагназуюць, што ў Закапанэ й навакольлі можа быць рэкордная гарачыня.

Дагэтуль рэкорд гарачыні трымаецца з 1920-х гадоў мінулага стагодзьдзя – 31,5 градуса цяпла. У бліжэйшыя дні ў Закапанэ можа быць цяплей. Гэта пры тым, што ў Татрах і Закапанэ тэмпэратура рэдка калі ўздымаецца вышэй за 30 градусаў.
Дзяржаўныя службы раяць турыстам ды аматарам вандровак па гарах браць з сабою галаўны ўбор і патрэбную колькасць вадкасьці, каб пазьбегнуць абязводжваньня.

Сьпякота небясьпечная й для кіроўцаў, папярэджвае польская паліцыя. Добрае сонечнае надвор'е заахвочвае езьдзіць на машыне, але высокія тэмпэратуры вельмі небясьпечныя для тых, у каго ў машыне няма кандыцыянера.

У такой сытуацыі, раяць паліцэйскія экспэрты, варта часьцей рабіць перапынкі, паласкаць твар і шыю халоднай вадою, а перад выездам выпіць кавы або халоднай вады. Паліцыя таксама нагадвае, што трэба ўзяць запас вады на дарогу, асабліва тыя, хто зьбіраецца ў далёкае падарожжа.

Добрае надвор'е часта стварае зманлівае ўражаньне большай бясьпекі падчас язды. На думку паліцыі, у сонечныя дні кіроўцы павінны не перабольшваць з хуткасьцю. Напрыклад, у выходныя гэткая бравада стала асноўнай прычынай 331 ДТЗ, у якіх загінулі 44 асобы.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт