Logo Polskiego Radia
Print

Сувораў: Ня бойцеся Расеі. Праз 15 гадоў яна распадзецца

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 12.08.2013 11:32
Былы афіцэр савецкага ГРУ Віктар Сувораў называе Пуціна апошнім прэзыдэнтам РФ.

“Няварта баяцца Расеі. Гэтая краіна няздольная перамагчы суперніка мацнейшага, чым Грузія. У выпадку вайны расейская армія наўрад ці змагла б прайсьці нават празь Беларусь” – лічыць былы савецкі разьведчык Віктар Сувораў, які жыве ў Вялікабрытаніі.

У інтэрвію польскаму тыднёвіку „Do Rzeczy” Сувораў прагназуе распад Расеі цягам бліжэйшых 10-15 гадоў, а Ўладзіміра Пуціна называе апошнім прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі.

Галоўнымі прычынамі, якія паўплываюць на распад Расеі, Сувораў называе дыспрапорцыю паміж прадстаўнікамі рэжыму Пуціна й звычайнымі расейцамі, этнічныя канфлікты, рэгіянальную канкурэнцыю, алькагалізм і кітайскае нашэсьце ў Сібіры.

Віктар
Віктар Сувораў.

- Праз 10-15 гадоў Сібір ужо ня будзе часткай Расеі. Яна яшчэ не належыць Кітаю, але ўжо нельга сказаць, што яна належыць Расеі. Расейцы складаюць там такі самы працэнт насельніцтва, як калісьці брытанцы ў сваіх афрыканскіх калёніях, - лічыць Сувораў.

Ён дадае, што ўжо сёньня сярод жыхароў Масквы расейсцы складаюць 31%, а рэшта – гэта татары, таджыкі, узбэкі, туркмэны, чачэнцы. Дарэчы, паводле былога разьведчыка, першымі ад РФ аддзеляцца менавіта татары.

- Галоўная памылка рэжыму Пуціна – гэта пераацэнка ўласных магчымасьцяў. Армія яшчэ можа ўдзельнічаць у вучэньнях, але ваяваць яна ня зможа, армія поўнасьцю дэмаралізаваная. Падчас І Сусьветнай вайны дочкі Мікалая ІІ былі ваеннымі санітаркамі. Дзеці Сталіна ў часе ІІ Сусьветнай вайны змагаліся ў шэрагах Чырвонай Арміі. Калі б вайна была сёньня, то дзяцей Пуціна й яго алігархаў імгненна б эвакуявалі, - гаворыць Сувораў.

Паводле яго, распад Расеі стане чарговай фазай распаду імпэрыі, які пачаўся ў 1991 годзе падзеньнем СССР. “20 гадоў пасьля распаду, тое, што засталося, трашчыць у швах і ў выніку гэтыя швы ня вытрамаюць” – сказаў былы афіцэр савецкага ГРУ Віктар Сувораў у інтэрвію польскаму тыднёвіку „Do Rzeczy”.

дг

tags: Расея
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт