Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт сам рамантуе свой трактар (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.01.2014 16:32
Эксцэнтрычны прэзыдэнт Уругвая Хасэ Мухіка, у якога няма ані воднага ахоўніка.

foto:
foto: wikipedia

“Gazeta Wyborcza” друкуе артыкул пра эксцэнтрычнага прэзыдэнта Уругваю Хасэ Мухіка. Дзякуючы свайму стылю жыцьця прэзыдэнт стаў бадай што адным з найбольш вядомых дзяржаўных лідараў у сьвеце. Хасэ Мухіка на днях заявіў, што ня будзе балятавацца на другі прэзыдэнцкі тэрмін. Ён плянуе пасьля прэзыдэнцтва, якое завершыцца ў лістападзе бягучага года, арганізаваць сельскагаспадарчую школу для дзяцей-сірот. 78-гадовы прэзыдэнт Уругвая жыве не ў палацы, а каля сталіцы Монтэвідэа, у сельскай мясцовасьці, у звычайнай хаце. Большасьць сваёй прэзыдэнцкай зарплаты прызначае на дабрачынныя мэты, перамяшчаецца старым, 20-гадовым “Фольксвагенам”, а таксама асабіста рамантуе свой стары трактар. У яго няма аховы, толькі на скрыжваньні вуліц каля прэзыдэнцкай хаты дзяжурыць адзін паліцыянт. Жыве з жонкай Люсіяй Тапалянскі, якая, хоць і зьяўляецца сэнатарам, таксама большасьць сваёй зарплаты аддае на гуманітарныя мэты. Дзяцей у іх няма, і таму Махіка вырашыў на пэнсіі заняцца выхаваньнем сірот.
Лёс цяперашняга прэзыдэнта Уругвая ня менш цікавы, чым яго стыль жыцьця. Ён быў у партызанах, калі краінай кіравалі дыктатары, быў некалькі разоў паранены, сядзеў у турме, зь якой выйшаў у 1985 годзе. Дарэчы, падчас барацьбы за сацыяльную справядлівасьць ён і пазнаёміўся са сваёй жонкай. Нават будучы прэзыдэнтам, Хасэ Мухіка апранаецца вельмі сьціпла й ня носіць гальштукаў. Журналісты называюць яго найбяднейшым прэзыдэнтам у сьвеце, але Мухіка з гэтым не згаджаецца. “Бедны той, хто хоча мець многа грошай. Я некалі быў шчасьлівы толькі таму, што ў мяне быў матарац”” – кажа кіраўнік дзяржавы.
Уругвайскі прэзыдэнт зьяўляецца лідарам сацыял-дэмакратычнага “Шырокага фронту”, які кіруе краінай. Дзякуючы гэтай партыі Уругвай стаў лібэральнай і сацыяльнай дзяржавай. На працягу двух тэрмінаў кіраваньня былі прынятыя законы, якія легалізавалі шлюбы паміж аднаполымі грамадзянамі, а зусім нядаўна легальнай стала марыхуана. Палітыка, якую праводзіць левы ўрад, прыносіць плёны: ва Уругваі зьменшылася колькасьць бедных людзей, павысіліся даходы, пашырылася сацыяльная апека, а краіна стала спакойнай, лібэральнай і сьвецкай дзяржавай Лацінскай Амэрыкі, паведамляе “Gazeta Wyborcza”.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт