Logo Polskiego Radia
Print

Расея рыхтуецца да вайны?

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 28.03.2014 09:00
Міністар абароны адмаўляе, але рашэньне за Пуціным.
fot. PAP/EPA Sergei Chirikov


Амэрыканская выведка папярэджвае, што расейцы канцэнтруюць буйныя сілы на мяжы з Украінай, піша "Gazeta Wyborcza". Сытуацыя прыгадвае манэўры лета 2008 года, калі расейскія войскі пасьля нібыта заплянаваных вучэньняў не вярнуліся на базу, а паехалі ў напрамку Тбілісі.

Як паведамляе тэлебачаньне CNN, выведка папярэдзіла Кангрэс ЗША і Барака Абаму, што рухі расейскага войска, якое ўжо некалькі тыдняў праводзіць вучэньні на захадзе Фэдэрацыі, вельмі падобныя на манэўры ўзброеных сіл Расеі, якія праводзіліся ўлетку 2008 года. Тады Крэмль гэтак жа рыхтаваўся да ўдару па Чачні і Грузіі.

Паводле справаздачы выведкі, расейцы сабралі ў чатырох абласьцях на памежжы з Усходняй Украінай каля 30 тысяч жаўнераў штурмавых частак. Як ацэньваюць экспэрты выведкі, гэта значна больш, чым звычайна ўдзельнічае ў вучэньнях.

Кіраўнік украінскага Цэнтру вайскова-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітрый Тымчук напісаў у Твітэры, што расейцы рыхтуюцца да наступу "на ўсім працягу нашага ўсходняга фронту - ад Чарнігава да Данецка". Тымчук нагадвае, што 23 сакавіка, калі інспэкцыя міжнародных назіральнікаў аналізавала сытуацыю ў памежных з Украінай рэгіёнах РФ, расейцы адступілі з войскам крыху на ўсход, а затым вярнуліся на ранейшыя пазіцыі. "Трэба быць поўным ідыётам, каб верыць Крамлю", - сьцьвярджае экспэрт, словы якога прыводзіць "Gazeta Wyborcza".

эб/wyborcza.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт