Logo Polskiego Radia
Print

Мядзьведзеў абмяркуе зь Мясьніковічам бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2015 год

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.10.2014 11:01
У Менску прэм'ер Расеі сустрэнецца таксама з Лукашэнкам.

Фота:
Фота: Reuters

Больш за 30 пытаньняў расейска-беларускіх адносін і саюзнага будаўніцтва будуць абмяркоўвацца ў аўторак у Менску на чарговым паседжаньні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы з удзелам прэм'ер-міністраў Расеі й Беларусі Дзьмітрыя Мядзьведзева й Міхаіла Мясьніковіча.

Як паведаміў супрацоўнік ураду Расейскай Фэдэрацыі, у рамках паседжаньня заплянаваны сустрэчы Дзьмітрыя Мядзьведзева з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама з прэм'ерам Міхаілам Мясьніковічам.

У гэтым годзе Мядзьведзеў ужо тройчы сустракаўся са сваім беларускім калегам. Падчас апошняй сустрэчы 7 кастрычніка ў Сочы бакі дамовіліся аб тым, што ў 2015 годзе для кампэнсацыі страт бюджэту Беларусі ад падатковага манэўру ў нафтавай галіне РФ усе пошліны ад нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца ў Беларусі з расейскай нафты й пастаўляюцца ў трэція краіны, будуць залічвацца ў беларускі бюджэт.

Як паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч, аб'ём сродкаў, які паступіць у бюджэт, будзе залежаць ад коштаў і аб'ёмаў пастаўкі нафты ў Беларусь. Паводле яго, у 2014 годзе гэты аб'ём складзе 23 млн тон.

У цяперашні час Беларусь застаецца адным зь вядучых гандлёвых партнэраў Расеі на прасторы СНД, займаючы пятае месца сярод сусьветных гандлёвых партнэраў (пасьля КНР, Нідэрляндаў, Нямеччыны й Італіі). Разьвіцьцё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва будзе адным з галоўных пытаньняў на парадку дня сустрэчы.

Як адзначыў супрацоўнік расейскага ўрада, бакі таксама абмяняюцца думкамі аб ходзе работы над праектам Прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага разьвіцьця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую пэрспэктыву (2014-2017 гг.).

Важнае месца ў парадку дня займаюць бюджэтныя пытаньні: плянуецца вызначыць асноўныя парамэтры праекта бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2015 год, зацьвердзіць новую рэдакцыю парадку яго фарміраваньня й выкананьня.

interfax.by /аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт