Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ асудзіў прысуд Сянцову

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.08.2015 11:14
Эўразьвяз заклікае Маскву неадкладна вызваліць украінскага рэжысэра.
flickr.com/PHOTO/EU-AFP-SERVICES/ARMEND NIMANI

Эўразьвяз асудзіў прысуд рэжысэру Алегу Сянцову. Украінец быў прысуджаны расейскім судом да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў дзейнасьці ў арганізаванай тэрарыстычнай групе.

Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу па зьнешняй палітыцы Фэдэрыка Магерыні назвала прысуд парушэньнем міжнароднага права й элемэнтарных нормаў правасудзьдзя.

Кіраўнічка дыпляматыі ЭЗ заявіла, што расейскі суд ня мае паўнамоцтваў пры вынясеньні прысудаў па дзеяньнях, якія былі зьдзейсьненыя па-за межамі прызнанай міжнароднай супольнасьцю тэрыторыі Расеі. Яна нагадала, што Расея незаконна анэксавала Крым у сакавіку 2014 году.

Эўразьвяз заклікае Маскву неадкладна вызваліць Алега Сянцова й іншага ўкраінскага актывіста Аляксандра Кольчанку, прысуджанага да 10 гадоў турмы, і гарантаваць іх бясьпечнае вяртаньне ва Ўкраіну.

Нагадваем, у аўторак Паўночнакаўкаскі акруговы вайсковы суд прысудзіў Алега Сянцова да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму, а Аляксандра Кольчанку — да 10 гадоў паводле абвінавачваньня ў тэрактах і іншай падрыўной дзейнасьці ў Крыме. Яны віну не прызналі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт