Logo Polskiego Radia
Print

Высокапастаўлены ватыканскі сьвятар зьдзейсьніў камінг-аўт (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.10.2015 15:51
«Я сьвятар-гей. Я шчасьлівы й горды сьвятар-гей».
PAP/EPA/LUCIANO DEL CASTILLO

Польскі сьвятар Кшыштаф Харамса – высокапастаўлены чыноўнік Кангрэгацыі дактрыны веры Ватыкану, 3 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі ў Рыме зьдзейсьніў публічны камінг-аўт. Пры гэтым ён прадставіў свайго партнэра Эдуарда, які зьяўляецца гішпанцам, і асудзіў Каталіцкі касьцёл за «паўсюдную й сьляпую гамафобію».

/



У сваю чаргу Ватыкан апублікаваў заяву, якая адносіцца да камінг-аўту сьвятара. У паведамленьні гаворыцца, што крок Харамсы сур’ёзны й безадказны, таму ён ня можа працягваць сваю працу ў Кангрэгацыі дактрыны веры і ў папскіх унівэрсытэтах.

42-гадовы ксёндз-прэлат Кшыштаф Харамса стаў сьвятаром 18 гадоў таму. Акрамя працы ў Кангрэгацыі дактрыны веры, ён зьяўляецца таксама другім сакратаром Міжнароднай тэалягічнай камісіі й выкладчыкам папскіх унівэрсытэтаў, мае навуковы тытул доктара.

«Я сьвятар-гей. Я шчасьлівы й горды сьвятар-гей», – напісаў Харамса ў лісьце польскай штодзёнцы «Gazeta Wyborcza». Ён таксама дадаў, што за сваю радасьць і свабоду ўдзячны чалавеку, якога любіць – свайму партнэру Эдуарда.

/



«Я гей, і за гэта ні ў каго ня буду прасіць прабачэньня. Няхай прабачэньне просяць тыя хрысьціяне, якія трапілі пад уплыў агіднай гамафобіі. Мяне гэта не датычыць», – напісаў ксёндз Харамса.

Кшыштаф Харамса зьняўся ў фільме «Артыкул васямнаццаць» – першым польскім фільме пра барацьбу за правы ЛГБТ-супольнасьці на сямейнае жыцьцё.

«Я патрабую ад касьцёла, каб ён пачаў ставіцца да нас сур’ёзна, каб паглядзеў нам у вочы – так з кожным чалавекам паступаў Ісус. Я патрабую, каб касьцёл перастаў нас стыгматызаваць, выклікаць у сьвеце агіду да нас, зьневажаць нас. Сёньня я адчуваю, што я стаў сьвятаром для таго, каб заступіцца за правы гэтай пастаянна зьневажанай часткі грамадзтва й касьцёла», – напісаў Харамса ў лісьце.

/



Паводле ксяндза Харамсы, сьвятары ў сваёй большасьці «зьяўляюцца гомасэксуалістамі й паранаідальнымі гамафобамі, таму што яны паралізаваныя непрыманьнем уласнай сэксуальнай арыентацыі».



Сьвятар патлумачыў, што доўгі час ня змог бы жыць двайным жыцьцём. «Калі я закахаўся ў мужчыну, я адчуў, што як сьвятар раблюся лепшым, што я чытаю лепшыя пропаведзі, што лепш дапамагаю іншым людзям. І што я станаўлюся шчасьлівейшым», – дадаў ён.

Валеры Саўко

фота: PAP/EPA/LUCIANO DEL CASTILLO (на фота ксёндз Харамса са сваім партнэрам Эдуарда)

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт