Logo Polskiego Radia
Print

Апазыцыя просіць Эўразьвяз перазагрузіць круглы стол 1999 года

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 02.11.2015 10:50
Пяцёра беларускіх апазыцыйных лідараў зьвярнуліся да ЭЗ з просьбай перазагрузіць унутраныя перамовы наконт дэмакратычных рэформаў у Беларусі.
fot. Sylwia Mróz/PR

Як гаворыцца ў адкрытым лісьце да кіраўнікоў інстытутаў ЭЗ, блёк павінен выкарыстоўваць свой уплыў на Аляксандра Лукашэнку, каб перазагрузіць Круглы стол паміж уладай і апазыцыяй, закансэрваваны у 1999 годзе.

Беларускія палітыкі лічаць, што "перамоўны працэс", які павінен ўключаць пасярэднікаў ад АБСЭ й ад ворганаў ЭЗ, можа "пашырыць прастору свабоды" для рэфармістаў.

Яны таксама заклікалі ЭЗ патрабаваць лепшых стандартаў у Беларусі падчас парлямэнцкіх выбараў у наступным годзе, напрыклад, шляхам прыняцьця апазыцыянэраў у выбарчыя камісіі й забесьпячэньня "адкрытага й празрыстага" падліку галасоў.

Ліст прыйшоў у пятніцу, пасьля таго, як ЭЗ прыпыніў на чатыры месяцы санкцыі супраць Лукашэнка й ягонага атачэньня.

Зварот падпісалі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч. Тацьцяна Караткевіч і Аляксандр Мілінкевіч падпісваць зварот адмовіліся. Апошні, паводле яго самога, з-за таго, што “пакінуў палітыку”.

У 1999 годзе пры дапамозе кансультатыўна-назіральнай місіі АБСЭ пад кіраваньнем Ханса Георга Віка была спроба наладзіць дыялёг паміж афіцыйнам Менскам і беларускай апазыцыяй. Мэтай перамоваў павінен быў стаць рэгулярны доступ апазыцыйных партый да сродкаў масавай інфармацыі, дэмакратычныя рэформы парлямэнта, сапраўды свабодныя й справядлівыя выбары, спыненьне перасьледу палітычных апанэнтаў на аснове Крымінальнага кодэкса і адміністрацыйнага судаводства. Аднак гэтая спроба пацярпела фіяска.

euobserver.com/дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт