Logo Polskiego Radia
Print

Мікола Рабчук: Наша скура – гэта нашая мова

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.12.2015 15:55
  • Мікола Рабчук Наша скура – гэта нашая мова.mp3
«Дзесяцігодзьдзі жыцьця ў СССР мільёнам беларусаў і ўкраінцаў убівалі ў галовы міт, што іх мова – цывілізацыйна ніжэйшая, мова «нэграў».
Прафэсар Мікола Рабчук на прэзэнтацыі кнігі "Украіна. Посткаляніяльны сындром" у Варшаве. Прафэсар Мікола Рабчук на прэзэнтацыі кнігі "Украіна. Посткаляніяльны сындром" у Варшаве.

Непавага шматлікіх беларусаў і ўкраінцаў да сваёй мовы і культуры вынікае з комплексу непаўнавартасьці, выхаванага за доўгія дзесяцігодзьдзі знаходжаньня ў Расейскай Імпэрыі ды СССР. Пра гэта заявіў у Варшаве ўкраінскі культуроляг і палітычны аналітык Мікола Рабчук прадстаўляючы сваю кнігу «Украіна. Посткаляніяльны сындром». Што такое посткаляніяльны сындром і як зь ім змагацца? На гэтую тэму з прафэсарам Рабчуком размаўляў Аляксандар Папко.

Спадар Мікола, чаму сёньня, калі нашай сталіцай не зьяўляецца Масква, калі няма савецкага КДБ, які саджае за «нацдэмаўшчыну», вялікая частка беларусаў надалей перакананая, што ўласная мова і культура – гэта «калгас», а тыя, хто стараецца яе распаўсюджваць – гэта «фашысты», «фрыкі» ды «няўдачнікі»? У чым заключаецца посткаляніяльны сындром і чаму ён узьнік?

М. Рабчук: Спачатку трэба растлумачыць фэномэн каляніялізму. Каляніялізм – гэта ня толькі захоп тэрыторыі і падпарадкаваньне мясцовага насельніцтва. Гэта вельмі складаны псыхалягічны працэс. Дасканалы каляніялізм заключаецца ў тым, каб пераканаць падпарадкаваных людзей, што яны зьяўляюцца цывілізацыйна ніжэйшымі. Пераканаць іх у тым, што іхняя культура ніжэйшая, што іхняя мова – прымітыўная, што яны зьяўляюцца людзьмі другога гатунку. Структурна такія стасункі паміж падпарадкаванымі й калянізатарамі абсалютна адпавядаюць расізму. Толькі ва ўмовах Украіны ці Беларусі гэты расізм не такі відавочны, бо мы ня маем чорнай скуры. Нашай скурай зьяўляецца мова. З пункту гледжаньня калянізатараў мы размаўляем «чорнай» мовай і таму мы – горшыя.

Удзельнікі
Удзельнікі прэзэнтацыі: былы міністар замежных справаў Украіны Андрэй Дэшчыца і былы эўрадэпутат Павал Коваль


А чаму пагардлівы і агрэсіўны стасунак да роднай мовы захаваўся? Жыхары ўскраінаў былой імпэрыі паверылі ў ніжэйшасьць сваёй культуры і хочуць быць «белымі»?

М. Рабчук: Безумоўна. Каляніяльныя мэханізмы дзейнічаюць такім чынам, што прышчэпліваюць калянізаваным пачуцьцё непаўнавартасьці. Яны пачынаюць глядзець на сябе вачыма калянізатара. Яны засвойваюць гэты погляд, пачынаюць зьневажаць самі сябе. Яны прымаюць перакананьне пра сваю непаўнавартасьць. Яны самі сябе пачынаюць называць «хахламі» ці неяк яшчэ й ня бачыць у гэтым вялікай абразы. Сапраўднага калянізатара можа ня быць ужо дзесяткі гадоў, але застаецца «ўнутраны калянізатар». Чалавек сам сябе прыніжае і пераконвае ў сваёй непаўнавартасьці.

Як можна змагацца з такім самапрыніжэньнем, лячыць пачуцьцё непаўнавартасці?

М. Рабчук: Я ня ўпэўнены, што з такімі поглядамі магчыма змагацца. Калі ў чалавека расісцкія погляды, калі ён перакананы, што ён «белы» і таму ён – «вышэйшая раса», а «чорныя» – горшыя і іхняя мова й культура горшая, то такіх людзей пераканаць нельга. Трэба выразна казаць, што яны – расісты. Мы павіны самі ствараць сваю культуру, удасканальваць перадусім сябе, выкараняць зь сябе гэтага «ўнутранага калянізатара». Мы не пераможам у спрэчцы са зьнешнім калянізатарам, калі не пераадолеем уласны комплекс непаўнавартасьці.

А як гэта зрабіць?

М. Рабчук: Перадусім праз самаасьвету. Але таксама й праз будаваньне узаемасувязяў. Псыхалягічна для чалавека вельмі важна ведаць, што ён не адзін, што ён не зьяўляецца нейкім самотным дзіваком. Маўляў, усе вакол нармальныя – «белыя», толькі ён адзін «чорны». Прычым чорны колер скуры ён выбраў сабе сам. Нашая скура – гэта мова. І зьмяніць яе колер лёгка. Стаць своеасаблівым Майклам Джэксанам можа кожны. Так што я бачу два шляхі. Першы – гэта самаадукацыя й разбудова культуры. А другі – гэта камунікацыя, разбудова сувязяў.

/


Нядаўна беларускі палітык і публіцыст Зянон Пазьняк заявіў пра тое, што ў Беларусі пачынае будавацца новая нацыя. Сярэдні кляс, гараджане ў другім-трэцім пакаленьні прыходзяць да ўсьведамленьня таго, што яны – беларусы, пачынаюць вучыць мову, далучаюцца да беларускай культуры. Ці маюць яны шанцы на посьпех? Альбо пераможа сьветапогляд, палітычныя каштоўнасьці й культура былой імпэрыі?

М. Рабчук: Мне падаецца, што ў Беларусі павольна, але фармуецца палітычная нацыя – насуперак намаганьням улады. Я маю такое ўражаньне, што грамадзтва ўсё больш прызнае сымбалічную важнасьць беларускай мовы. Нават калі на ёй не гавораць, людзі лічаць, што важна яе зьберагчы. Гэта можа быць першым крокам да адраджэньня мовы. Досьвед іншых краінаў дадае аптымізму. Нават такія безнадзейныя, здавалася б, прыклады, як мова Ўэльсу, адраджаюцца. Маладое пакаленьне, якое ня ведала валійскай мовы, актыўна яе вывучае – гэта пацьвярджае статыстыка. Гэта вельмі складаны працэс. Тут цяжка нешта прадбачыць. Шмат залежыць ад энэргічнасьці «нацыястваральнікаў». Аднак я веру ў патэнцыял Беларусі. Гэта разьвітая сучасная культура, багаты моўны рэсурс. Я ня бачу праблемы ў тым, каб беларуская мова магла існаваць.

Апошняе маё пытаньне будзе датычыць Расеі. Ці пасьля правалу праекту «Наваросіі» расейскі імпэрскі нацыяналізм сьціхне, альбо мы ўбачым новыя выбухі агрэсіўнай рыторыкі і агрэсіўныя дзеяньні супраць суседніх краінаў?

М. Рабчук: На вялікі жаль, я ня бачу прыкметаў аздараўленьня гэтай дзяржавы. Расейская нацыя хворая – у вялікай ступені зь віны элітаў, якія труцяць народ дэмагагічнымі ідэямі велічы. Я баюся, што аздараўленьне не наступіць, пакуль расейцы кардынальна не пераглядзяць сваю ідэнтычнасьць, якая заснаваная на фальшывых аксіёмах. Яна базуецца на чужой геаграфічнай тэрыторыі і на чужой гісторыі – на гісторыі Кіеўскай Русі. Павінны адбыцца кардынальны перагляд таго, што такое Расея і што значыць быць расейцам.

Дзеля гэтага трэба адмовіцца ад ілюзіяў наконт Кіеўскай спадчыны, «трыадзінага» расейскага народу. Трэба сказаць, што Расея – гэта Расея, яна мае ўласныя межы сфармаваныя пасьля распаду Савецкага Саюзу. Шлях расставаньня з імпэрскімі мітамі вельмі балючы і, на маю думку, пралягае ён праз Украіну. Каб расейцы пераглядзелі сваю імпэрскую ідэнтычнасьць і сфармавалі сучасную нацыянальную самасьвядомасьць, трэба каб яны перажылі шок. І такім шокам можа быць інтэграцыя Ўкраіны ў эўраатлянтычныя структуры – поўны выхад Украіны з гэтага мітычнага «русского мира».

Размаўляў Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт