Вашчыкоўскі: Мы ня хочам палітычных гульняў з Расеяй з-за Ту-154М
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
20.01.2016 11:09
Намесьнік кіраўніка МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскіп пасьлязаўтра накіруецца ў Маскву.
Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд ВашчыкоўскіФота: Polskie Radio
Пасьлязаўтра зь візытам у Маскву накіруецца намесьнік міністра замежных спраў Польшчы. Сустрэча на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў МЗС абедзьвюх краінаў будзе мець рабочы характар, заявіў у інтэрвію Першай праграме грамадзкага Польскага радыё кіраўнік польскай дыпляматыі Вітальд Вашчыкоўскі.
У кансультацыях прымуць удзел намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Зюлкоўскі й першы намесьнік міністра замежных спраў Расеі Ўладзімір Цітоў.
Вітальд Вашчыкоўскі дадаў, што паміж Варшавай і Масквой існуе шэраг справаў, якія патрабуюць абмеркаваньня.
Запытаны пра тое, ці рэальным зьяўляецца вяртаньне абломкаў прэзыдэнцкага Ту-154М у Польшчу яшчэ ў бягучым годзе, міністар адказаў, што па гэтым пытаньні шмат залежыць ад расейцаў і міжнароднай супольнасьці.
Вітальд Вашчыкоўскі: Тое, што расейцы ўпарта ня хочуць аддаць абломкаў самалёта, выклікае падазрэньні ў тым, што гэта мэтанакіраванае дзеяньне ў рамках палітычнай гульні. Навошта? Мы ня хочам ніякіх палітычных гульняў з расейцамі. Мы хочам высьветліць прычыны авіякатастрофы. А калі расейцы гэта ўскладняюць, то многія палякі пачынаюць падазраваць, што ім ёсьць што скрываць.
10 красавіка 2010 году пад Смаленскам разьбіўся прэзыдэнцкі самалёт Ту-154М. Загінулі ўсе ўдзельнікі польскай дэлегацыі, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі й яго жонка Марыя.
Палякі накіроўвалася ў Катынь на ўрачыстасьці з нагоды 70-й гадавіны забойства польскіх афіцэраў, якое было зьдзейсьнена функцыянэрамі НКВД.
Да гэтай пары расейскі бок ня хоча вярнуць палякам абломкаў самалёта. Яны тлумачаць гэта расьсьледаваньнем, якое працягваецца ў Расеі па справе аб авіякатастрофе.
аз