Logo Polskiego Radia
Print

Польскія працадаўцы: Дайце від на жыхарства ўкраінцам і беларусам!

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.01.2016 09:31
Для захаваньня разьвіцьця польская эканоміка патрабуе мільёнаў імігрантаў, кажуць яны.
Photo: Jeremy Segrott/flickr.com/Commercial use allowed

„Калі мы хочам захаваць цяперашнія тэмпы разьвіцьця эканомікі, то ўлічваючы бягучыя дэмаграфічныя тэндэнцыі, да 2050 году Польшча павінна прыняць да 5 мільёнаў імігрантаў”, - паведамляе Зьвяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў (поль. Związek Przedsiębiorców i Pracodawców).

Арганізацыя прапануе даць від на жыхарства ўкраінскім, віетнамскім і беларускім эканамічным імігрантам у Польшчы. А гэта амаль 1 мільён чалавек.

„Мы ня мусім вучыць іх польскай мове, даваць бясплатныя кватэры ці сацыяльную дапамогу, паколькі яны самі выдатна спраўляюцца”, - падкрэсьліваюць польскія працадаўцы ў сваёй заяве.

„Калі паглядзець на тое, што адбываецца ў Заходняй Эўропе, дзе больш за 60% імігрантаў жывуць за кошт дапамогі, то нашыя ўкраінцы ідэальныя - як нерэальная мара. Большасьць палякаў нават не ўсьведамляюць сабе, што ў Польшчы працуе каля мільёна ўкраінцаў і ніякіх праблемаў зь імі няма”, - кажа старшыня Зьвязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Цэзары Казьмерчак.

Паводле прагнозаў Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня, да 2050 году польскае насельніцтва зьменшыцца зь цяперашніх 38 млн да менш чым 34 мільёнаў чалавек.

Таму, паводле працадаўцаў, Польшча мае неадкладную патрэбу ў эканамічных імігрантах, якія будуць лёгка асымілявацца з польскім грамадзтвам. Натуральнымі кандыдатамі, паводле іх, зьяўляюцца імігранты з Украіны, Віетнаму й Беларусі.

Такі крок, паводле арганізацыі, можа прычыніцца да росту даходаў дзяржаўнага бюджэту на некалькі мільярдаў даляраў у год, практычна без выдаткаў.

zpp.net.p/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт