Logo Polskiego Radia
Print

22 гады таму ў Руандзе пачаўся генацыд

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.04.2016 14:12
Паводле розных ацэнак, было забіта ад 800 тысяч да мільёна мужчын, жанчын і дзяцей.
Наступствы генацыду ў Руандзе.Наступствы генацыду ў Руандзе.foto: commons.wikimedia.org/Frank Wolf

Сёньня спаўняюцца 22 гады з пачатку генацыду ў Руандзе. На працягу трох месяцаў радыкальныя хуту – адна з трох этнічных груп, якія насяляюць краіну, забівалі тутсі і сваіх суайчыньнікаў, якія адмовіліся ўдзельнічаць у разьні. Паводле розных ацэнак, было забіта ад 800 тысяч да мільёна мужчын, жанчын і дзяцей.

За год да гэтага масавага забойства ў сталіцу краіны Кігалі прыбылі жаўнеры міратворчай місіі ААН. На думку экспэртаў, яны таксама нясуць адказнасьць за генацыд, таму што ня здолелі прадухіліць разьню.

Найбольш людзей было забіта ў цэрквах, школах, офісах і бальніцах. Амаль усе ахвяры асабіста ведалі сваіх катаў, якія забівалі ў асноўным з дапамогай мачэтэ. Генацыд скончыўся, калі Руандыйскі патрыятычны фронт на чале зь цяперашнім прэзыдэнтам Полам Кагамэ прывёў да зьвяржэньня ўраду хуту й захапіў уладу.

Прэзыдэнтам аднак стаў прадстаўнік групы катаў Пастэр Бізімунгу. Толькі праз шэсьць гадоў Руанду ўзначаліў Пол Кагамэ.

Напружанасьць у адносінах паміж плямёнамі хуту й тутсі, якія жывуць у Руандзе, пачаліся ў 1922 годзе. Тады краіна была калёніяй Бэльгіі, якая з самага пачатку падтрымлівала палітычныя памкненьні тутсі. Акрамя гэтага, існаваў абавязак у дакумэнтах пазначаць этнічную прыналежнасьць.

Руанда атрымала незалежнасьць у 1962 годзе.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт