Logo Polskiego Radia
Print

Яраслаў Качыньскі пераабраны старшынёй ПіС

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.07.2016 12:00
Ён паабяцаў зьмяніць канстытуцыю ды прывесьці да перамогі на наступных выбарах.
Jaroslaw Kaczynski: photo - wybierzpis org plJaroslaw Kaczynski: photo - wybierzpis org pl

На кангрэсе партыі "Права й Справядлівасьць" у суботу быў абраны новы старшыня партыі. Ім стаў папярэдні лідар - Яраслаў Качыньскі. Гэта сьведчаньне даверу і згоды на тое, каб стаць сапраўдным лідарам лягеру вялікіх зьменаў, - падкрэсьліў ён.

Кандыдатуру Качыньскага падтрымалі 1008 дэлегатаў, 7 было супраць і адзін устрымаўся. Яраслаў Качыньскі быў адзіным кандыдатам на выбарах, якія адбыліся ў ходзе зьезда партыі ў суботу ў Варшаве.

Старшыня ПіС зазначыў, што прыканцы года ягоная партыя падвядзе вынікі "вялікага посьпеху ўрада" і прадставіць грамадзкасьці новыя прапановы зьменаў.

Сярод іх плян выдаткаваньня 35 мільярдаў злотых на падтрымку эканомікі. Гэта будзе вялікі інвэстыцыйны плян рэіндустрыалізацыі Польшчы, каб паскорыць яе разьвіцьцё, - сказаў Качыньскі.

Апроч таго лідар ПіС паведаміў, што партыя пачынае працаваць над новым праектам канстытуцыі, таму што цяперашні Асноўны закон не працуе, што паказала спрэчка адносна Канстытуцыйнага суду. Паводле ягоных словаў, новая канстытуцыя павінна "забясьпечыць правы народа, сувэрэнітэт, вызначыць нашы адносіны з ЭЗ".

Яраслаў Качыньскі таксама сказаў, што ПіС праэўрапейскі, але хоча Эўропы народаў, багатай разнастайнасьцю культур, цывілізацыйных дасягненьняў асобных краін. Ён таксама падкрэсьліў, што ПіС мае ўсе шанцы на перамогу на наступных выбарах, але пры выкананьні дзьвюх умоў: па-першае, выкананьня дадзеных выбарцам абяцаньняў, а, па-другое, што ўрад ПіС будзе пярэчаньнем папярэдніх урадаў.

PR/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт