Logo Polskiego Radia
Print

Жонка прэзыдэнта Польшчы будзе атрымліваць грошы за быцьцё Першай лэдзі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 19.07.2016 10:38
Актуальная Першая лэдзі Агата Корнхаўзэр-Дуда будзе атрымліваць 3 тыс. эўра зарплаты штомеяц.
Prezydent Andrzej Duda z małżonką Agatą Kornhauser-DudąPrezydent Andrzej Duda z małżonką Agatą Kornhauser-Dudąwww.prezydent.pl

Жонка прэзыдэнта Польшчы (альбо муж у выпадку, калі ў будучыні кіраўніком краіны будзе выбраная жанчына) будзе атрымліваць зарплату за тое, што зьяўляецца Першай лэдзі. Адпаведны законапраект сёньня паступіць на разгляд у польскі Сэйм. Закон хутчэй за ўсё будзе прыняты без праблем, таму што ідэю прызначэньня зарплата мужу/жонцы прэзыдэнта падтрымлівае як кіруючая партыя, так і апазыцыя.

Ідэя прызначыць зарплату спадарожніку жыцьця галавы дзяржавы зьявілася ўжо даўно. Яе прыхільнікі аргумэнтуюць гэта тым, што жонка прэзыдэнта Польшчы звычайна не працуе, паколькі пратакольныя пытаньні й дабрачынная дзейнасьць не дазваляюць гэтага рабіць з-за адсутнасьці часу. А паколькі няма зарплаты, то ня плацяцца таксама ўзносы ў сацыяльны фонд, і ў выніку пэнсія жонкі лідара будзе меншай. Пры гэтым сума атрымліваецца сурʼёзнай, калі ўзяць пад увагу, што тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у Польшчы складае 5 гадоў (Аляксандар Квасьнеўскі займаў пасаду 10 гадоў – два прэзыдэнцкія тэрміны).

Такім чынам, актуальная Першая лэдзі Агата Корнхаўзэр-Дуда будзе атрымліваць максымальна 13 тыс. 540 злотых зарплаты штомесяц (крыху больш за 3 тыс. эўра). Былыя Першыя лэдзі Данута Валэнса, Яланта Квасьнеўская й Анна Камароўская, згодна законапраекту, атрымлівалі б 10 тыс. 156 злотых пажыцьцёвай зарплаты (каля 2 тыс. 300 эўра).

Паводле законаў Польшчы, былыя прэзыдэнты краіны пажыцьцёва атрымліваюць зарплату ў памеры 20 тыс. 137 злотых (4 555 эўра). Столькі ж атрымлівае й дзеючы галава дзяржавы. Акрамя таго, за былымі лідарамі краіны пажыцьцёва захоўваецца права на фінансаваньне зь бюджэту дзяржавы невялікага офісу, аўтамабіля зь кіроўцам і аховы.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт