Logo Polskiego Radia
Print

«Мы заклікалі людзей выходзіць на плошчы»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.08.2016 05:45
Малавядомы факт: пратэсты супраць ГКЧП у жніўні 1991 году прайшлі ня толькі ў Маскве ці Ленінградзе, але і ў Менску, Віцебску, Берасьці.
Мітынг супраць путчу ГКЧП у Менску. Фотаздымак Уладзімера Кармілкіна з сайту vytoki.net. Мітынг супраць путчу ГКЧП у Менску. Фотаздымак Уладзімера Кармілкіна з сайту vytoki.net. Уладзімер Кармілкін/vytoki.net

25 год таму кіраўніцтва Савецкай Арміі і КДБ пайшло на вайсковы пераварот, які павінен быў вярнуць уладу ў рукі КПСС й спыніць распад Савецкага Саюзу. У выніку жнівеньскі пуч 1991 году стаў апошнім цьвіком у труну савецкай імпэрыі. Пасьля яго паразы была забароненая Камуністычная партыя, а саюзныя рэспублікі адна за адной абвясьцілі незалежнасьць ад Крамля. Адстаяць свабоду ўдалося шмат у чым дзякуючы таму, што ў Маскве тысячы людзей выйшлі абараняць дэмакратычна абраны расейскі парлямэнт ад танкаў путчыстаў. Аднак супраць перавароту выступілі ня толькі ў Маскве, але і ў Менску, Ленінградзе, Кіеве ды іншых гарадах. Што адбывалася ў Беларусі ў тыя тры дні, якія радыкальна паскорылі гісторыю і зьмянілі лёс сьвету? Пра гэта нам расказваюць удзельнікі падзеяў – былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР Сяргей Навумчык і Станіслаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага савету БССР, сустрэў 19 жніўня 1991 году на лецішчы. Пра тое, што ў Маскву ўведзеныя танкі, а сілавікі аб’явілі пра стварэньне Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы (ГКЧП) спадар Станіслаў даведаўся зь перадачы Радыё «Свабода» – і адразу прымчаўся ў Менск.

С. Шушкевіч: Я зразумеў, што гэта контррэвалюцыя, спроба вярнуць савецкія парадкі. Я вярнуўся ў Менск, зьвярнуўся да Дземянцея з патрабаваньнем, каб ён сабраў сэсію Вярхоўнага Савету. Ён меў на гэта права як старшыня Вярхоўнага Савету. Ён адмовіўся. Зьявіўся Зянон Пазьняк. Ён таксама патрабаваў склікаць сэсію, але Дземянцея нам пераканаць не ўдалося. Сэсія сабралася значна пазьней.

Выступ
Выступ Зянона Пазьняка на мітынгу ў жніўні 1991 году. Фотаздымак Уладзімера Кармілкіна з сайту vytoki.net.


Танкаў на вуліцах беларускай сталіцы не было, але на вакзал для арышту праціўнікаў савецкага ладу былі падагнаныя закратаваныя вагоны – распавядае тагачасны дэпутат фракцыі Беларускага народнага фронту ў Вярхоўным Савеце БССР Сяргей Навумчык. У першы ж дзень перавароту дэпутаты БНФ падпісалі заяву з асуджэньнем путчу і заклікалі людзей да пратэстаў.

С. Навумчык: Ужо ў першы дзень путчу – 19 жніўня мы сабраліся ў 363-м пакоі Дому Ўраду, дзе зьбіралася апазыцыя БНФ. Мы прынялі заяву, у якой асуджалі путч. Мы заявілі, што ГКЧП неканстытуцыйны, што гэта дзяржаўны пераварот. Мы заклікалі ўлады выконваць Канстытуцыю і адначасна заклікалі людзей выходзіць на плошчы.

Дэпутат
Дэпутат Сяргей Навумчык выступае на мітынгу супраць путчу ГКЧП. Фотаздымак Уладзімера Кармілкіна з сайту vytoki.net.


Ужо ўвечары 19 жніўня 1991 некалькі соцень чалавек сабраліся на мітынг на плошчы Незалежнасьці, якая тады яшчэ называлася плошчай Леніна. На наступны дзень на мітынг выйшлі ўжо тысячы.

С. Навумчык: Людзі выходзілі на плошчы ня толькі ў Менску, але і ў Віцебску, Берасьці, Наваполацку. А Гомельскі гарадзкі савет народных дэпутатаў нават прыняў рэзалюцыю з асуджэньнем путчыстаў.

Ужо раніцай 21 жніўня войскі пачалі выходзіць з Масквы, а ўвечары кіраўніцтва ГКЧП было арыштаванае. Спроба аднавіць камуністычную дыктатуру правалілася.

Мітынг
Мітынг супраць путчу ГКЧП у Менску. Фотаздымак Уладзімера Кармілкіна з сайту vytoki.net.

24 жніўня была скліканая пазачарговая сэсія Вярхоўнага савета БССР. На наступны дзень пераважная большасьць дэпутатаў прагаласавала за тое, каб надаць Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце ад 27 ліпеня 1990 году статус канстытуцыйнага закону. Параза путчу настолькі дэмаралізавала камуністаў, якія ўсё яшчэ дамінавалі ў парлямэнце, што яны прагаласавалі за забарону КПСС і абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Гэта стала нечаканасьцю нават для некаторых дэмакратаў – кажа Станіслаў Шушкевіч.

С. Шушкевіч: Я нават не спадзяваўся што гэта адбудзецца. Я памятаў, зь якой цяжкасьцю прымалася гэтая дэклярацыя. А для прыняцьця закону была патрэбная канстытуцыйная большасьць. Скажу шчыра, БНФ-аўцы лепш арыентаваліся ў настроях людзей і ў настроях дэпутатаў. Нашыя мары збыліся: Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце быў наданы статус канстытуцыйнага закону.

Што было б, калі б ГКЧП перамог? Увесь Савецкі Саюз, і Беларусь у тым ліку, захлынула б хваля рэпрэсіяў. Усе дэмакратычныя рэформы былі б згорнутыя – мяркуе Сяргей Навумчык.

С. Навумчык: Цягам некалькіх месяцаў пад асфальт закаталі б усё тое, чаго ўдалося дасягнуць: і галоснасьць, і дэмакратыю. Краіна б вярнулася ў 1978-1979-ы год, а можа быць нават і ў 1937-ы.

Праціўнікаў вяртаньня да камуністычнай дыктатуры ўжо было вельмі многа – кажа Станіслаў Шушкевіч. Цэлыя рэспублікі заявілі пра жаданьне стаць незалежнымі. Таму перамога ГКЧП магла б скончыцца грамадзянскай вайной.

С. Шушкевіч: Гэтая хеўра магла б зрабіць многае. Я баюся, што магла б быць і грамадзянская вайна.

25-гадовы юбілей перамогі дэмакратаў і беларусы, і расейцы сустракаюць пад уладай аўтарытарных рэжымаў. Укаранёны ў савецкай мэнтальнасьці рэжым Аляксандра Лукашэнкі падаецца непахісным. Расея анэксавала Крым, разьвязала вайну ва Ўкраіне, там у адкрытую праслаўляюць часы савецкай імпэрыі. Многім падаецца, што тыя, хто абараняў свабоду ў 1991 годзе, прайгралі.

Мітынг
Мітынг супраць путчу ГКЧП у Менску. Фотаздымак Уладзімера Кармілкіна з сайту vytoki.net.

«Не, мы не прайгралі, а перамаглі»,– цьвёрда кажа Сяргей Навумчык. Беларусь застаецца незалежнай краінай. Параза путчу прывяла да зьнікненьня камуністычнага рэжыму, які панаваў больш за 70 гадоў і мог бы выстаяць, як ён выстаяў у Кітаі ці Паўночнай Карэі. «Камунізму няма, а мы маем незалежнасьць. Гэта па-сапраўднаму гістарычнае дасягненьне», – падкрэсьлівае былы дэпутат.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт