Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт Дуда: Польская падпольная дзяржава была фэномэнам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.09.2016 08:27
Палякі адзначылі 77-ю гадавіну ўзьнікненьня Польскай падпольнай дзяржавы.
Photo:PAP/Marcin Obara

„Польская падпольная дзяржава была спосабам на захаваньне пераемнасьці польскай дзяржаўнасьці й нацыянальнай самаідэнтычнасьці нацыі”, - напісаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў лісьце, накіраваным да ўдзельнікаў цэнтральных урачыстасьцяў з нагоды 77-й гадавіны ўзьнікненьня Польскай падпольнай дзяржавы, якія адбыліся ля помніка арганізацыі ў Варшаве. Ліст да ўдзельнікаў урачыстасьцяў накіравала таксама прэм’ер Бэата Шыдла.

Мерапрыемствы з нагоды гадавіны адбыліся таксама ў іншых гарадах Польшчы.

Старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк нагадаў, што Польскую падпольную дзяржаву стваралі людзі, якія вырасьлі на міфе Паўстаньня 1863 года. „Паўстаньне перамагло толькі ў даўжэйшай пэрспэктыве, паколькі прычынілася да захаваньня ідэі барацьбы за свабоду”, - сказаў Шарэк.

Польская падпольная дзяржава – унікальнае ў сьвеце ўтварэньне, якое дзейнічала ў 1939-1945 гадах. Яно мела адміністрацыйную структуру, адукацыйную сыстэму, дзяржаўную службу й нават вайсковыя фармаваньні. Арганізацыйна дзяржаўная структура падзялялася на вайсковую частку, якую стварала Армія Краёва, і адміністрацыйна-тэрытарыяльную вэртыкаль, у межах якой працаваў урад.

Дзейнасьць Польскай падпольнай дзяржавы падчас Другoй Сусьветнай вайны мела на мэце захаваньне й разьвіцьцё духу польскага народу, а таксама актыўны супраціў акупантам.

Дзень Польскай падпольнай дзяржавы быў устаноўлены парлямэнтам Польшчы 11 верасьня 1998 г. У тым жа годзе ўпершыню адбылося ўшанаваньне памяці яе дзеячоў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт