Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь рыхтуе маштабную візавую лібэралізацыю

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.10.2016 00:07
  • Беларусь рыхтуе маштабную зьнешнепалітычную лібэралізацыю.mp3
Перамога ў нафтагазавай вайне з Расеяй – не апошні посьпех Менска на зьнешнепалітычнай арэне. Рыхтуюцца іншыя – перакананы палітоляг.
pixabay.com

Сёньняшні выпуск «Палітычнага люстэрка» будзе прысьвечаны перш за ўсё перамогам беларускай зьнешняй палітыкі. У апошнія 7 дзён скончылася шматмесячная нафтагазавая спрэчка Масквы й Менска, шэф беларускай дыпляматыі Уладзімер Макей наведаў сталіцу Польшчы, а міліцэйскае ведамства заявіла пра намер падпісаць дамову па міграцыі з Эўразьвязам. Хто стаў трыюмфатарам у чарговай нафтагазавай вайне? Што атрымае Менск ад супрацоўніцтва з Варшавай? І навошта Лукашэнка захацеў зьмяніць канстытуцыю? На гэтыя пытаньні Аляксандра Папко адказвае экспэрт Цэнтру Астрагорскага палітоляг Рыгор Астапеня.

Перамога ў газавай вайне атрыманая, аднак цана яе пакуль невядомая

Нафтагазавая вайна, якая цягнулася з траўня, завершаная. Пра гэта 10 кастрычніка заявілі прадстаўнікі Расеі й Беларусі. Масква аднаўляе пастаўкі нафты ў поўным абʼёме, а Менск адмаўляецца ад павышэньне цэнаў на транзыт расейскага паліва. Хто ж у выніку перамог у энэргетычным канфлікце, які каштаваў Беларусі каля 0,3% ВУП?

Рыгор Астапеня: Як і чакалася, перамогу атрымалі ўлады Беларусі, але яна аказалася не такой лёгкай і не такой прыбытковай, як яны спадзяваліся. З аднаго боку, мы чуем, што быў створаны мэханізм «міжбюджэтнай кампэнсацыі», якую Расея будзе плаціць Беларусі. Але з другога боку – мы так і не даведаліся, якая будзе выніковая цана газу з улікам гэтай кампэнсацыі. Невядома, ці атрымаецца яна настолькі нізкай, як хацеў урад Беларусі.

Па-другое, невядома, як пройдзе аднаўленьне паставак нафты ў Беларусь – гэта значыць ці будзе пастаўленае паліва, якое недапасатвілі цягам апошніх 4 месяцаў. Трэцяе пытаньне, на якое пакуль не далі адказу – гэта пытаньне пра тое, якім чынам будзе функцыянаваць супольны рынак электраэнэргіі, каторы Беларусь паабяцала стварыць разам з Расеяй узамен за выкарыстаньне мэханізму міжбюджэтнай кампэнсацыі.

Лукашэнку захацелася стаць Пуціным, а «Белай Русі» – «Адзінай Расеяй»?

7 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка выступіў перад дэпутатамі старога й новага скліканьня Палаты прадстаўнікоў. Падчас прамовы ён паўтарыў свае звычайныя тэзісы пра тое, што «беларуская апазыцыя ня мае падтрымкі, бо вельмі далёкая ад народу», і пра тое, што народ «не гатовы» да эканамічных рэформаў. Аднак адна новая ідэя ў яго прамове прагучала – гэта ідэя ўнесьці зьмены ў Канстытуцыю. У якім кірунку яе зьбіраецца зьмяніць Лукашэнка й навошта?

Рыгор Астапеня: Шчыра кажучы, чуткі пра гэта я ўпершыню пачуў паўгода таму. Гаворка вялася пра тое, што Аляксандар Лукашэнка хоча павялічыць прэзыдэнцкі тэрмін да 7 гадоў. Канешне, у гэтым ня так шмат сэнсу, бо мы ведаем, як у Беларусі праходзяць выбары. Другая частка гэтых чутак датычылася таго, што «Белая Русь» вельмі просіць стаць палітычнай партыяй. Таму яна хацела б рэфармаваць Палату прадстаўнікоў. «Белай Русі хочацца, каб парлямэнт меў большыя паўнамоцтвы й каб выбары туды адбываліся хаця б часткова паводле прапарцыйнай сыстэмы. Калі ўсе гэтыя чуткі праўда, то палітычная сыстэма ў Беларусі можа зьмяніцца. Намэнклятура ў выглядзе «Белай Русі» атрымае больш улады, а Аляксандар Лукашэнка атрымае даволі манархічны тэрмін кіраваньня.

Беларусь рыхтуе візавую рэвалюцыю

Беларусь і Эўразьвяз гатовыя падпісаць пагадненьне аб супрацоўніцтве ў супрацьдзеяньні нелегальнай міграцыі. Пра гэта 7 кастрычніка паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў. На наступны тыдні ў Люксэмбург з гэтай мэтай адправіцца міністар унутраных справаў Беларусі Віктар Шуневіч. Колькі грошай беларускі ўрад можа выручыць за тое, што паабяцае Захаду запэўніць «стабільнасьць і бясьпеку»?

Рыгор Астапеня: Гаворка можа весьціся пра вельмі вялікія сумы. Мадэрнізацыя памежных пераходаў каштуе шмат. Плюс да гэтага, трэба набыць адпаведную тэхніку для памежнікаў і мытнікаў – і ня толькі на мяжы, але і ў міністэрствах. У дадатак, Беларусь так і не адмовілася ад малога памежнага руху з Польшчай. Таму памежныя пераходы будуць разбудаваныя ледзь не ў некалькі разоў, што патрабуе вялікіх інвэстыцыяў. Аднак я б паглядзеў на гэты працэс шырэй. Беларусь рыхтуе сапраўдную візавую рэвалюцыю – лібэралізацыю візавага рэжыму для замежнікаў. Таму падпісаньне гэтага пагадненьня ня варта разглядаць толькі ў кантэксьце жаданьня Менска атрымаць грошы. Гэта частка шырэйшага працэсу візавай лібэралізацыі ў Беларусі.

Беларусь і Польшча набліжаюцца да вырашэньня «сур'ёзных пытаньняў»

10 кастрычніка адбылася чарговая знакавая падзея ў пацяпленьні польска-беларускіх стасункаў. Па запрашэньні міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага ў Варшаву прыехаў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Міжнароднае супрацоўніцтва, малы памежны рух, міграцыя ды эканамічныя адносіны сталі галоўнымі тэмамі сустрэчы. Макей перадаў Вашчыкоўскаму важны гістарычны дакумэнт – «сьпіс палякаў, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі». З якімі мэтамі вядуць дыялёг Беларусь і Польшча? Што ў будучыні атрымае кожны з бакоў?

Рыгор Астапеня: Я думаю, ўсе тэмы перамоваў поўнасьцю супадаюць з рэальнымі мэтамі як Беларусі, так і Польшчы. Абедзьве краіны хацелі б мець больш эканамічнай выгады і палітычнага даверу. Мы назіраем звычайную нармалізацыю дачыненьняў паміж краінамі. Гэтая нармалізацыя зьяўляецца першай прыступкай, каб вырашаць куды больш палітызаваныя справы. Польшча хацела б палепшыць становішча польскай меншасьці ўнутры Беларусі, а Беларусь хацела б знайсьці буйнога пакупніка для электраэнэргіі, якую будуць вырабляць на Беларускай АЭС.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт