Logo Polskiego Radia
Print

Польшча можа купіць францускія падводныя лодкі "Scorpene"

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 13.10.2016 18:16
  • France.mp3
Толькі Францыя прапануе падводныя лодкі разам з крылатымі ракетамі.
Падводная лодка францускай вытворчасьці тыпу "Скарпэн" (Scorpene)Падводная лодка францускай вытворчасьці тыпу "Скарпэн" (Scorpene)commons.wikimedia.org/Mak Hon Keong/CC BY-SA 3.0

Польшча адмаўляецца ад куплі шматмэтавых верталётаў францускай вытворчасьці «Каракал» (Caracal), якія вырабляе канцэрн Airbus. Пра гэта мы ня раз паведамлялі. Рашэньне афіцыйнай Варшавы моцна раззлавала французаў. І вось, прэм’ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла заявіла, што неўзабаве Варшава запрапануе Парыжу супрацу ў галіне ВПК. Паводле кіраўніка Кабінэту міністраў, Польшча магла б супрацоўнічаць з Францыяй у галіне інвэстыцый, а таксама купляць францускую ваенную тэхніку і ўзбраеньне.

Нагадаем, афіцыйная прычына сарваньня кантракту гэта тое, што не ўдалося дамовіцца з вытворцам верталётаў. Наконт неафіцыйнай прычыны СМІ высоўваюць розныя вэрсіі, але ані адна так і не была пацьверджаная хоць бы ў мінімальнай ступені.

Францускія камэнтатары вельмі эмацыйна падышлі да рашэньня Варшавы, назваўшы гэта «здрадай», «ударам нажом у сьпіну» й «прыніжэньнем Францыі».

Зьдзіўленьня не павінна быць, паколькі палякі плянавалі прызначыць на пакупку шматмэтавых верталётаў ажно 13,5 млрд злотых (больш за 3 млрд 100 млн эўра). Такім чынам, заява прэмʼера Польшчы Бэаты Шыдла можа крыху супакоіць сытуацыю ды залагодзіць напружаныя адносіны паміж Парыжам і Варшавай.

Калі тое, што казала прэмʼер Шыдла, гэта праўда, а не піар-ход, то ў якіх галінах ВПК Францыя й Польшча маглі б супрацоўнічаць? Поле да супрацы вельмі шырокае, але перш за ўсё гэта ваенна-марскія сілы, кажа нам галоўны рэдактар штомесячніка «Raport Wojsko Technika Obronność» Міхал Лікоўскі (Michał Likowski).

Міхал Лікоўскі: Перш за ўсё патэнцыйным абшарам супрацы зьяўляецца ваенна-марская тэхніка: наводныя караблі й падводныя лодкі. І ў гэтым выпадку французы прапануюць Польшчы тры падводныя лодкі разам з крылатымі ракетамі, якія запускаюцца з тарпэдных шахтаў. Гэта падводныя лодкі тыпу «Скарпэн» (Scorpene) і ракеты NCM. Кошт гэтай праграмы можна ацаніць у мільярды эўра, таму што падлодкі – гэта адны з найдаражэйшых і найбольш складаных тыпаў узбраеньня. Гэта першае, што мне прыходзіць у галаву.
Акрамя таго, Францыя магла б прапанаваць наводныя караблі. Больш за тое, надалей застаецца адкрытым пытаньне ўдарных верталётаў. Французы прапануюць верталёты «Эўракоптэр Тайгер» (Eurocopter Tiger), якія выпускае канцэрн Airbus. Польшча плянуе закупіць 32 ударныя верталёты. Хутчэй за ўсё іх будзе менш, але кошт такога кантракту можа раўняцца кошту кантракта на 50 шматмэтавых верталётаў.

Вяртаючыся да тэмы падводных лодак... Польшча плянуе закупіць падлодкі, але сваю прадукцыю таксама прапануюць немцы й швэды. Якія шанцы ў гэтым тэндэры мелі б французы?

Міхал Лікоўскі: Францыя – гэта адзіная дзяржава, якая можа выканаць адну з умоў Польшчы, а менавіта, пастаўка разам з падлодкамі крылатых ракет, які будуць на іх базіравацца. У сувязі з гэтым французы ў гэтым пытаньні могуць быць лідарам, а падводныя лодкі могуць быць закупленыя не на падставе тэндэра, а шляхам перамоў з вытворцам. Нагадаю, што ніводзін іншы магчымы вытворца ня ў стане паставіць такое ўзбраеньне разам з падлодкамі.

Польшча неўзабаве аб’явіць тэндэр на самалёты для перавозкі важнейшых пэрсон у дзяржаве. Адным з фаварытаў зьяўляюцца машыны «Фалькон» (Falcon), якія выпускае францускі канцэрн «Дасо» (Dassault). Ці ў гэтым выпадку французы маюць шанцы?

Міхал Лікоўскі: Канешне, таму што гэта вельмі добрыя рэактыўныя адміністрацыйныя самалёты, адны з найлепшых у сваёй катэгорыі. Але адміністрацыйны самалёт прыйдзецца выбіраць праз тэндэр, паколькі канкурэнты могуць запрапанаваць лепшыя ўмовы.

Француская вайсковая тэхніка й зброя добра вядомая ў сьвеце, але яна ня самая танная. Для прыкладу, танк «Леклерк» (Leclerc) лічыцца найдаражэйшым у сьвеце асноўным баявым танкам.

Міхал Лікоўскі: Тут крыху іншая сытуацыя... Танк «Леклерк» сапраўды найдаражэйшы, але толькі таму, што ён поўнасьцю кампутарызаваны: іншай такой машыны ў сьвеце не існуе. Але іншая француская тэхніка і ўзбраеньне я б не сказаў, што вельмі дарагія: яны часта выігрываюць тэндэры ў іншых краінах і перамагаюць канкурэнцыю, у тым ліку і ў цэнавым пляне.

Такім чынам, Польшча адмовілася ад верталётаў «Каракал», але нельга выключыць, што ў імя таго, каб не злаваць адну з важнейшых эўрапейскіх дзяржаў, вырашыцца на іншы кантракт з Парыжам. Для прыкладу, купіць лодкі «Скарпэн». Тым больш, што яшчэ раней францускія падлодкі разглядаліся як фаварыт магчымага тэндэру. Тое ж самае датычыць самалётаў «Фалькон».

Камэнтатары таксама зьвяртаюць увагу на іншы аспэкт француска-польскага канфлікту. Найбольшы націск на Парыж, каб Францыя не прадавала Расеі дэсантныя караблі «Містраль» (Mistral), аказвала менавіта Польшча. Французы згадзіліся, і цяпер Парыж гэтую карту можа палажыць на стол у якасьці аргумэнта падчас чарговых перамоў з Варшавай на тэму паставак ваеннай тэхнікі.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт