Logo Polskiego Radia
Print

Прадстаўнікі Польшчы й Беларусі ўсклалі кветкі на магілу Тамаша Зана

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.10.2016 17:34
Памяць заснавальніка таварыства філяматаў ушанавалі амбасадар Конрад Паўлік і дырэктар Нацыянальнага музэю гісторыі Беларусі Сяргей Вечар.
Тамаш Зан, партрэт пэндзьля Валянціна ВаньковічаТамаш Зан, партрэт пэндзьля Валянціна Ваньковічаwikimedia commons

У вёсцы Смаляны Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці амбасадар Польшчы й прадстаўнікі мясцовых уладаў ушанавалі памяць паэта Тамаша Зана. Урачыстасьць была прымеркаваная да 220 гадавіны народзінаў паэта.

Амбасадар Польшчы Конрад Паўлік заявіў, што вельмі ўсьцешаны тым, што беларусы захоўваюць памяць пра вядомага ў Польшчы паэта, сябра Адама Міцкевіча й Яна Чачота, заснавальніка таварыства філяматаў. Ён падзякаваў мясцовым уладам за тое, што даглядаюць магілу Тамаша Зана.

Дырэктар Нацыянальнага музэю гісторыі Беларусі Сяргей Вечар, прысутны на цырымоніі, зазначыў, што веды пра паэта-рамантыка трэба пашыраць у Беларусі. Ён паведаміў, што міністэрства культуры разгледзіць пытаньне ўшанаваньня памяці Тамаша Зана ў вёсцы Какоўчына (Кахачын), дзе знаходзіўся маёнтак Занаў.

Тамаш Зан (1796-1855) быў паэтам-рамантыкам, адным са стваральнікаў таварыства філяматаў. За ўдзел у антыцарскім вызвольным руху быў сасланы на Ўрал, дзе праводзіў геалягічныя дасьледаваньні. Пасьля сямігадовай ссылкі вярнуўся на Радзіму. Тамаш Зан першым з кола віленскіх паэтаў пачаў актыўна вывучаць беларускую народную творчасьць.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт