Logo Polskiego Radia
Print

Польшча стварае асобны род войск

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.10.2016 07:58
Мінабароны Польшчы лічыць гэта неабходнасьцю з-за "неспакойнай геапалітычнай сытуацыі".
Жаўнеры Войска ПольскагаЖаўнеры Войска Польскагаwww.flickr.com/Piotr Drabik

Сёньня, у аўторак 25 кастрычніка, на разгляд урада Польшчы паступіць законапраект аб Вайсковай тэрытарыяльнай абароне (Wojskowa Obrona Terytorialna). Праект падрыхтавала Міністэрства нацыянальнай абароны. Ён знаходзіцца пад асабістым кантролем міністра Антоні Мацярэвіча.

У ВТА можа ўступіць кожны грамадзянін Польшчы, якому споўнілася 18 гадоў і які здольны для нясеньня вайсковай службы. У абарону будуць таксама прымаць жанчын адпаведных спэцыяльнасьцей, напрыклад, лекараў. Паводле праекту, ВТА ствараецца для рэагаваньня "у крызысных сытуацыях, для барацьбы з дывэрсантамі, для антытэрарыстычных і антыдэзінфармацыйных дзеяньняў". Тэрытарыяльная абарона ствараецца як асобны род войск, але ў выпадку крызыснай сытуацыі павінна будзе ўзаемадзейнічаць з рэгулярнай арміяй.

Для патрэб ВТА будзе закупленая зброя й тэхніка. У бліжэйшыя гады на гэтыя мэты й на функцыянаваньне ВТА плянуецца выдаткаваць 3,5 млрд злотых (амаль 800 млн эўра). Штомесяц жаўнер ВТА будзе атрымліваць ад дзяржавы 500 злотых (каля 115 эўра) за гэтак званую гатоўнасьць - быць гатовым зьявіцца па загаду ў вызначаны час і месца.

Паводле аўтараў праекту, тэрытарыяльная абарона ствараецца, паколькі ў рэгіёне "неспакойная геапалітычная сытуацыя".

Лічбу жаўнераў ВТА Мінабароны ацэньвае на 35 тыс. Плянуецца стварыць 17 брыгад: па адной у кожным ваяводзтве, а ў сталічным Мазавецкім - дзьве.

вс

здымак мае ілюстрацыйны характар

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт