Logo Polskiego Radia
Print

Варшава павялічвае колькасьць Войска Польскага

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 14.11.2016 15:13
Мінабароны Польшчы такі крок тлумачыць «неспакойнай геапалітычная сытуацыяй у рэгіёне».
Міністар Антоні Мацярэвіч (справа) і палкоўнік Веслаў Кукула (зьлева)Міністар Антоні Мацярэвіч (справа) і палкоўнік Веслаў Кукула (зьлева)PAP/Tomasz Gzell

Стварэньне Войск тэрытарыяльнай абароны (ВТА) не паўплывае нэгатыўным чынам на працэс мадэрнізацыі Войска Польскага, паведаміў міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч. Такім чынам кіраўнік ведамства пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, што стварэньне новага рода войск можа перашкодзіць у рэфармаваньні арміі краіны. Мацярэвіч зазначыў, што мадэрнізацыя Войска Польскага адбываецца паводле іншай праграмы й зь іншага бюджэту.

Камандуючы Войск тэрытарыяльнай абароны палкоўнік Веслаў Кукула (Wiesław Kukuła) сказаў, што новы род войск уяўляе сабой «лёгкую пяхоту». Паводле яго, амаль уся тэхніка і ўзбраеньне ВТА будзе польскай вытворчасьці.

Да 2019 года на стварэньне, узбраеньне й тэхніку ВТА будзе выдаткавана 3,6 млрд злотых (амаль 822 млн эўра). Да канца бягучага года ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы будуць створаныя тры брыгады тэрытарыяльнай абароны: па адной у Падляскім, Люблінскім і Падкарпацкім ваяводзтвах. Акрамя таго, па адным батальёне будзе ў гарадах Седльцэ, Беласток, Люблін і Жэшаў. Да канца бягучага году ў ВТА будзе служыць каля 3 тыс. жаўнераў і афіцэраў, да канца 2017-га – 18 тыс., а ў канцы 2019-га – 53 тыс. Раней плянавалася, што новы род войск будзе налічваць 35 тыс. чалавек. Нагадаем, колькасьць Войска Польскага на сёньняшні дзень складае каля 100 тыс. чалавек.

ВТА ствараюцца для рэагаваньня «у крызысных сытуацыях, для барацьбы з дывэрсантамі, для антытэрарыстычных і антыдэзінфармацыйных дзеяньняў». Паводле Мінабароны Польшчы, тэрытарыяльная абарона ствараецца з-за «неспакойнай геапалітычная сытуацыі ў рэгіёне».

У мірны час жаўнеры й афіцэры ВТА будуць весьці нармальнае грамадзянскае жыцьцё, аднак павінны заўсёды быць гатовымі прыбыць у вызначаны час і месца. Пэрыядычна яны будуць прымаць удзел у вучэньнях. За гэтак званую гатоўнасьць жаўнер штомесяц будзе атрымліваць ад дзяржавы 500 злотых (каля 115 эўра).

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт