Logo Polskiego Radia
Print

Віталь Гуркоў: «Ідзе трэнд адраджэньня культуры, мовы, гісторыі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.11.2016 14:41
  • Віталь Гуркоў «Ідзе трэнд адраджэньня культуры, мовы, гісторыі».mp3
«Калі беларуская культура становіцца папсой, то мне падабаецца такая папса!» – кажа вакаліст BRUTTO.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

На фэстываль «Партызан-рок», які прайшоў у Варшаве на пачатку лістапада, прыехалі гурты BRUTTO, Dzieciuki і «Крамбамбуля» – сымбалі непакорнага беларускага року. Яшчэ да нядаўна ім забаранялі выступаць у Беларусі. Аднак нядаўна гурт BRUTTO даў вялікі канцэрт у Гомелі – першы, дазволены ўладамі. Ці «чорныя сьпісы» музыкаў назаўсёды адышлі ў гісторыю? Рост цікавасьці да беларускай культуры сярод моладзі – гэта часовая мода альбо ўстойлівы трэнд? На гэтыя тэмы мы размаўляем з вакалістам гурту BRUTTO, 9-разовым чэмпіёнам сьвету па тайскім боксе і папулярызатарам беларускай мовы Віталём Гурковым.

Спадар Віталь, як вы ацэньваеце фэстываль? Як вы ацэньваеце публіку? На канцэрт прыйшло шмат людзей?

Віталь Гуркоў: Шчыра кажучы, думаў, што народу будзе значна менш. А фэстываль актуальны – на яго прыехалі гурты, якія, на жаль ня могуць выступаць у Беларусі. Таксама гэта прасоўваньне беларускай культуры. Шмат беларусаў жывуць у Польшчы, і шмат палякаў цікавяцца беларускай рок-музыкай, прыходзяць на нашыя канцэрты. Мне гэта вельмі прыемна.

Ці ваш гурт назаўсёды выкрасьлілі з «чорных сьпісаў», і ці будуць яны поўнасьцю адмененыя? Ці атрымаюць магчымасьць свабодна выступаць гурт Dzieciuki, музыкант Зьміцер Вайцюшкевіч?

Віталь Гуркоў: Я не валодаю ўсёй інфармацыяй, і мне цяжка гэта пракамэнтаваць. Напрыклад, Лявон Вольскі атрымаў «гастрольку» яшчэ гэтым летам. Яму дазволілі выступаць, былі анансаваныя канцэрты, і яны адбыліся. Не абышлося без складана сьцяў – канцэрты пераносіліся, але ж яны былі. Ня так даўно я сам раптоўна трапіў на канцэрт Лявона Вольскага з Паўлам Аракелянам у адным зь менскіх клюбаў. Гэта ня быў паўнавартасны канцэрт, але ўсё ж-такі... Гэта складанае пытаньне, на якое я не магу адказаць, з-за таго, што я ня ведаю ўсёй інфармацыі.

Скажыце: для якіх групаў, для якога пакаленьня вы сьпяваеце? Каго б вы хацелі бачыць на вашых канцэртах?

Віталь Гуркоў: Мы хацелі б бачыць усіх: ад мала да вяліка. Прыхільнікаў нашай творчасьці шмат, а ўзроставая катэгорыя вельмі вагаецца. Ня буду хаваць – гэта вельмі прыемна. Каго б мы хацелі бачыць? Канешне, заўсёды прыемна бачыць моладзь. Бо моладзь – гэта нашая будучыня.

/


Ці мае цяперашняе моладзь пазытыўны настрой? Мы – пакаленьне 30-гадовых – перажывалі свой уздым у сярэдзіне 2000-х. Затым у грамадзтве, падаецца, наступіла апатыя. Як адчуваюць сябе сёньняшнія 18-20-гадовыя? Ці іх энэргія, аптымізм, патрыятызм растуць? Ці ўсё заталося так, як было дагэтуль?

Віталь Гуркоў: Галоўнае, каб гэта быў здаровы патрыятызм. Не магу сказаць, што ўсё трымаецца на ранейшым узроўні. Можа, я хаджу ў ружовых акулярах, але я адчуваю пазытыўныя перамены. Расьце папулярнасьць моўных курсаў і нацыянальнай сымболікі. Адбываюцца рэчы, пра якія я ня мог марыць яшчэ паўгода таму. У цэнтры Менска назьбіралі 10 тысячаў подпісаў за тое, каб прызнаць нацыянальную сымболіку гістарычнай каштоўнасьцю. У пераходзе мэтро людзі свабодна вывешваюць бел-чырвона-белы сьцяг і зьбіраюць подпісы. І ніхто ім не перашкаджае! Яшчэ паўгода таму гэта магло падавацца вар’яцтвам. Нацыянальная зборная па футболе зьмяніла форму й стала «Камандай пад белымі крыламі». Што гэта? Гэта – трэнд. Гэта трэнд адраджэньня культуры, мовы, гісторыі, самасьвядомасьці. Мне падаецца, гэта ўсё разьвіваецца ў правільным накірунку. Памалу адбываюцца пазытыўныя перамены. Можна незадаволена бурчаць: «О’кей, цяпер беларуская мова й культура – гэта папса». Добра! Мне падабаецца такая папса!

/


Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт