Logo Polskiego Radia
Print

Saudades de Portugal: там, дзе будучыня жыве мінулым (ФОТАРЭПАРТАЖ)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 20.11.2016 09:11
Любоўныя ноты фаду й вабны пах бразыльскай кавы - пра гісторыю й сёньняшні дзень Партугаліі піша нашая карэспандэнтка.

Партугалія - адна з самых старажытных дзяржаў Эўропы. Штогод сюды прыяжджаюць тысячы турыстаў, каб пабалаваць сябе знакамітымі піражкамі Паштэль дэ ната (Pastel de nata), атрымаць асалоду ад некранутых пляжаў Алгарвэ й проста паблукаць па Лісабоне. Аднак многія падарожнікі, зачараваныя казачнай атмасфэрай, пакідаюць краіну з пачуцьцём недамоўленасьці. Бо мала хто ведае, што за цёплай ветлівасьцю мясцовых жыхароў і багатай гістарычнай спадчынай хаваецца мэлянхалічная настальгія па мінуламу – saudade.

Беларуская
Беларуская лялька на фоне Лісабона

Партугальскае слова saudade немагчыма перакласьці альбо апісаць на якой-небудзь іншай замежнай мове. Многія параўноўваюць гэты эмацыянальны стан з пачуцьцём тугі па радзіме - настальгіяй, што ў перакладзе са старажытнагрэцкай мовы азначае «вяртаньне дадому» (nostos) і «пакута» (algos). Але тым часам як для большасьці з нас настальгія - гэта спосаб толькі на імгненьне вярнуць чароўны вобраз дзяцінства, у Партугаліі гэтае пахмельле з сумесі пачуцьцяў мае пераважна нацыянальны характар. З пакаленьня ў пакаленьне жыхары Краіны Сьвятла (менавіта так называлі Партугалію старажытныя рымляне) перадаюць адзін аднаму веды аб былых каляніяльных посьпехах з пачуцьцём эўфарыі й лёгкага суму. Як кажуць самі партугальцы, засьпяваць гэтую оду Каханьня да Мінулага можа толькі той, хто перажыў горыч страты велічы адной зь некалі самых магутных імпэрый.

/

Экспансія партугальскіх зямель пачыналася досыць сьціпла. Яшчэ напрыканцы XIII стагодзьдзя рыбакі й дробныя гандляры з прыбярэжных гарадоў адпраўляліся ў Марока, каб наладзіць гандлёвыя шляхі. Яны шчыра верылі, што заморскія тэрыторыі зьяўляюцца працягам самой Партугаліі і ўспрымалі распаўсюджваньне свайго ўплыву як прыродную зьяву. І па меры таго, як усё больш рыбакоў стала перасякаць Гібралтарскі праліў, узрастала зацікаўленасьць Партугальскай Кароны замежнымі землямі. Таму фарміраваньне імпэрыі насіла чыста папулісцкі характар і да гэтага часу знаходзіць водгук у сьвядомасьці кожнай партугальскай сям'і.

/

На працягу двух стагодзьдзяў (XV-XVI ст.) Партугалія імкліва й непахісна пашырала межы Атлянтыкі. Яе прасторы распасьціраліся ад Афрыкі да Азіі й Лацінскай Амэрыкі. Васко Да Гама, Жуан II, Пэдру Кабрал і Барталамеу Дыяш – усе гэтыя вялікія мараплаўцы прывезьлі на радзіму ня толькі рабоў і прыродныя багацьці калёній, але праславілі некалі маленькую краіну як найбуйнейшую марскую дзяржаву.

/

Аднак у XVII стагодзьдзі, калі каляніяльнае вераломства й бязьлітаснасьць дасягнулі свайго апагею, Партугалію напаткала чарада катастрофаў. За няўдалымі паходамі (Бітва Трох Каралёў у 1578 годзе й паступовае аддзяленьне калёній) рушылі ўсьлед прыродныя катаклізмы (Вялікі лісабонскі землятрус і пажар у 1755 годзе) і барацьба з дыктатурай (праўленьне Салазара з 1932 па 1968 год). Гібель імпэрыі прыйшла гэтак жа хутка, як й яе нараджэньне.

/

Сёньня, нягледзячы на страту сусьветнага прэстыжу, гэты нешматлікі народ на самым краі Эўропы працягвае верыць у тое, што сонца некалі зайшло ў Партугаліі й «закіпяціла» Атлянтычны акіян. Варта толькі заблудзіцца ціхай лісабонскай раніцай у лябірынце старых вулачак Альфамы, каб зразумець, зь якім гонарам і тленным пачуцьцём шчасьця партугальцы шануюць дасягненьні сваіх продкаў.

/

Але saudade - гэта больш, чым туга па страчанаму. Кожны партугалец жыве з думкай аб тым, што ён больш не належыць краіне, якая разьвіваецца, ідзе наперад. «Дзень пры дні ты быццам губляеш часьцінку сябе. Тут, у Лісабоне, нават твая прафэсія ня мае вялікага значэньня. Ты можаш быць кім заўгодна: цырульнікам, кіроўцам ці пасьпяховым бізнэсмэнам. Ды й хто будзе зьвяртаць увагу на такія рэчы, калі ты больш не заваёўваеш Афрыку?» – распавядае Актавіё, студэнт аднаго з унівэрсытэтаў Лісабона.

/

Куды б вы не пайшлі, што б вы не зрабілі, усё будзе нагадваць аб трагічнай гісторыі лёсу: узрушальная разнастайнасьць кафлі азулежу на фасадах будынкаў; любоўныя ноты фаду ў глыбіні пагорыстых кварталаў; вабны пах бразыльскай кавы, якому немагчыма супрацьстаяць. І пакуль захопленыя замежнікі загінаюць старонкі турыстычных даведнікаў, для партугальцаў «залежнасьць» ад мінулага павольна перарастае ў пачуцьцё нацыянальнай «няпаўнавартаснасьці».

/

«Наша краіна вельмі маленькая, асабліва цяпер, у пэрыяд эканамічнага крызысу. Мы ня маем ніякай надзеі на будучыню, а толькі ўспамінаем дасягненьні нашых вялікіх продкаў. Гэта выклікае шчасьлівую апатыю й нежаданьне што-небудзь мяняць у сваім жыцьці, імкнуцца да разьвіцьця. Вось чаму, калі хто-небудзь з партугальцаў становіцца вядомым, мы ўшаноўваем яго як нацыянальнага героя. Хоць нехта паказвае, чаго мы вартыя»,- дзеліцца сваімі пачуцьцямі вулічны музыкант Адрэа.

/

Saudade ня мае нічога агульнага з нацыяналізмам. Ніхто не зьбіраецца рыхтаваць паход на Бразылію й заяўляць свае правы на Рыа-дэ-Жанэйра. Наадварот, калі партугальцы сустракаюць выхадцаў з былых калёній, яны як бы раскрываюцца: зьмяняецца тэмбар голасу, жэсты паказваюць удзячнасьць й ветлівасьць, а размова становіцца больш ажыўленай.

/

У культуры saudade няма месца для высокага індывідуалізму. Напрыклад, сям'я для партугальцаў — гэта сьвятое. Паняцьця «час для сябе» тут проста не існуе. Пакутуюць партугальцы таксама разам. Шумныя нядзельныя вячэры абавязкова суправаджаюцца сумнай гітарнай музыкай, пад якую кожны жадаючы можа паскардзіцца на свае праблемы. Жыцьцё партугальца - ад дзяцінства да старасьці- гэта гісторыя ўзаемнай павагі і ўважлівасьці да сваіх каранёў.

/

Дзякуючы saudade партугальцы захоўваюць свае традыцыі й павагу да ўсяго сапраўднага. Гэта пачуцьцё даўно перастала быць толькі гісторыяй, аддзяліўшыся ад каралеўскіх палацаў і сярэдневяковых статуй. І вось ужо на працягу стагодзьдзяў saudade пераўтварае мінулае ў будучыню й грэе душу народа, які глядзіць у марскі далягляд.

Кацярына Дрожжа, Лісабон, Беларуская служба

фота аўтара

Славуты
Славуты лісабонскі трамвай

/

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт