Logo Polskiego Radia
Print

Польскія фірмы цікавяцца беларускімі кансэрвавымі заводамі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.12.2016 11:35
«У Беларусі разараюцца кансэрвавыя камбінаты, а ў Польшчы назіраецца перавытворчасьць гародніны».
www.belta.by

Польскія вытворцы харчаваньня зацікаўленыя ўваходам на рынак Беларусі – паведаміў у інтэрвію Польскаму радыё старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі. Эканомікі Польшчы й Беларусі дапаўняюць адна адну, а не канкурыруюць паміж сабой, таму паміж дзьвюма краінамі існуюць значныя пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва – перакананы бізнэсмэн. Пра цяперашні стан і пэрспэктывы эканамічных стасункаў паміж Беларусьсю й Польшчай з Казімежам Здуноўскім размаўляе Аляксандар Папко.

Спадар Казімеж, як на працягу апошняга году зьмяніліся эканамічныя адносіны паміж Беларусьсю й Польшчай?

Казімеж Здуноўскі: Узрастае гандлёвы абарот – як польскі экспарт, так і экспарт Беларусі. Аднак сам рост узаемнага гандлю пакуль мала што азначае, бо ў 2015 годзе адбылося яго рэзкае падзеньне. Экспарт Польшчы ў Беларусь скараціўся на 40%, а Беларусі ў Польшчу – на 20%. Цяпер палітычныя адносіны паміж краінамі паляпшаюцца, што дае надзею на паляпшэньне гандлёвых стасункаў. У першую чаргу гэта зьвязана з тым, што Эўразьвяз скасаваў санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі. У пачатку гэтага году міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей прыехаў з афіцыйным візытам у Польшчу, а міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі наведаў Беларусь. У другой палове году ў Менск прыехаў міністар эканомікі Польшчы Матэвуш Маравецкі. Таксама адбылося паседжаньне польска-беларускай камісіі па пытаньнях эканамічнага супрацоўніцтва, на чале якой стаяць віцэпрэм’еры Міхаіл Русы й Матэвуш Маравецкі. Ну і нарэшце, трэцяй важнай падзеяй году быў XX юбілейны польска-беларускі эканамічны форум. Польска-беларуская гандлёва-прамысловая палата супрацоўнічае зь Беларусьсю практычна ад часу атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці.

Cтаршыня
Cтаршыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі


Якія тавары Беларусь экспартуе ў Польшчу, а якія прадукты Польшча экспартуе ў Беларусь?

Казімеж Здуноўскі: У гандлёвых стасунках паміж Беларусьсю й Польшчай ёсьць пэўная асымэтрыя. Польшча прадае пераважна прадукты высокай ступені перапрацоўкі, а Беларусь – пераважна сыравінныя прадукты. Напрыклад, гэта дызэльнае паліва, а таксама мінэральныя ўгнаеньні. У беларускім экспарце ў Польшчу сыравіна й мінэральныя прадукты складаюць больш за 70%. Гэтая асымэтрыя і пазытыўнае сальда Польшчы ў гандлі з Беларусьсю прыводзяць да таго, што Беларусь становіцца важным эканамічным партнэрам Польшчы. І пра гэта ў нас гавораць усё часьцей.

Што трэба польскім прадпрымальнікам, каб павялічыць сваю прысутнасьць на рынку Беларусі? І што патрэбна беларускім фірмам, каб павялічыць экспарт у Польшчу?

Казімеж Здуноўскі: Перш за ўсё патрэбная нармалізацыя палітычных адносінаў. Эканомікі Польшчы й Беларусі – камплемэнтарныя. Яны дапаўняюць адна адну, а не канкурыруюць. Пасьля распаду Савецкага Саюзу ў Беларусі засталіся прамысловыя магутнасьці, але пакупнікі прадукцыі зьніклі. Краіне патрэбна знайсьці пакупнікоў для сваёй прадукцыі на заходнім рынку. І беларускі ўрад дзейнічае ў гэтым накірунку. Частка людзей абураецца, што гэты працэс ідзе занадта павольна. Частка разумее, што ўвайсьці на рынак Эўрапейскага зьвязу не так проста. Гэта насычаны рынак. Прадукты на ім ужо ёсьць. Груба кажучы, трэба адабраць у кагосьці працу й заробак і ўзяць яго сабе. Каб выйграць на насычаным рынку, трэба канкурыраваць як па цане, так і па якасьці. Акрамя таго, для разьвіцьця экспарту патрэбныя валютныя рэзэрвы – каб пакрываць часовы дэфіцыт гандлю. Цяпер Беларусь мае золатавалютныя рэзэрвы ў памеры каля 6 мільярдаў даляраў. І гэта дазваляе як разьвіваць гандаль, так і спакойна размаўляць з фінансавымі ўстановамі, такімі як Міжнародны валютны фонд.

Якія польскія фірмы зацікаўленыя ў тым, каб прыйсьці на беларускі рынак, адчыніць у Беларусі прадпрыемствы?

Казімеж Здуноўскі: У Беларусі працуюць больш за 550 польскіх фірмаў, у тым ліку 350 значных. Яны дзейнічаюць ва ўсіх галінах эканомікі. Напрыклад, польскі Getin Holding купіў «Сомбелбанк», уклаў у яго грошы і ператварыў яго ў Idea Bank. Цяпер гэты банк удзельнічае ў разьліках паміж беларускімі й польскімі прадпрымальнікамі, дзякуючы таму, што праводзіць вельмі простую канвэрсію беларускіх рублёў у польскія злотыя й наадварот. Другі прыклад – буйны вытворца будаўнічых матэрыялаў група ATLAS. Яе кіраўнік Генрык Сёдмак вырашыў інвэставаць прыбытак фірмы ў Беларусі. Гэта добра сьведчыць пра інвэстыцыйны клімат у Беларусі, пра рэнтабэльнасьць такіх інвэстыцыяў. Калі б доктар Сёдмак бачыў, што ў Польшчы гэтыя інвэстыцыі прынесьлі бы большы прыбытак, то напэўна ўклаў бы іх у Польшчы.

А ці вядома вам, якія фірмы хочуць адчыніць у Беларусі новыя вытворчасьці?

Казімеж Здуноўскі: Адныя фірмы прыходзяць на рынак, другія сыходзяць – гэта нармальны эканамічны працэс. Прашу не хвалявацца, калі нейкая польская фірма збанкрутуе. Магчыма, яна проста пралічылася з інвэстыцыямі. У нашую палату ўсё часьцей зьвяртаюцца фірмы з харчовай прамысловасьці й сельскагаспадарчай галіны. Справа ў тым, што ў Беларусі разараюцца кансэрвавыя камбінаты. Прыкладам можа паслужыць кансэрвавы завод у Кобрыне, Гарынскі агракамбінат. А ў Польшчы ў гэты час назіраецца перавытворчасьць гародніны. Трэба проста ўмець знайсьці сабе партнэраў. Аднак трэба памятаць, што рызыку за прадпрымальніка на сябе не возьме ніхто. У Польшчы адзінай інстанцыяй, якая прымае рашэньне наконт інвэстыцыяў, зьяўляецца сам прадпрымальнік. Ён альбо заробіць, альбо страціць. Ня трэба ніякіх кансультацыяў з райвыканкамам, аблвыканкамам, атрыманьня дазволаў... Аднак у працэсе ўзгадненьня інвэстыцыяў у Беларусі можна знайсьці й пазытыўныя бакі. Інвэстыцыйная дамова ў Беларусі заключаецца не з прыватным прадпрыемствам, а з дзяржавай, таму адразу атрымлівае дзяржаўныя гарантыі. І гэтым інструмэнтам польскія прадпрымальнікі павінныя карыстацца.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт