Logo Polskiego Radia
Print

АБСЭ заклікае Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.12.2016 07:23
З 28 лістапада па 1 сьнежня ў Беларусі стала вядома аб расстрэле трох прысуджаных.
Photo: nonanet/flickr.com/Commercial use allowed

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ заклікае Беларусь неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. З такой заявай выступіў 2 сьнежня кіраўнік БДІПЧ Майкл Георг Лінк.

Ён адзначыў, што выкананьне сьмяротных прыгавораў у Беларусі ідзе ўразрэз зь міжнароднай тэндэнцыяй па адмене гэтага віду пакараньня як „жорсткага, бесчалавечнага й зьневажаючага годнасьць”.

„Большасьць дзяржаў АБСЭ ўжо адмянілі сьмяротнае пакараньне, і я заклікаю беларускія ўлады ўвесьці мараторый у якасьці першага кроку па адмене сьмяротнага пакараньня”, - сказаў Лінк.

Ён нагадаў, што дзяржавы — члены АБСЭ ўзялі на сябе абавязацельства трымаць пытаньне аб сьмяротным пакараньні на разглядзе.

Лінк таксама падкрэсьліў, што сакрэтнасьць вакол прывядзеньня ў выкананьне сьмяротнага прыгавору ў Беларусі сама па сабе зьяўляецца „жорсткім, бесчалавечным і зьневажаючым годнасьць абыходжаньнем з асуджаным і яго сваякамі”.

Лінк таксама адзначае, што сярод 57 членаў АБСЭ толькі Беларусь і ЗША прымяняюць сьмяротнае пакараньне на практыцы.

У пэрыяд з 28 лістапада па 1 сьнежня ў Беларусі стала вядома аб расстрэле трох асуджаных да вышэйшай меры пакараньня — 28-гадовага Івана Куляша (абвінавачаны ў забойстве трох жанчын, крадзяжы й разбоі), 31-гадовага Сяргея Хмялеўскага (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве некалькіх чалавек) і 49-гадовага Генадзя Якавіцкага (неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве сваёй сужыцелькі з асаблівай жорсткасцю). Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня, атрыманага сваякамі Якавіцкага, ён быў расстраляны 5 лістапада. Праваабаронцы мяркуюць, што ў той жа дзень былі расстраляныя й іншыя прыгавораныя да вышэйшай меры пакараньня.

Якавіцкі й Хмялеўскі зьвярталіся са скаргамі на прыгавор у Камітэт ААН па правах чалавека. Камітэт зарэгістраваў скаргі й прасіў беларускія ўлады адкласьці расстрэлы да разгляду спраў у ААН.

Новыя выпадкі сьмяротнага пакараньня ў Беларусі асудзілі Рада Эўропы, Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека, „Міжнародная амністыя”, Эўразьвяз двойчы за гэты тыдзень выступіў з заявамі, якія асуджаюць сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт