Logo Polskiego Radia
Print

«Закрыцьцё «Белсату» – гэта трагічная памылка»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 19.12.2016 15:47
  • «Закрыцьцё «Белсату» – гэта трагічная памылка».mp3
Пытаньне ліквідацыі тэлеканалу можа быць вынесена на абмеркаваньне ў польскім парлямэнце.
Foto: pyx.by

Польскі ўрад плянуе закрыць тэлеканал «Белсат», а высілкі замежнага вяшчаньня польскага дзяржаўнага тэлебачаньня ўрад хоча скіраваць на падтрымку польскай культуры сярод палякаў замежжа. Пра гэта ў нядзелю ў інтэрвію парталу wpolityce.pl паведаміў міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Пакуль рашэньне не прынятае, гэта адбудзецца ў бліжэйшыя дні – заявіў шэф польскай дыпляматыі. Як закрыцьцё «Белсату» адаб’ецца на польска-беларускіх стасунках, і наколькі рацыянальны гэта крок? Пра гэта Аляксандар Папко запытаўся польскіх ды беларускіх палітыкаў і экспэртаў.

«Тэлеканал «Белсат» трансьлюецца на працягу 10 гадоў, але яго ўплыў на сытуацыю ў Беларусі вельмі сьціплы. Альтэрнатывай зьяўляецца тое, што прапануюць беларусы, а менавіта дазволіць трансьляцыю TVP Polonia на ўвесь абшар Беларусі. Гэта таксама стварала бы пэўную палітычную альтэрнатыву», – заявіў міністар замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрвію польскаму парталу wpolityce.pl.

Міністар замежных справаў заявіў, што польскі ўрад жадае стварыць адзін канал вяшчаньня для замежжа, у рамках якога будуць дзейнічаць рэдакцыі, якія працуюць на некалькіх мовах. Вітальд Вашчыкоўскі паабяцаў, што журналісты «Белсату» будуць прынятыя на працу на гэты рэарганізаваны канал польскага замежнага вяшчаньня. Рэарганізацыю Вітальд Вашчыкоўскі растлумачыў і фінансавымі прычынамі. «Мы павінныя ашчаджаць. Мы паабяцалі сьвету, што павялічым дапамогу сірыйскім уцекачам», – заявіў міністар.

На вялікі жаль, экспэрты, якія працуюць на Міністэрства замежных справаў Польшчы, ад камэнтараў у справе «Белсату» адмовіліся. Заява міністра Вашчыкоўскага супярэчыць пазыцыі камісіі па замежных справах польскага парлямэнту – заявіў Польскаму радыё намесьнік старшыні гэтай камісіі, прадстаўнік апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Робэрт Тышкевіч.

Прыгадаем, што ў чацьвер Камісія замежных справах польскага Сэйму аднагалосна прыняла дэклярацыю, у якой заявіла, што Польшча павінна павялічыць, а не скараціць падтрымку незалежным СМІ ў Беларусі. Свой подпіс пад дэклярацыяй паставілі прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў, а таксама намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Ян Дзядзічак. Камісія па міжнародных справах падыме пытаньне «Белсату» на парлямэнцкіх дэбатах – заявіў Робэрт Тышкевіч.

Робэрт Тышкевіч: Мы будзем пратэставаць, мы зьбяром паседжаньне камісіі па замежных справах. Ліквідацыя «Белсату» будзе вельмі сур’ёзным рашэньнем. Гэта паварот на 180 градусаў у польскай замежнай палітыцы. З гэтым паваротам мы не пагаджаемся й лічым яго палітычнай памылкай. Польская палітыка ў стасунку да Беларусі заўсёды заключалася ў спалучэньні палітыкі добрасуседзтва з палітыкай дэмакратычнай трансфармацыі […]. Мы будзем патрабаваць, каб урад выконваў волю парлямэнту. Нагадаю, што камісія па замежных справах адзінагалосна прыняла рашэньне па ўзмацненьні падтрымкі незалежных СМІ ў Беларусі, а не іх ліквідацыі.

Зьяўленьне польскага тэлебачаньня ў беларускіх кабэльных сетках – гэта добрая навіна для палякаў Беларусі. Аднак пашырэньне вяшчаньня TVP Polonia ніякім чынам не зьвязана з закрыцьцём «Белсату» – падкрэсьлівае сябра Саюзу палякаў Беларусі журналіст Анджэй Пачобут. Менск не настойваў на спыненьні вяшчаньня «Белсату» і нават нядаўна даў 4 акрэдытацыі для яго журналістаў.

Польскі ўрад вырашыў закрыць «Белсат» таму, што палічыў гэты праект дарагім і неэфэктыўным – мяркуе Анджэй Пачобут. Сам журналіст называе рашэньне закрыць «Белсат» няправільным.

Анджэй Пачобут: Тэлеканал мае сваіх гледачоў у Беларусі, мае свой уплыў. Гэта інструмэнт, якія дазваляе беларускаму грамадзтву атрымліваць інфармацыю, незалежную ад беларускага рэжыму й Масквы, які дазваляе беларускаму трэцяму сэктару даносіць свой погляд на сытуацыю. Гэта вельмі важны праект, і такое яго завяршэньне – вельмі дрэнная рэч.

Нерацыянальным закрыцьцё «Белсату» называе й былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька. На яго думку, ліквідацыя «Белсату» была б не ашчаджэньнем будучых грошай, а марнатраўствам грошай, ужо ўкладзеных у праект.

Марэк Буцька: Па-першае, з уласнай волі Польшча пазбаўляецца інструмэнта ўплыву. Канешне, падтрымліваць і разьвіваць тэлебачаньне Polonia трэба. Толькі ня бачу сувязі паміж падтрымкай TVP Polonia і закрыцьцём «Белсату». Давайце падтрымліваць і TVP Polonia, і «Белсат»! Па-трэцяе, калі ў нейкую справу за 9 гадоў інвэставалі 50 мільёнаў эўра, і гэта неяк працуе, то гэтую справу трэба паправіць, мадэрнізаваць, а не выліваць дзіця з вадой. Гэта марнатраўства вялікіх грошай. Замест таго, каб паправіць канал, мы яго ліквідуем і пазбаўляемся інфармацыйнага інструмэнта ў часы, калі СМІ кіруюць сьветам, аказваюць рашучы ўплыў на разьвіцьцё сытуацыі.

Былы старшыня Руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч у 2006 годзе быў адным з ініцыятараў адкрыцьця беларускага тэлевяшчаньня з Польшчы. Пляны закрыць «Белсат» Аляксандар Мілінкевіч называе «трагічнай памылкай».

Аляксандар Мілінкевіч: Калі паўстаюць такія пытаньні, то я перш за ўсё задумваюся пра пагрозы, якія ёсьць на Беларусі. А пагроза для нас і Польшчы агульная – гэта «русский мир». Калі канал будзе ліквідаваны, то пазыцыі расейскай прапаганды ў Беларусі яўна ўзмацняцца. Нам будзе не хапаць незалежнага тэлеканалу, беларускай мовы гэтага каналу. Я думаю, што ліквідацыя «Белсату» была б трагічнай памылкай. Яго трэба паляпшаць. Несумненна, яго трэба паляпшаць, выпраўляць памылкі, якія рабіліся і робяцца. Але захаваць яго абавязкова трэба.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, закрыцьцё «Белсату» нанесла бы моцны ўдар па іміджу Польшчы сярод прадэмакратына настроенай часткі беларускага грамадзтва.

«Калі мы думаем пра дэмакратычную будучыню Беларусі, то дэмакратычная супольнасьць павінна быць стратэгічным партнэрам Польшчы. А ліквідацыя «Белсату» нанесла бы моцны ўдар па аптымізьме, які яшчэ жыве ў беларускіх праэўрапейцаў. У нас зьявілася моцнае пачуцьцё адзіноты», – падсумаваў Аляксандар Мілінкевіч.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт