Logo Polskiego Radia
Print

«Колькасьць антыбеларускіх артыкулаў на імпэрскіх сайтах вырасла ў 2-3 разы»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.12.2016 20:49
  • «Колькасьць антыбеларускіх артыкулаў на імпэрскіх сайтах вырасла ў 2-3 разы».mp3
Трывожную тэндэнцыю заўважылі экспэрты EAST Center у новым аналізе расейскіх СМІ.
Скрыншот старонкі East-center.orgСкрыншот старонкі East-center.orgeast-center.org

Пачынаючы з лістапада, у расейскіх электронных СМІ рэзка вырасла колькасьць матэрыялаў, у якіх у нэгатыўным сьвятле выстаўляецца беларуская культура, ставіцца пад сумнеў незалежнасьць краіны, а таксама сьцьвярджаецца, што ў Беларусі растуць «русафобскія» настроі. Такія вынікі зрабілі аўтары дакладу «Антыбеларуская дэзінфармацыя ў расейскіх СМІ: тэндэнцыі, асноўныя рысы, супрацьдзеяньне», апублікаваным дасьледчым цэнтрам EAST. Якія расейскія СМІ распаўсюджваюць нэгатыўную інфармацыю наконт Беларусі? Якія тэзісы яны агучваюць і якія мэты перасьледуюць? На гэтую тэму мы размаўляем з аўтарамі дакладу – сацыёлягам Веранікай Лапуцькай і палітолягам Андрэем Елісеевым.

Пачынаючы з восені гэтага году цэнтральныя расейскія СМІ пачалі распаўсюджваць інфармацыю пра рост «шавінісцкіх» настрояў у Беларусі, а расейскія інфармацыйныя рэсурсы нацыяналістычнай афарбоўкі ў 2-3 разы павялічылі колькасьць публікацый, дзе Беларусь выстаўляецца ў нэгатыўным сьвятле. Да такіх вынікаў прыйшлі экспэрты дасьледчага цэнтру Eurasian States in Transition (EAST) падчас маніторынгу расейскіх інфармацыйных рэсурсаў, якія факусуюцца на падзеях у постсавецкіх краінах.

Можна вызначыць дзьве тэндэнцыі – кажа аналалітык EAST Center Андрэй Елісееў. Па-першае, цэнтральныя расейскія тэлеканалы ўпершыню сталі паказваць матэрыялы, у якіх гаворыцца, што «Беларусь ідзе па ўкраінскім шляху». Гэтае клішэ расейскіх дзяржаўных СМІ можна расшыфраваць наступным чынам: « у Беларусі пры падтрымцы Захаду падымае галаву фашызм і русафобія, і неўзабаве можа адбыцца дзяржаўны пераварот».

Па-другое, колькасьць прысьвечаных Беларусі «аналітычных» матэрыялаў на сайтах такіх інфармацыйных рэсурсаў, як Regnum.ru, павялічылася з 5-7 у жніўні да 16 у лістападзе. І гэтыя матэрыялы носяць адкрыта шавінісцкі характар – кажа Андрэй Елісееў.

Андрэй
Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў: Мы бачым яўную антыбеларускую кампанію. Матэрыялы зьяўляюцца не эпізадычна, а адзін за адным. Павялічылася колькасьць матэрыялаў, у якіх адкрыта ставіцца пад сумнеў беларускі сувэрэнітэт і цэласнасьць Беларусі, гучаць абразьлівыя выказваньні наконт беларускай мовы, беларускай культуры й носьбітаў беларускай мовы.

Аналітыкі EAST Center пералічылі самыя яскравыя тэзісы, якія агучылі расейскія нацыяналістычныя рэсурсы Regnum.ru, Imperianews.ru, Sputnikipogrom.com і іншыя. У гэтым «хіт-парадзе» знаходзяцца сьцьвярджэньні, што «беларускай нацыі не існуе – яе ствараюць палякі, каб разьяднаць расейцаў», «беларускай мовы не існуе – яе прыдумалі, каб ператварыць расейцаў у палякаў», а таксама заявы пра тое, што «ў Беларусі дыскрымінуюць расейскамоўных».

Гэтыя тэзісы далёка ня новыя. Аднак упершыню расейскія прапагандысты пачалі заяўляць, што Беларусь намерана захапіць землі суседніх дзяржаваў – прыняць удзел у «будучым падзеле» Летутвы, Латвіі і Ўкраіны, кажа сацыёляг Вераніка Лапуцька.

Вераніка
Вераніка Лапуцька. Фота са старонкі ў Facebook

Вераніка Лапуцька: Навінкай зьяўляецца заява пра тое, што Беларусь можа адабраць землі ў сваіх эўрапейскіх суседзяў – у першую чаргу ў краінаў Балтыі. Гэтая ідэя дапаўняе іншы тэзіс расейскай прапаганды – пра тое, што хутка распадзецца Эўрапейскі зьвяз, і можна будзе перакраіць тэрыторыю некаторых яго сябраў.

На публікацыі шавінісцкіх артыкулаў улады ў Менску адказалі хутка й даволі жорстка. Спачатку Міністэрства інфармацыі Беларусі накіравала ліст да спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі па міжнародным культурным супрацоўніцтве. А 6-9 сьнежня беларускія ўлады арыштавалі трох публіцыстаў, якія працавалі на агенцтва REGNUM і сайт Eurasia Daily.

Пакуль цяжка сказаць, ці спыніць жорсткі адказ Менска распаўсюд скіраванай супраць Беларусі інфармацыі на цэнтральных расейскіх СМІ. На расейскіх нацыяналістычны сайтах антыбеларускія публікацыі працягваюцца. Іх аўтары крытыкуюць ня толькі беларускае кіраўніцтва, але й пачынаюць абурацца на адсутнасьць адказу з боку Крамля – зазначае Вераніка Лапуцька.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў назваў арыштаваных аўтараў агенцтва REGNUM «радыкальнымі» і даў зразумець, што Расея не зьбіраецца іх падтрымліваць. Нягледзячы на тое, што афіцыйныя ўлады адхрысьціліся ад публіцыстаў REGNUM і Eurasia Daily, назваць гэтыя рэсурсы маргінальнымі і нязначнымі нельга – падкрэсьлівае Вераніка Лапуцька.

Вераніка Лапуцька: Адносна менш вядомы расейскі сайт Eurasia Daily зьбірае па 400 тысячаў наведвальнікаў штодзённа. Больш вядомае агенцтва Regnum.ru зьбірае да 1 мільёна 200 тысячаў наведвальнікаў дзённа. Іх цяжка назваць маргінальнымі й неўплывовымі.

Любая нэгатыўная інфармацыйная кампанія ў расейскіх СМІ нясе сур’ёзную пагрозу Беларусі – лічаць экспэрты EAST Center. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што беларускія грамадзяне давяраюць расейскім СМІ больш, чым беларускім дзяржаўным і недзяржаўным мас-мэдыя.

Адной з прычынаў хвалі антыбеларускіх матэрыялаў у расейскіх СМІ можа быць пагаршэньне эканамічных адносінаў паміж Менскам і Масквой – лічыць дасьледчык EAST Center Андрэй Елісееў. Ня выключана, што расейскія СМІ атрымалі негалосны дазвол на распаўсюджаньне нэгатыўнай інфармацыі, каб націснуць на кіраўніцтва Беларусі. Зь іншага боку, інфармацыя, якую распаўсюджваюць расейскія нацыяналістычныя сайты, адпавядае настроям унутры самой Расеі – лічыць экспэрт. У расейскай публічнай прасторы ўжо даўно дамінуе перакананьне, што краіна аточаная ворагамі й здраднікамі і можа выжыць, толькі дэманструючы жорсткую сілу.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт