Logo Polskiego Radia
Print

Як Польшча ў 1924 годзе праводзіла грашовую рэформу (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.12.2016 08:47
  • Grabski.mp3
Курс польскай маркі рос не па днях, а па гадзінах: у студзені 1924 году за адзін даляр плацілі 10 млн марак!
10 польскіх марак эмісіі 1917 году10 польскіх марак эмісіі 1917 годуcommons.wikimedia.org/Public Domain

У гісторыі часта здараецца, што першыя месцы на старонках займаюць военачальнікі й героі войнаў. І адначасова менш увагі прысьвячаецца асобам, якія зрабілі шмат для краіны й народу ў мірны час, працуючы для яе эканамічнага разьвіцьця ды разьвіцьця ў іншых галінах. У польскай гісторыі такой пэрсонай зьяўляецца Ўладзіслаў Грабскі.

Уладзіслаў
Уладзіслаў Грабскі (Władysław Grabski)

Уладзіслаў Грабскі быў вядомай фігурай міжваеннай Польшчы. У 1920-я гады двойчы займаў пасаду прэм’ер-міністра Польшчы й тройчы – міністра дзяржаўнай маёмасьці. Але найбольш вядомы Ўладзіслаў Грабскі тым, што ў 1924 годзе правёў грашовую рэформу, выратаваўшы такім чынам краіну ад гіпэрінфляцыі.

Будучы палітык і эканаміст нарадзіўся ў 1874 годзе ў шляхецкай сям’і каля горада Ловіч у цэнтральнай Польшчы. Бацька Грабскага меў вялікіх маёнтак, дзе вырошчваў цукровыя буракі, якія давалі сям’і вялікі даход. Будучы прэм’ер Польшчы закончыў прэстыжную гімназію, пасьля чаго накіраваўся ў Парыж вывучаць гісторыю й эканоміку. Шмат падарожнічаў па эўрапейскіх краінах. У 1897 годзе раптоўна памірае яго бацька. Гэтая падзея прымушае яго вярнуцца ў сямейны маёнтак ды заняцца інтарэсамі. Уладзіслаў Грабскі ня толькі працягнуў працу бацькі, але й значна пашырыў бізнэс сям’і, у прыватнасьці, адкрыў малочны каапэратыў і заснаваў невялічкі каапэратыўны банк. Акрамя таго, быў актыўны на грамадзка-палітычным полі: у 1905-1912 гадах быў дэпутатам расейскай Дзяржаўнай думы.

100
100 польскіх марак эмісіі 1919 году/commons.wikimedia.org/Public Domain

Пасьля таго, як царская імпэрыя развалілася (дарэчы, іншыя эўрапейскія імпэрыі таксама), Уладзіслаў Грабскі заняўся эканомікай сваёй этнічнай Радзімы. Першыя гады самастойнай маладой Польшчы былі надзвычай цяжкімі, бо акрамя змаганьня за незалежнасьць, прыходзілася дбаць пра эканоміку, якая была ў трагічнай сытуацыі пасьля некалькіх гадоў Першай сусьветнай вайны.

Пасьля атрыманьня Польшчай незалежнасьці грашовай адзінкай на тэрыторыі краіны была польская марка. Эканамічная сытуацыя была катастрафічнай: краіна была ахопленая гіпэрінфляцыяй. Для прыкладу, у кастрычніку 1923 году інфляцыі ў маштабе месяца складала 360 працэнтаў. Курс польскай маркі адносна іншых валют рос не па днях, а па гадзінах: у студзені 1924 году за адзін даляра плацілі 10 млн марак! Зарплату прыходзілася выдаткоўваць у дзень яе атрыманьня, бо праз пару гадзін за тыднёвую зарплату можна было купіць толькі пачак цыгарэт.
Перад самай рэформай Грабскі стварыў галоўны Польскія банк, бо да гэтага ў краіне не было цэнтрабанку.

1-га красавіка 1924 году Польскі банк пачаў абмен польскай маркі на новую грашовую адзінку – польскі злоты. За адзін злоты давалі 1 млн 800 тыс. марак. Тады адзін даляр каштаваў 5 злотых 18 грошаў. Дарэчы, ажно да нападзеньня гітлераўскай Нямеччыны на Польшчу ў 1939 годзе курс злотага адносна даляра, не беручы пад увагу пэўных ваганьняў, зьвязаных зь міжнароднай абстаноўкай, заставаўся на амаль пастаянным узроўні: перад самай вайной адзін даляр каштаваў 5 злотых 30 грошаў.

20
20 злотых, 1936 год/commons.wikimedia.org/Public Domain

Грашовая рэформа, праведзеная Польшчай самастойна, без дапамогі звонку, стала посьпехам ураду маладой дзяржавы й асабіста прэм’ер-міністра Ўладзіслава Грабскага.

100
100 злотых, 1934 год/commons.wikimedia.org/Public Domain

Нягледзячы на тое, што Ўладзіслаў Грабскі прычыніўся да эканамічнай стабільнасьці міжваеннай Польшчы, памяць пра яго на радзіме не распаўсюджаная шырока, кажа гісторык, прафэсар Мар’ян Марэк Драздоўскі (Marian Marek Drozdowski).

Мар’ян Марэк Драздоўскі: Паводле мяне, нашы гісторыкі й палітыкі адказныя за тое, што палякі мала ведаюць пра Ўладзіслава Грабскага. Адказны за такі стан рэчаў таксама наш мэнталітэт, бо мы любім адзначаць гадавіны прайграных бітваў, прайграных войнаў і паўстаньняў, а ня памятаем пра герояў мірнага часу. Трэба памятаць пра тое, што існаваньне й разьвіцьцё Польшчы, у тым ліку эканамічнае – гэта вынік працы многіх людзей у мірны час. Мы забываем пра культ працы й пра людзей, арганізатараў эканамічнага разьвіцьця краіны. І адным з такіх арганізатараў, які накіраваў Польшчу на шлях сучаснага разьвіцьця, быў Уладзіслаў Грабскі.

У другой палове 1920-х гадоў Грабскі пакінуў палітыку й заняўся навуковай дзейнасьцю. Ён быў рэктарам, а таксама прарэктарам Варшаўскай вышэйшай сельскагаспадарчай школы, напісаў шмат артыкулаў, навуковых прац і кніг.

Памёр Уладзіслаў Грабскі 1 сакавіка 1938 году.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт