Logo Polskiego Radia
Print

Як вярнуць беларускую мову на ўпакоўкі беларускіх тавараў?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.01.2017 19:12
  • Як вярнуць беларускую мову на ўпакоўкі беларускіх тавараў.mp3
Беларускія прадукты – адзіныя ў Мытным зьвязе, на якіх няма надпісаў на нацыянальнай мове. Але зьмяніць сытуацыю вельмі проста!
Бляшанка глыбоцкай згушчонкі. Фота: "Наша Ніва". Бляшанка глыбоцкай згушчонкі. Фота: "Наша Ніва". nn.by

Палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі неўзабаве пачне разглядаць зьмены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Яны могуць павысіць статус беларускай мовы на міжнароднай арэне, а могуць і поўнасьцю вывесьці нацыянальную мову са спажывецкай сфэры. Што трэба зрабіць, каб беларуская мова не была выкінутая са спажывецкага рынку? Пара гэты мы пытаемся ў старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, юрыста Ігара Случака і дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім.

Палата прадстаўнікоў у бліжэйшыя тыдні пачне абмеркаваньне паправак у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Новая рэдакцыя закону ўжо распрацаваная міністэрствам гандлю й антыманапольнай палітыкі, але на разгляд дэпутатаў пакуль не паступіла. Неабходнасьць зьмяніць закон 2002 году ўзьнікла таму, што ў Беларусі пачалі дзейнічаць тэхнічныя рэглямэнты Эўразійскага эканамічнага зьвязу. Тэхрэглямэнт загадвае вытворцам ЭАЭЗ ў абавязковым парадку публікаваць інфармацыю пра свае тавары на расейскай мове.

Калі ў іншых краінах Эўразійскага зьвязу гэтае патрабаваньне не выклікае клопатаў, то ў Беларусі яно выдаляе беларускую мову з этыкетак беларускіх прадуктаў. Беларускія тавары зьяўляюцца адзінымі ў Мытным зьвязе, на якіх няма надпісаў на нацыянальнай мове. На бляшанцы глыбоцкай згушчонкі ці ўпакоўцы баранавіцкага зэфіру ёсьць надпісы па-казахску, й расейку, а вось па-беларуску – няма.

Прычына – у цяперашняй рэдакцыі закону «Аб абароне правоў спажыўцоў», тлумачыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Алег Трусаў: Тэхрэглямэнты прадугледжваюць, што ўсе краіны Эўразійскага зьвязу павінныя свае тавары падпісваць на расейскай мове – абавязкова, а на сваіх мовах – па жаданьні. Атрымалася так, што і ў казахаў, і ў кіргізаў, і ў армянаў пісаць назвы прадуктаў на нацыянальнай мове трэба абавязкова. А ў нас – не. Раней наш мясцовы вытворца мог свае тавары падпісваць альбо толькі па-беларуску, альбо толькі па-расейску. А цяпер яго прымушаюць абавязкова падпісаць па-расейску, а па-беларуску ён можа й не пісаць.

Калі тэрмінова ня ўнесьці папраўкі ў беларускі закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», беларуская мова можа зьнікнуць са спажывецкага рынку – папярэджвае актывіст грамадзянскай кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» юрыст Ігар Случак. У рэдакцыі закону, прапанаванай Мінгандлем, нормаў, якія абараняюць беларускую мову, няма.

Грамадзкія арганізацыі заклікалі міністэрства гандлю абавязаць вытворцаў выкарыстоўваць на ўпакоўцы дзьве дзяржаўныя мовы. З заклікам падтрымаць такія зьмены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» Ігар Случак зьвярнуўся ў міністэрства, да спажывецкіх арганізацыяў, буйных вытворцаў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Паўсюль ён сустрэў падтрымку, акрамя... самога Мінгандлю.

Ігар Случак: Гэтыя зьмены падтрымліваюць як буйныя вытворцы, кшталту «Гарызонту», банку «Рашэньне», кампаніяў МТС і Velcom, так і спажыўцы – у асобе арганізацыяў абароны правоў спажыўцоў. 15 дэпутатаў новага складу Палаты прадстаўнікоў падтрымалі гэтыя зьмены. Не падтрымала іх толькі некалькі чалавек. А астатнія вагаюцца й глядзяць, ці ёсьць запатрабаванасьць у грамадзтве.

Мінгандлю заяўляе, што абавязак друкаваць інфармацыю пра тавар як па-расейску, так і па-беларуску павысіць кошты прадукцыі. Аднак гэты аргумэнт не вытрымлівае крытыкі – кажа Ігар Случак. Фірмы зьмяняюць дызайн упакоўкі ледзьве ня кожны месяц, а напісаць па-беларуску каштуе значна таньней, чым рабіць пераклад на кіргіскую ці казахскую.

Ігар Случак: Павелічэньня выдаткаў не адбудзецца. Кожны год кампаніі дапрацоўваюць свае этыкеткі. Увесьці пару дадатковых радкоў не стварае праблемы. Я высылаю зварот у Мінгандлю на 50-60 старонках з пазытыўнымі водгукамі спажыўцоў і вытворцаў, а мне прыходзіць адказ на 3 старонках, дзе Мінгандлю спасылаецца на аргумэнтацыю адной кампаніі «Савушкин продукт» і галаслоўна кажа, што зьмены прывядуць да росту выдаткаў. Выдаткі заключаюцца ў тым, што ім трэба будзе выклікаць ліцэнзаванага перакладчыка! Знайсьці перакладчыка на казахскую мову проста, а вось у Беларусі знайсьці перакладчыка на беларускую – гэта праблема?!

Калі вытворцы будуць публікаваць на ўпакоўцы назву тавару й складнікі па-беларуску, то гэта не прывядзе да стратаў, а наадварот – абароніць ад падробак, заяўляе Алег Трусаў.

Алег Трусаў: У свой час мы дабіліся, каб нават ані дробны тавар, як цукеркі, падпісваліся на дзьвюх мовах. І такія цукеркі зьявіліся! На адным баку было напісана «конфета», на другім – «цукерка», і вялікіх затратаў гэта не выклікала. Гэта ўсё лухта!

Больш за тое, я нядаўна напісаў ліст віцэпрэм’еру Міхаілу Русаму. Памятаеце, ён заяўляў, што ў Расеі часта падрабляюць нашыя сыры? Я яму напісаў: для таго, каб цяжэй было падрабляць, прынцыпова пішыце вялікімі літарамі назвы сыроў ня толькі па-расейску, але й па-беларуску. У расейцаў няма літары «Ў». Ім падрабіць беларускі тэкст вельмі цяжка.

Апошняе слова застаецца за дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Пераконваць іх у неабходнасьці прыняць папраўкі, якія замацуюць афіцыйны статус беларускай мовы ў Эўразійскім эканамічным зьвязе абяцае дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і сябра Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

Беларуская мова мае ключавое значэньне ў дзяржаўным будаўніцтве, і дэпутаты павінныя гэта разумець – кажа Алена Анісім.

Алена Анісім: Калі дэпутаты дастаткова падрыхтаваныя й маюць дзяржаўнае мысьленьне, то яны зразумеюць, што без беларускай мовы захаваць беларускую дзяржаўнасьць будзе складана. Трэба тлумачыць людзям, што гэтае рашэньне датычыць ня толькі мовы, але й дзяржаўнага будаўніцтва.

Аднак пераканаць дзяржаўныя ворганы захаваць беларускую мову на ўпакоўках беларускіх тавараў могуць толькі самі грамадзяне – кажа Алег Трусаў. Неабходна, каб тысячы беларусаў напісалі зварот у Палату прадстаўнікоў.

Алег Трусаў: Хай беларусы пішуць – не лянуюцца. Хай купяць канвэрт і напішуць, што яны патрабуюць, каб на беларускіх таварах дзяржаўная беларуская мова прысутнічала абавязкова. Адно Таварыства беларускай мовы й адна дэпутатка ад ТБМ наўрад ці змогуць пераламаць сыстэму. А калі гэта будуць тысячы спажыўцоў – усё атрымаецца.

У Беларусі шмат людзей хочуць атрымліваць інфармацыю на беларускай мове й цешацца, калі на экспартных таварах, якія ствараюць добрую рэпутацыю Беларусі, прысутнічаюць надпісы па-беларуску – зазначае Ігар Случак. Аднак людзі гэтых жаданьняў не фармалізуюць, а беларуская бюракратыя, як любая іншая, патрабуе фармальнай нагоды, каб унесьці зьмены ў закон. «Таму трэба выражаць свае жаданьні на пісьме, пісаць звароты ў дзяржаўныя ворганы, паказаць дзяржслужбоўцам, што грамадзянам сапраўды патрэбная інфармацыя на дзьвюх дзяржаўных мовах», – кажа юрыст.

Адправіць электронны зварот у абарону беларускай мовы можна па спасылцы, якая знаходзіцца на нашым сайце. Гэта займае ўсяго адну хвіліну.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт