Logo Polskiego Radia
Print

Польскія дэпутаты пазнаёмяцца з сытуацыяй палякаў у Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.01.2017 12:09
Трохдзённая паездка адбудзецца, хутчэй за ўсё, у сярэдзіне траўня.
Photo:PAP/Leszek Szymański

Цягам бліжэйшых месяцаў сэймавая Камісія па сувязях з палякамі за мяжой зоймецца, між іншым, падрыхтоўкай візыту ў Беларусь. У сярэдзіне траўня група польскіх дэпутатаў плянуе туды накіравацца, каб пазнаёміцца з патрэбамі беларускіх палякаў. Пра гэта заявіў кіраўнік камісіі Міхал Дворчык (Michał Dworczyk) ад кіроўнай партыі Права й справядлівасьць.

У чацьвер Камісія па сувязях з палякамі за мяжой абмеркавала плян працы на бліжэйшыя шэсьць месяцаў. Паводле Дворчыка, адным з важнейшых пунктаў гэтага пляну зьяўляецца менавіта трохдзённая паездка ў Беларусь.

„Камісія традыцыйна два разы на год зьяжджае за мяжу, каб пазнаёміцца з патрэбамі нашых суайчыньнікаў. У мінулым паўгодзьдзі мы пабывалі ва Ўкраіне. Цяпер, па запрашэньні старшыні Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс, мы зьбіраемся ў Беларусь”, - падкрэсьліў Міхал Дворчык. Ён дадаў, што ў склад групы ўвойдзе 10-15 дэпутатаў.

Дворчык таксама паведаміў, што на наступным тыдні з падобнай мэтай група польскіх дэпутатаў адправіцца ў Вялікабрытанію па запрашэньні тамтэйшага міністра замежных спраў.

Камісія зоймецца таксама арганізацыяй выязной нарады ў Львове, зьвязанай з будаўніцтвам Польскага дому, які павінен быць здадзены ў эксплёатацыю ў 2018 або ў 2019 гадах.

У сваю чаргу падчас бліжэйшага паседжаньня сябры камісіі зоймуцца справай разбурэньня помніка палякам забітым украінскімі нацыяналістамі ў вёсцы Гута Пяняцка ў заходняй частцы Ўкраіны.

PAP/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт