Logo Polskiego Radia
Print

Блёгер прымусіў палякаў па-новаму зірнуць на Беларусь

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 19.01.2017 20:19
  • Блёгер прымусіў палякаў па-новаму зірнуць на Беларусь.mp3
Размова з Паўлам Супаненкам – аўтарам відэароліку, які распавядае палякам пра Беларусь у пазытыўным ключы.
youtube.com/screen

Беларусь – гэта ня толькі краіна Лукашэнкі, але й радзіма сусьветнавядомых спартоўцаў, навукоўцаў і артыстаў. Гэта краіна, дзе робяць самыя вялікія на сьвеце грузавікі, жывуць розныя канфэсіі ды знаходзяцца ўнікальныя помнікі прыроды. Пра гэта польскай аўдыторыі расказвае відэаролік «20 faktów o Białorusi» (20 фактаў пра Беларусь), створаны беларусам Паўлам Супаненкам. Навошта аўтар вырашыў стварыць ролік, як выбіраў факты, што могуць зацікавіць замежнікаў, і ці зьбіраецца надалей ствараць відэа пра Беларусь? Пра гэта з Паўлам Супаненкам размаўляе Аляксандар Папко.

«Ці ведаеце, што праз тэрыторыю Беларусі працякае 20 800 рэкаў, і што самая высокая кропка гэтай краіны – Дзяржынская гара – узвышаецца толькі на 345 мэтраў над узроўнем мора? Не? У такім выпадку на працягу бліжэйшых 5 мінут мы дапаможам вам пашырыць свае веды наконт Беларусі, а таксама зьмяніць свае ўяўленьні пра гэтую краіну». З такіх словаў пачынаецца анімацыйны ролік, які стварыў Павал Супаненка. Павал – выпускнік Коласаўскага ліцэю ў Менску. Ён скончыў Кракаўскі эканамічны ўнівэрсытэт, жыве ў Кракаве і працуе ў ІТ-кампаніі.

Некаторы час таму Павал разам з сябрам–партугальцам Пабла Фэрнандашам у якасьці хобі стварыў YouTube-канал The Emigrants, на якім яны публікуюць забаўляльныя відэа.

Павел
Павел Супаненка. Фота з профілю ў сацыяльнай сетцы Facebook

«Мне захацелася стварыць цікавы ролік пра Беларусь, які адначасова не патрабаваў бы шмат працы», – тлумачыць Павал. Анімацыйны ролік ён стварыў сам за некалькі месяцаў у вольны ад працы час. Пасьля таго, як Павал даведаўся, што Беларусь паволі адчыняе межы для турыстаў, яму захацелася больш расказаць пра сваю радзіму польскім сябрам.

Павел Супаненка: У сярэдзіне 2016 году пачаліся размовы пра адкрыцьцё мяжы для турыстаў у раёне Аўгустоўскага каналу й Горадні. Гэтая навіна падштурхнула мяне да таго, каб паказаць палякам Беларусь у пазытыўным ключы. Палякі шмат ведаюць пра Беларусь, але яны больш ведаюць нэгатыўныя факты, зьвязаныя з Лукашэнкам, дыктатурай. Мне больш хацелася зацікавіць палякаў пазытыўнымі рэчамі ў Беларусі.


І пазытыў сапраўды ёсьць. З роліку палякі могуць даведацца, што ў Беларусі сьвяткуюцца каталіцкія й праваслаўныя сьвяты, беларусы раней называліся літвінамі, а старабеларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім, пра тое, што дзякуючы ракетнаму паліву, распрацаванаму Барысам Кітом, людзі змаглі адправіцца на Месяц, пра тое, што знакамітую гульню World of Tanks робяць беларусы, і нават пра тое, што зь Беларусі паходзяць продкі галівудзкіх актораў Харысана Форда й Майкала Дугласа.

«Чаму ў роліку няма нічога пра беларускія карані хакеіста Ўэйна Грэцкага, пра ансамбаль «Песьняры» ці нобэлеўскую ляўрэатку Святлану Алексіевіч?» – абураюцца некаторыя камэнтатары.

Былі выбраныя тыя постаці, якія напэўна зацікавяць масавага польскага гледача – тлумачыць Павал Супаненка.

Скрыншот
Скрыншот з відэароліку "20 фактаў пра Беларусь"

Павел Супаненка: Мяне пыталі: «А дзе Даша Домрачава?» Я ведаю, што ў нас вельмі шмат спартыўных дасягненьняў, ёсьць нават спартоўцы, якія вынаходзілі новыя прыёмы й элемэнты, такія як «пятля Корбут». Аднак у мяне было абмежаваньне: усяго 20 фактаў. Я мог бы зрабіць 100, але тады мне не ўдалося б упіхнуць усё ў 5 хвілінаў. Чаму я расказаў у роліку пра Вікторыю Азаранку, а не пра кагосьці іншага? Таму, што тэніс – гэта спорт, які больш папулярны ў Польшчы. Маёй мэтавай аўдыторыяй была Польшча. Папрасіце паляка назваць нейкую зорку біятлёну – ён не назаве нікога. Нават Б’ёрндалена ня ведаюць. А вось Вікторыю Азаранку палякі ведаюць вельмі добра, бо ў іх таксама ёсьць спартоўцы, якія шмат чаго дасягнулі ў тэнісе.

За 4 тыдні польскамоўны ролік на YouTube праглядзелі больш за 41 тысячу чалавек. Стужка пачала кружыць па Facebookʼу. Яе нават апублікавалі папулярны польскі моладзевы партал Wykop.pl. Для многіх палякаў Беларусь застаецца малавядомай зачыненай краінай пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, дзе народ ня мае ўласнай ідэнтыфікацыі і ўспрымае сябе як частку Расеі. Пазытыўны ролік пра Беларусь шмат для каго стаў адкрыцьцём. На форумах загучалі заклікі наведаць краіну-суседку, якая раней не выклікала цікавасьці.

Скрыншот
Скрыншот з відэароліку "20 фактаў пра Беларусь"

Ролік выйшаў і на беларускай мове, набраўшы 53 тысячы праглядаў усяго за тыдзень.

«Што можа прыемна ўразіць у Беларусі палякаў?» – запыталіся мы ў Паўла. «Шырокія дарогі й чыстыя вуліцы госьці заўважаць самі, а сябрам я паказаў бы помнікі гісторыі, музэі ды беларускую кухню», – кажа блёгер.

Павел Супаненка: Мірскі й Нясьвіскі замкі проста цудоўна адрэстаўраваныя. Я быў там са сваёй жонкай-полькай некалькі тыдняў назад. Мы былі таксама ў Берасьцейскай крэпасьці. Яна была вельмі ўражана тым, што ў такіх месцах, як замкі, дзе ня так многа прасторы, каб разгарнуцца, зрабілі такія файныя й вельмі сучасныя музэі. Да цікавых музэяў можна залічыць і музэй Вялікай Айчыннай вайны. Ён таксама вельмі ўразіў маю жонку, бо ён вельмі сучасна зроблены. Шчыра кажучы, нейкай моцнай прапаганды я ў ім не адчуў. Безумоўна, я б паказаў гасьцям беларускую кухню. У нас у Беларусі вельмі шмат рэстаранаў, дзе падаюць нацыянальныя стравы. Кулінарная культура палякаў вельмі блізкая да нашай, таму беларускія стравы ім на 100% спадабаюцца.

Скрыншот
Скрыншот з відэароліку "20 фактаў пра Беларусь"


Нядаўна ў Паўла Супаненкі нарадзілася дачка, таму блёгер прызнаецца, што свабоднага часу ў яго цяпер няшмат. Аднак ён хацеў бы зрабіць сэрыю тэматычных ролікаў пра знакамітых спартоўцаў ці нацыянальных герояў Беларусі.

«Пра праекты пакуль казаць не хачу бо не хочацца сурочыць, але яны будуць таксама расказваць замежнікам цікавыя факты пра Беларусь», – кажа Павал Супаненка.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт