Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь заключыла кантракт на пастаўку нафты зь Ірана

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.02.2017 08:17
„Гэта першая закупка іранскай нафты пасьля зьняцьця з Тэгерана міжнародных санкцый летась”, — адзначылі ў NIOC.
Photo: Blondinrikard Fröberg/flickr.com/Commercial use allowed

Даччынае прадпрыемства дзяржаўнай „Беларуснафты” Beloil Polska заключыла зьдзелку з Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (NIOC) аб пастаўцы 600 тысяч барэляў нафты з адгрузкай у лютым, паведаміла прэс-служба іранскай кампаніі.

„Гэта першая закупка іранскай нафты (Беларусьсю. — БелаПАН.) пасьля зьняцьця з Тэгерана міжнародных санкцый летась”, — адзначылі ў NIOC.

Як чакаецца, Beloil Polska транспартуе гэтую партыю нафты ў порт Адэсы (Украіна) або Вэнтспілса (Латвія), а затым даставіць яе ў Беларусь па чыгунцы. „Аб лягістыцы яшчэ трэба будзе дамовіцца”, — удакладняецца ў прэс-рэлізе.

Паведамленьне пра пачатак куплі Беларусьсю іранскай нафты першым распаўсюдзіла 16 лютага інфармагенцтва Reuters са спасылкай на кампэтэнтныя крыніцы. Паведамлялася, што нафта аб`ёмам 80 тысяч тон (прыблізна 600 тысяч барэляў) можа быць адгружаная 20 лютага.
У прэс-службе беларускага ўрада й канцэрне „Белнафтахім” БелаПАН не пацьвердзілі, але й не абверглі гэтую інфармацыю. Пры гэтым у „Белнафтахіме” адзначылі, што „канцэрн працягвае працу па дывэрсыфікацыі паставак нафты на беларускія НПЗ”.

У студзені Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак у краіну нафты.

Беларусь і Расея на працягу году ня могуць урэгуляваць нафтагазавую спрэчку — пытаньні кошту расейскага газу й загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 году Расея, згодна з дамоўленасьцямі, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 году.

Аднак з другога паўгодзьдзя пастаўкі былі скарочаныя ў сувязі з запазычанасьцю Менска за расейскі газ. У пачатку гэтага году расейскія СМІ паведамілі, што ў першым квартале Расея зьбіраецца скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 4,5 да 4 млн тон.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт