Logo Polskiego Radia
Print

Мінабароны PП: тэндэр на пастаўку верталётаў будзе аб'яўлены ў панядзелак

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.02.2017 10:01
Тэндэр на пастаўку шматмэтавых верталётаў для польскай арміі будзе датычыць закупкі 16 машынаў.
PAP/Radek Pietruszka

У панядзелак будзе аб'яўлены тэндэр на пастаўку верталётаў для польскай арміі. Пра гэта пры нагодзе Канфэрэнцыі па пытаньнях бясьпекі ў Мюнхэне паведаміў міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч (Antoni Macierewicz).

На пачатак польскія ўзброеныя сілы атрымаюць два верталёты для трэнінгу, а сам тэндэр будзе датычыць закупкі 16 верталётаў.

Тэндэр на верталёты шматмэтавага прызначэньня для польскай арміі ўпершыню быў аб’яўлены вясной 2012 году. У красавіку 2015 году да яго апошняга этапу Міністэрства нацыянальнай абароны вылучыла машыны Caracal, якія выпускае завод Airbus Helicopters. Паводле міністэрства, толькі гэтая прапанова адпавядала ўсім фармальным патрабаваньням.

Міністэрства паясьніла таксама, што патрабаваньняў тэндэру не выконвалі верталёты Black Hawk, якія выпускае PZL Mielec і верталёты AW149, якія прапанаваў завод WSK PZL-Świdnik.

Гэтае рашэньне крытыкавала тады апазыцыйная, а цяпер кіроўная партыя „Права й справядлівасьць”, а таксама прафсаюзы заводаў зь Мельца й Сьвідніка.

Тагачасны міністар нацыянальнай абароны Тамаш Сямоняк (Tomasz Siemoniak) шмат разоў падкрэсьліваў, што тэндэр на пакупку верталётаў быў сумленны, а яго ўмовы аднолькавыя для ўсіх удзельнікаў.

30 верасьня 2015 году пачаліся перамовы па справе офсэтнай дамовы – гэта від кампэнсацыйнай дамовы пры закупцы імпартнай прадукцыі, якая была ўмовай заключэньня кантракту з Airbus Helicopters. На пачатку кастрычніка 2016 году Міністэрства разьвіцьця палічыла перамовы безвыніковымі й вырашыла аб іх спыненьні.

IAR/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт