Logo Polskiego Radia
Print

«Улада ня ведае, як стварыць працоўныя месцы – гэта асноўная праблема»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.03.2017 19:47
  • Улада ня ведае, як стварыць працоўныя месцы – гэта асноўная праблема.mp3
Чакаецца чарговы год эканамічнага спаду, а пляну па стварэньні новых працоўных месцаў і павышэньні даходаў людзей няма – кажа экспэрт.
Пратэст супраць Дэкрэту № 3 ў Менску. Кадр з відэатрансьляцыі парталу TUT.BYПратэст супраць Дэкрэту № 3 ў Менску. Кадр з відэатрансьляцыі парталу TUT.BYYouTube/screen/tut.by

Палітычная лібэралізацыя ў Беларусі не пратрымалася і 2 гадоў. У адказ на пратэсты супраць пагаршэньня эканамічнага становішча ўлады пачалі масава затрымліваць палітычных актывістаў, звычайных удзельнікаў пратэстаў і журналістаў. Як моцна Лукашэнка закруціць гайкі? Як будуць паводзіць сябе абураныя беспрацоўем і нізкімі заробкамі беларусы? Ці знойдуць улады шлях выхаду з цяжкога эканамічнага крызысу? На гэтыя і іншыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» размаўляюць Аляксндар Папко і аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.

Пратэсты будуць трываць да лета?

9 сакавіка беларускія ўлады адрэагавалі на пратэсты супраць «падатку на дармаедзтва», якія ад канца лютага ідуць па ўсёй краіне. Аляксандар Лукашэнка загадаў адкласьці спагнаньне падатку на год. Адначасова ён загадаў сілавікам «навесьці ідэальны парадак» – арыштаваць усіх тых, хто можа арганізаваць людзей. За тыдзень міліцыянты затрымалі больш за 100 чалавек – палітычных актывістаў, звычайных пратэстоўцаў і журналістаў. Больш за 30 былі пасаджаныя на «суткі». Які вынік будзе мець «замарозка» дэкрэту і «абезгалоўліваньне» пратэсту? Пратэсты пратрымаюцца да сэзону палявых працаў, а затым аслабнуць?

Андрэй Елісееў: Як бачым, так званая замарозка хутчэй яшчэ болей раззлавала людзей, а не зьбіла хвалю пратэстаў. Прычын некалькі. Па-першае, сама нарада ў Лукашэнкі была спэктаклем, а новыя правілы аб аплаце прадставілі заблытана. Па-другое, пратэсты ідуць ужо ня толькі й ня столькі супраць дэкрэту, колькі правальнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Што да абезгалоўлівання пратэсту, дык не ўсе акцыі былі арганізаваныя структурнай апазыцыяй – беларусы даволі пасьпяхова гуртаваліся самі праз сацыяльныя сеткі. Таму пратэсты будуць трываць. Але ж, вядома, улетку пратэстная актыўнасьць звычайна спадае.

Працы няма, і наўрад ці хутка зьявіцца

Дэкрэт №3 стаў толькі дэтанатарам пратэстаў. Сапраўдная прычына масавых маніфэстацыяў, якія ўпершыню за 25 гадоў прайшлі ў такіх гарадах як Ворша, Рагачоў, Маладэчна, Віцебск, Гомель, Бабруйск, Пінск – гэта нізкія заробкі і адсутнасьць працы. Ўлады прыдумалі спосаб зьбіць хвалю мітынгаў. А ці прыдумалі яны, як стварыць новыя працоўныя месцы, асабліва ў рэгіёнах?

Андрэй Елісееў: Вядома, не. І ў гэтым асноўная праблема для ўладаў. Сёлета чакаецца чарговы год з эканамічным спадам, а крыніцаў, з дапамогай якіх можна было б хутка падняць узровень жыцьця насельніцтва і стварыць новыя працоўныя месцы – няма. Болей за тое, нават калі з наступнага году ўдасца забясьпечыць мінімальны эканамічны рост, усё роўна рэальныя даходы насельніцтва вырастуць нязначна. Таму незадаволенасьць нізкім узроўнем жыцьця вялікай долі насельніцтва застанецца надоўга. Гэта не кароткатэрміновы фэномэн.

Рэпрэсіі пакладуць канец дыялёгу з Эўропай і заходнім крэдытам

Як ужо зазначалася, такіх рэпрэсіяў, як цяпер, Беларусь ня бачыла з 2011 году. Улады пачалі выкарыстоўваць такія прывычныя інструмэнты запалохваньня, як масавыя арышты і тэлеперадачы, у якіх ачарняюць апазыцыянэраў. А ці вернуцца іншыя добра вядомыя элемэнты ўнутранай палітыкі: антызаходняя рыторыка ўладаў і зьнішчэньне беларускай культуры? Ці цяперашнімі затрыманьнямі Менск не перакрэсьліць свае спадзяваньні атрымаць крэдыт МВФ і заходнія інвэстыцыі?

Андрэй Елісееў: Пакуль няма сыгналаў якія б сьведчылі, што ўлады будуць сумяшчаць рэпрэсіі з антызаходняй рыторыкай. Наадварот, Мінск ня хоча паліць масты з Эўразьвязам і вельмі разлічвае на працяг дыялёгу з ЭЗ, на патэнцыйную грашовую падтрымку ў розным выглядзе – крэдыты, падтрымка асобных інфраструктурных абʼектаў. Калі Мінск пачне больш сурʼёзныя рэпрэсіі, дык лёс дыялёгу й атрыманьне крэдыту ад МВФ сапраўды апынуцца пад пагрозай.

Адны праграмісты эканоміку не падымуць

Вялікія надзеі па атрыманьні даходаў, так патрэбных беларускай эканоміцы ў крызысныя часы, улады ўскладаюць на інфармацыйныя тэхналёгіі. «Беларусь рыхтуецца стаць ІТ краінай» – з такой заявай выступіў 13 сакавіка памочнік Аляксандра Лукашэнкі Ўсевалад Янчэўскі. Перад гэтым кіраўнік Беларусі сустрэўся з расейскім мільярдэрам Міхаілам Гуцэрыевым і беларускім прадпрымальнікам Віктарам Пракапенем. У бліжэйшы час будуць прынятыя законы, якія паспрыяюць прыходу ў ІТ-сфэру венчурных інвэстараў і хуткаму разьвіцьцю інфармацыйных тэхналёгіяў. Ці пачнуць замежнікі ўкладаць грошы ў беларускія інфармацыйныя кампаніі? Ці выцягне ІТ-сэктар Беларусь з крызысу?

Андрэй Елісееў: Гэта працяг ранейшай стратэгіі беларускіх уладаў. Лукашэнка спадзяецца, што праз супрацоўніцтва з асобнымі бізнэсоўцамі ці праз падтрымку асобных сэктараў можна разьвіваць усю нацыянальную эканоміку ў цэлым. Але, на жаль, такі падыход не працуе. Вядома, калі зробяць лепшае заканадаўства ў сфэры вэнчурных інвестыцыяў, дык у беларускія IT-кампаніі будуць болей укладацца замежныя грошы. Але ж гэта справа гадоў, а не месяцаў. Спадзявацца, што адзін сэктар, хай сабе й інфармацыйных тэхналёгій, выцягне ўсю эканоміку без структурных рэформаў у самых розных сфэрах, ніяк не выпадае.

Размаўляў Аляксандар Папко






Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт