Logo Polskiego Radia
Print

Дзіцячы амбудсмэн праверыў, ці памежнікі ў Тэрэспалі перашкаджалі пісаць заявы аб прытулку

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.03.2017 14:23
З мэтай ліквідаваць сумневы адносна дзеяньняў памежнікаў, размовы з замежнікамі павінны быць сьпісаныя, - лічыць амбудсмэн.
photo: www.radyjo.net/Я.Іванюк

Супрацоўнікі памежнай службы КПП Брэст-Тэрэспаль не дазволілі некалькім семʼям замежнікаў падаць заяўкі на атрыманьне статусу бежанца. Пры гэтым не зважалі на ўказаньне канкрэтных формаў рэпрэсій, якім яны падвяргаліся ў краіне паходжаньня – паведамляе ў дакладзе дзіцячы амбудсмэн.

Памежнікі абвяргаюць гэтыя сьцьвярджэньні, гарантуючы, што яны выконваюць усе працэдуры.

10 студзеня 2017 г. прадстаўнікі дзіцячага амбудсмэна, двое юрыстаў і псыхоляг, на чыгуначным КПП у Тэрэспалі правялі праверку, зьвязаную зь дзеяньнямі памежнікаў у адносінах да замежных семʼяў зь дзецьмі падчас памежнага кантролю. У справаздачы падкрэсьліваецца, што праверка «непасрэдна» не пацьвердзіла, што памежнікі перашкаджалі замежнікам падаваць заяўкі на міжнародную абарону.

Тым ня менш, прадстаўнікі некалькіх семʼяў расказалі, што яны шмат разоў, а некаторыя нават у дзясяткі разоў, заяўлялі пра сваё жаданьне падаць заяўку на міжнародную абарону ў Польшчы.

Дзіцячы амбудсмэн лічыць, што з мэтай ліквідаваць любыя сумневы адносна правільных дзеяньняў афіцэраў Памежнай варты, іх размовы з замежнікамі павінны быць сьпісаныя, а затым прачытаныя.

У жніўні 2016 года група чачэнцаў і таджыкаў, якія хацелі падаць заяўку на міжнародную абарону ў Польшчы, пратэставалі на пераходзе ў Брэсьце.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт