Logo Polskiego Radia
Print

«Мы не складзем рук, пакуль у Беларусі ня будзе свабоды й дэмакратыі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.03.2017 18:51
  • Мы не складзем рук, пакуль у Беларусі ня будзе свабоды й дэмакратыі.mp3
На мітынгу ў Варшаве дэпутаты Сэйму паабяцалі падтрымку пацярпелым ад рэпрэсіяў у Беларусі, Зянон Пазьняк заклікаў далучыцца да яго новага руху.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Дэпутаты польскага парлямэнту патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных у Беларусі ды спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці й журналістаў. Парлямэнтарыі заклікалі польскі ўрад павялічыць падтрымку незалежным СМІ й пацярпелым ад рэпрэсіяў. Пра гэта 25 сакавіка на мітынгу ў Варшаве заявілі сябры Камісіі па міжнародных справах Сэйму Робэрт Тышкевіч і Анджэй Халіцкі. Мітынг і шэсьце з нагоды Дня Волі сабралі больш за сотню беларусаў, палякаў і ўкраінцаў. Акцыя адбываліся ў той самы час, калі ў Менску быў жорстка разагнаны мітынг за адмену сумнавядомага Дэкрэту №3.

«Мы не складзем рук, пакуль у Беларусі ня будзе свабоды і дэмакратыі, бо сапраўдная незалежнасьць немагчымая без свабоды [...]. Мы паабяцалі, што [...] будзем падтрымліваць усіх людзей, якія працуюць дзеля таго, каб Беларусь далучылася да сям’і свабодных эўрапейскіх народаў», – заявіў у Варшаве намесьнік старшыні Камісіі па міжнародных справах Сэйму Робэрт Тышкевіч.

Мітынг, арганізаваны Беларускім домам у Варшаве й Рухам салідарнасьці «Разам» сабраў больш за 100 удзельнікаў. Беларусы, украінцы й палякі сабраліся ля помніка Тадэвуша Касьцюшкі, а затым прайшлі па цэнтры польскай сталіцы да помніка другога знакамітага ўраджэнца Беларусі – Адама Міцкевіча.

Польшча акажа дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў у Беларусі – перакананы дэпутат апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Анджэй Халіцкі.

Анджэй
Анджэй Халіцкі

Анджэй Халіцкі: Так як некалі сьвет дапамагаў нам, палякам, так і мы будзем дапамагаць усім тым, хто стаў ахвярай рэпрэсіяў. Мы зможам прыняць студэнтаў, якіх выключаць з навучальных установаў. Нашыя ўнівэрсытэты заўсёды адкрытыя й гатовыя аказаць стыпэндыяльную дапамогу. Таксама мы, парлямэнтары, націскаем на ўрад, каб ён пераглядзеў сваю палітыку па падтрымцы СМІ і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Мы лічым, што ўрад павінен павялічыць падтрымку Радыё «Рацыя», тэлеканалу «Белсат» і ўсіх іншых ініцыятываў, якія спрыяюць пабудове дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі.

Марш на дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі плянаваўся як сьвяточная акцыя, але маштабныя рэпрэсіі, якія ўлады Беларусі разгарнулі супраць удзельнікаў сацыяльных пратэстаў, прымусілі арганізатараў перагледзець асноўнае пасланьне акцыі – заявіў старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Асноўная мэта акцыі – прыцягнуць увагу да арыштаў і затрыманьняў, якія адбываюцца ў Беларусі, і заклікаць улады Польшчы й беларусаў сьвету дапамагчы рэпрэсаваным – паведаміў Алесь Зарэмбюк.

Алесь
Алесь Зарэмбюк

Алесь Зарэмбюк: Мы хочам аб’явіць польскаму грамадзтву і беларускай дыяспары, што мы адчыняем дабрачынны рахунак і будзем зьбіраць сродкі для дапамогі рэпрэсаваным. Іх настолькі многа. Што ўжо патрэбная салідарнасьць іншых народаў.

На крымінальныя справы заведзеныя супраць амаль трох дзесяткаў чалавек і сотні арыштаў ужо адрэагаваў польскі парлямэнт. Палітыка Польшчы ў стасунку да Менска будзе перагледжана – перакананы дэпутат партыі «Грамадзянская плятформа» Робэрт Тышкевіч.

Робэрт
Робэрт Тышкевіч

Робэрт Тышкевіч: Камісія па міжнародных справах Сэйму ўжо прыняла рэзалюцыю, у якой адназначна патрабуе неадкладна вываліць усіх арыштаваных і спыніць рэпрэсіі. Таксама мы патрабуем ад польскага ўрад выступіць у абарону рэпрэсаваных і павялічыць падтрымку недзяржаўных СМІ. Сваю пазыцыю ўжо агучыла Міністэрства замежных справаў. Аднак мы лічым, што яна занадта лагодная. Трэба прымаць больш рашучыя крокі, бо мы сутыкнуліся з самым сур’ёзным з 2011 году крызысам, зьвязаным з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі.

Перад беларусамі, палякамі і ўкраінцамі, якія прынялі ўдзел у шэсьці з нагоды Дня Волі, выступіў лідар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк. Ён заявіў, што нават масавымі арыштамі беларускія ўлады ня змогуць пагасіць абурэньня эканамічнай сытуацыяй у Беларусі.

Зянон
Зянон Пазьняк

Зянон Пазьняк: Людзі выйшлі на вуліцы яшчэ ў лютым толькі таму, што зьняважылі іх людзкую годнасьць. Беларускі народ – працавіты народ. Таму назваўшы яго «дармаедам», калі ёсьць беспрацоўе, калі людзі ня маюць дзе знайсьці працу, калі ня маюць за што жыць – улада перахіліла чашу цярпеньня народа. Мы бачым, што той электарат які некалі падтрымліваў Лукашэнку, цяпер выходзіць на вуліцу з галоўным лёзунгам: «Зыходзь! Пайшоў вон! Усё!» І гэта ўжо ня спыніцца. Нічога ім не дапаможа: ніякія рэпрэсіі, ніякія арышты. Гэта толькі раззлуе людзей.

Зянон Пазьняк заклікаў людзей арганізоўвацца ў нефармальныя групы й далучацца да яго руху «Вольная Беларусь».

Зянон Пазьняк: Мы ствараем агульнабеларускі рух супраціўленьня «Вольная Беларусь». Нашыя тэзісы ўжо надрукаваныя. Празь нейкі час будзе канстытуцыя гэтага руху. Задача – каб людзі па ўсёй Беларусі гуртаваліся ў групы падтрымкі. Калі тут ёсьць людзі, якія паедуць у Беларусь, якія здольныя на барацьбу й хацелі б далучыцца, то ўтварайце такія групы. Будзьце разумнымі: не падстаўляйцеся раней часу. Групы павінныя гуртавацца паводле інтарэсаў. Павінна быць камунікацыя паміж сабой у рэчышчы праграмы. Павінныя быць уключэньні ў мясцовыя інтарэсы, мясцовыя праблемы: у беспрацоўе, экалягічныя праблемы. Мы створым гэты рух, таму што народ падняўся. І перамога будзе за намі!

25 сакавіка – гэта ня толькі дзень абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі. У гэты дзень роўна 60 гадоў таму была падпісаная Рымская дамова, якая дала пачатак Эўрапейскаму зьвязу.

Пад помнікам Міцкевіча ў цэнтры польскай сталіцы дэпутат Сэйму Робэрт Тышкевіч нагадаў, што знакаміты паэт быў першым палякам, які адкрыта выступаў за аб’яднаньне Эўропы. «І гэтай аб’яднанай свабоднай Эўропы ня можа быць без краіны, дзе ён нарадзіўся – безь Беларусі», – заявіў польскі дэпутат.

Аляксандар Папко

/

/

Эўропа,
Эўропа, не забывай пра Беларусь!

/

/


Салідарныя
Салідарныя зь Беларусьсю!

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт