Logo Polskiego Radia
Print

Станіслаў Лем - пісьменьнік, які праславіў Польшчу (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.03.2017 09:07
  • Станіслаў Лем.mp3
Станіслаў Лем вельмі любіў марцыпаны й халву, піў выключна лікёры й джын, а найбольш вядомыя творы напісаў у "Асторыі" ў Закапанэ.
Станіслаў Лем у 2005 годзеСтаніслаў Лем у 2005 годзеcommons.wikimedia.org/Mariusz Kubik/CC BY-SA 2.5

11 гадоў таму, 27 сакавіка 2006 году, ня стала Станіслава Лема – сусьветнавядомага польскага пісьменьніка-фантаста, на творах якога выхавалася не адно пакаленьне чытачоў. Творчасьць Станіслава Лема была й застаецца вельмі папулярнай, у тым ліку і ў Беларусі. У чарговую гадавіну сьмерці пісьменьніка – некалькі слоў пра яго жыцьцёвы й творчы шлях.

Станіслаў Лем быў ня толькі пісьменьнікам: ён таксама вядомы як сатырык, філёзаф і футуроляг. З упэўненасьцю можна сказаць, што Лем – гэта польскі пісьменьнік, творы якога перакладаюцца найчасьцей і па сёньняшні дзень. У пэўныя часы ён быў найбольш чытаным неангельскамоўным пісьменьнікам навуковай фантастыкі.

Нарадзіўся Станіслаў Лем у 1921 годзе ў Львове, які ў той час быў польскім горадам, хоць зь вялікай колькасьцю габрэйскага насельніцтва. І менавіта ў габрэйскай сям’і прыйшоў на сьвет будучы вядомы літаратар. Прычым у сям’і нябеднай, бо яго бацька быў лекарам-оталярынголягам. Станіслаў атрымаў добрую сярэднюю адукацыю і ў 1940 годзе, ужо ў савецкім Львове, паступіў на мэдычны факультэт Львоўскага ўнівэрсытэту. Гаворыцца, што Лем-юнак спэцыяльна пайшоў вучыцца на мэдыцыну, бо такім чынам хацеў адмовіцца ад службы ў Чырвонай Арміі. Акрамя таго, кар’еру мэдыка яму выбраў бацька.

Дом
Дом у Львове, дзе нарадзіўся й жыў Станіслаў Лем/commons.wikimedia.org/Stanislaw Kosiedowski/GNU Free Documentation License

Вучоба была перапыненая гітлераўскай агрэсіяй. Дзякуючы падробленым дакумэнтам Лему ўдалося ня трапіць у габрэйскае гета: ён жыў на гэтак званым арыйскім баку й працаваў зваршчыкам. Пры гэтым ён утрымліваў кантакты з польскім падпольлем і перадаваў падпольшчыкам і партызанам зброю й боепрыпасы. Калі Львоў быў вызвалены ў 1944 годзе, ён вярнуўся на вучобу.

У 1946 годзе сям’я Лемаў пераехала ў Кракаў у рамках рэпатрыяцыі. Тут ён працягнуў вучобу на мэдыцыне. На апошнім курсе Станіслаў нават праходзіў практыку ў акушэрскім аддзяленьні аднаго са шпіталяў. Паводле сьведчаньняў, Станіслаў Лем прыняў каля 20 нованароджаных дзяцей. Аднак лекарам ён так і ня стаў, бо кінуў вучобу на апошнім курсе – прафэсія лекара была не для яго, на мэдыцыну ён паступіў толькі для бацькі.

Дарэчы, пісаць творы Лем пачаў, будучы яшчэ студэнтам мэдыцыны. Гэта былі апавяданьні на ваенную тэму, але ўтрымлівалі пэўныя элемэнты фантастыкі. І вось у Кракаве, у другой палове 1940-х гадоў, пачынаецца кар’ера Станіслава Лема як пісьменьніка, якая прывядзе яго на вяршыню сусьветнай фантастыкі.

Пісьменьнік
Пісьменьнік у 1966 годзе/ commons.wikimedia.org/Wojciech Zemek/GNU Free Documentation License

Творчасьць Станіслава Лема вядомая многім, і асабліва прыхільнікам фантастыкі, але мала хто ведае яго як звычайнага чалавека. Напрыклад, пісьменьнік быў вялізным аматарам марцыпанаў і халвы. І нават ён не адмаўляўся ад гэтых прысмакаў у пажылым узросьце, калі захварэў цукровым дыябэтам, і калі салодкае яму забаранілі лекары. Калі ж гаварыць пра алькаголь, то пісьменьнік піў выключна лікёры, а таксама джын. Дарэчы, тэма джыну часта зьяўляецца ў перапісцы Лема са Славамірам Мрожэкам, які таксама быў вялікім прыхільнікам гэтага напою.

Фантаст таксама курыў, але выключна цыгарэты з мэнтолам. Аднак у палове 1980-х гадоў курэньне кінуў у сувязі з пагаршэньнем здароўя. Любіў катацца на лыжах у польскіх Татрах і рабіў гэта да моманту, пакуль яму на гэта дазваляла здароўе і ўзрост. А паколькі Станіслаў Леў меў алергію на пыльцу траваў, то ў чэрвені пісьменьнік пераяжджаў з Кракава ў Закапанэ, дзе травы яшчэ не цьвілі. Спыняўся Лем у доме пісьменьнікаў “Асторыя”, і менавіта ў гэтым пансіянаце паўсталі найбольш вядомыя яго творы.

Магіла
Магіла Станіслава Лема ў Кракаве/commons.wikimedia.org/Gapcior/GNU Free Documentation License

Станіслаў Лем быў паліглётам: ведаў латынь, нямецкую, францускую, ангельскую, украінскую й расейскую мовы. Любіў таксама аўтамабілі: цягам жыцьця ён памяняў больш за 10 аўто! Гэта сур’ёзная лічба, калі ўзяць пад увагу часы ўсеагульнага дэфіцыту ў ПНР. Прычым пісьменьнік любіў хуткую язду.

Памёр Станіслаў Лем на сэрца ва ўзросьце 84 гадоў.

Прозьвішча пісьменьніка атрымаў Астэроід Лем, а ў Кракаве, Гдыні, Аполі ды іншых польскіх гарадах яго імем названыя вуліцы.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт