Logo Polskiego Radia
Print

«Ператрусы ў «Белсаце» – велізарны ўдар па іміджы Беларусі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.03.2017 19:04
  • «Ператрусы ў «Белсаце» – велізарны ўдар па іміджы Беларусі».mp3
Канфіскацыя тэхнікі й арышты журналістаў адбыліся за некалькі дзён да прыезду ў Менск дэлегацыі Эўразьвязу.
Міліцыя канфіскуе тэхніку тэлеканалу "Белсат", 31 сакавіка 2017 г. Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў Міліцыя канфіскуе тэхніку тэлеканалу "Белсат", 31 сакавіка 2017 г. Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў baj.by

Раніцай 31 сакавіка міліцыя правяла ператрусы ў двух менскіх офісах тэлеканалу «Белсат» і канфіскавала ўсе кампутары і відэатэхніку. Міліцыя заяўляе, што канфіскацыя зьвязаная са справай аб незаконным выкарыстаньні брэнду «Белсат». Журналісты лічуць, што гэта помста тэлеканалу за асьвятленьне сацыяльных пратэстаў вясны 2017 году. Як на дзеяньні беларускіх сілавікоў адрэагуе міжнародная супольнасьць? Як пазбаўленьне тэхнікі адаб’ецца на працы тэлеканалу? Гэтыя пытаньні задаў журналістам Аляксандар Папко.

У пятніцу раніцай міліцыя ўскрыла два менскія офісы тэлеканалу «Белсат» і забрала зь іх усе кампутары, відэатэхніку і рэклямную прадукцыю. Акрамя таго, быў затрыманы апэратар «Белсату» Аляксандар Любянчук, якога пасьля ператрусу павезьлі ў Першамайскі РАУС Менска.

Яго абвінавацілі ў тым, што ён «брыдкасловіў і размахваў рукамі». Міліцыя вызваліла журналіста, пратрымаўшы яго ў пастарунку пяць гадзінаў. Паводле папярэдніх дадзеных, у панядзелак адбудзецца суд. Нагадаем, што 15 суткамі арышту нядаўна быў пакараны другі апэратар «Белсату» – Аляксандар Баразенка.

Міліцыя заяўляе, што тэхніка была канфіскаваная ў рамках справы аб незаконным выкарыстаньні брэнду «Белсат» у Беларусі. Справа ў тым, што гэтым брэндам ад 2003 году карыстаецца невялікая фірма, якая займаецца ўсталяваньнем сыстэмаў спадарожнікавага тэлебачаньня. Аднак спрэчка вакол таварнага знаку – гэта толькі зачэпка, перакананы журналіст «Белсату» Алесь Залеўскі.

Алесь Залеўскі: Калі праблема ў брэндзе – то навошта забіраць кампутары, дзе таварнага знаку «Белсат» няма? Гэта рытарычнае пытаньне. Гэта было зроблена, каб перашкодзіць нам працаваць па выніках пратэстаў у рэгіёнах, якія мы асьвятлялі. Хутчэй за ўсё, гэта робіцца таксама перад тымі пратэстамі, якія чакаюцца ў траўні. Улады хочуць нам перашкодзіць, а кагосьці з журналістаў – прыстрашыць.

Канфіскацыя тэхнікі не спыніць працы «Белсату» – пераконвае журналіст.

Алесь Залеўскі: Глядач не заўважыць розьніцы ў тым, што было ўчора, што ёсьць сёньня й што будзе заўтра. Гэта будзе кантэнт той жа якасьці. Праца журналістаў будзе заснаваная на тых жа самых прынцыпах: дэмакратычнай журналістыкі, аб’ектыўнай журналістыкі. Зразумела, гэта стварае больш клопатаў для калектыву каналу. Аднак той факт, што тэхнічная база тэлеканалу знаходзіцца ў Варшаве, не дазваляе перарваць працу каналу.

Канфіскацыя тэхнікі – гэта істотны фінансавы ўдар па працы тэлеканал, аднак ані на маральны стан журналістаў, ані на якасьць тэлепрадукту гэта не паўплывае – пераконвае дырэктар тэлеканалу Агнешка Рамашэўска.

Агнешка Рамашэўска: У нас канфіскавалі вялікую колькасьць дарагой тэхнікі. Таму гэта сур’ёзная праблема. Аднак маральны стан журналістаў нядрэнны. Усе праграмы зьявяцца ў эфіры. Асьцерагацца няма чаго.

Беларуская асацыяцыя журналістаў ужо рыхтуе прэс-рэліз, якім паінфармуе міжнародную супольнасьць пра затрыманьні й арышты журналістаў, якія адбыліся ў апошнія месяцы ў Беларусі. Канфіскацыя тэхнікі «Белсату» – гэта моцны ўдар па міжнародным іміджы Беларусі. І нанесены ён акурат перад візытам высокапастаўленых прадстаўнікоў Эўразьвязу ў Менск – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец: Літаральна на наступным тыдні, 3-4 красавіка ў Менску заплянаваная сустрэча прадстаўнікоў Эўразьвязу й Беларусі, дзе будзе ісьці гаворка пра дыялёг. І літаральна перад гэтай сустрэчай адбываецца тое, на што немагчыма не адрэагаваць.

Міністэрства замежных спраў Польшчы запатрабавала ад беларускага МЗС тлумачэньняў у сувязі зь сёньняшнімі ператрусамі ў памяшканьнях «Белсату». Тэлеканал уваходзіць у структуру Польскага тэлебачаньня.

Дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўска спадзяецца, што ў адказ на перасьлед журналістаў польскі ў рад і міжнародная супольнасьць узмоцняць падтрымку незалежнага беларускамоўнага тэлеканалу. «Мы спадзяемся, што атрымаем моцную падтрымку. І такая падтрымка нам сапраўды сёньня вельмі патрэбная», – падкрэсьліла Агнешка Рамашэўска.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт