Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія ўлады нарабілі «загатовак» на выпадак пратэстаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.04.2017 17:49
  • Беларускія ўлады нарабілі «загатовак» на выпадак пратэстаў.mp3
За мінулыя дні дамоклаў меч быў падвешаны над СМІ, партыямі й карыстальнікамі сацыялных сетак - тлумачыць экспэрт.
Пратэст супраць Дэкрэту № 3 ў Менску. Кадр з відэатрансьляцыі парталу TUT.BYПратэст супраць Дэкрэту № 3 ў Менску. Кадр з відэатрансьляцыі парталу TUT.BYYouTube/screen/tut.by

Мінулыя 7 дзён прайшлі пад знакам рэпрэсіяў. Ўлады працягвалі арышты па «справе патрыётаў», выносілі папярэджаньні палітычным партыям, каралі арыштамі і штрафамі ўдзельнікаў пратэстаў. Трэцяга красавіка на сустрэчы ў Пецярбургу кіраўніцтва Беларусі заявіла, што заручылася падтрымкай Расеі. Наколькі значная гэтая падтрымка? Ці грошы з Расеі зматывуюць улады Беларусі ўзмацніць рэпрэсіі? Што Беларусь дасьць Расеі ўзамен за абяцаную дапамогу? Гэтыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й дасьледчык EAST Center Андрэй Елісееў.

Новая палітычная справа можа скончыцца ўмоўнымі тэрмінамі

У Беларусі працягваюцца арышты па новым палітычным працэсе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». У сьпісе затрыманых знаходзіцца 21 чалавек. Сярод іх – былыя й дзейсныя вайскоўцы, інструктары патрыятычнага лягеру, актывісты «Маладога фронту», выпускнікі гістарычнага факультэту БДУ. Якія мэты перасьледуе гэты працэс? Колькі людзей апынецца за кратамі?

Андрэй Елісееў: Гэты крымінальны перасьлед – адзін з мэтадаў зьбіць пратэстную хвалю ў Беларусі. Па-першае, яго мэта запалохаць актыўных апанэнтаў улады. Маўляў, асабліва актыўным можа пагражаць не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасьць. Па-другое, гэты працэс мае за мэту дыскрэдытаваць пратэсты ў беларускім грамадзтве. Менавіта таму ўлады пачалі надзвычай актыўна займацца гэтай справай напярэдадні акцыі 25 сакавіка. Маўляў, не далучайцеся да пратэстаў, бо вас хочуць выкарыстаць узброеныя радыкалы.

Спосаб данясеньня інфармацыі пра крымінальны перасьлед у дзяржаўных мэдыях пасьля прамовы Лукашэнкі ў Магілёве, час раскруткі гэтай справы й публічна вядомыя акалічнасьці вядзеньня справы ўказваюць на тое, што яна мае палітычныя кантэкст. Праваабаронцам трэба вельмі пільна сачыць за працэсам і асабліва аналізаваць працэдурныя акалічнасьці й довады, зьвязаныя з як быццам знойдзенай нелегальнай зброяй.

З аднаго боку, працэс запусьцілі, і сьледчыя ворганы захочуць давесьці яго да лягічнага канца, высунуўшы абвінавачаньні прынамсі некалькім асобам. З іншага боку, зьяўленьне палітычных зьняволеных паставіць пад пагрозу паляпшэньне адносінаў з Захадам і візыт Папы Рымскага ў Беларусь. Таму ўладам будзе выгадна абвесьціць, напрыклад, пра ўмоўнае пакараньне некалькім арыштаваным асобам.

Ці не забудзе Эўразьвяз пра выключаных беларускіх студэнтаў?

Упершыню за некалькі гадоў вучэльні ў Беларусі пачалі адлічваць студэнтаў за грамадзка-палітычную дзейнасьць. Пасьля сакавіцкіх пратэстаў ВНУ Менска, Берасьця й Магілёва выключылі ня менш за 5 чалавек. Ці ёсьць шанцы на тое, што краіны Эўрапейскага зьвязу падтрымаюць студэнтаў? Ці адродзіць Польшча альбо іншая краіна праграму Каліноўскага?

Андрэй Елісееў: Шанцы вядома ёсьць, але ці возьмецца за такое менавіта Польшча, цяжка сказаць. Гэта мусіць быць не гіпатэтычнае пытаньне для Эўразвязу, а абсалютна неабходная праблема для вырашэньня, калі ЭЗ клапоціцца пра свой імідж сярод беларусаў. Непакоіць тое, што ў заяве па выніках паседжаньня Каардынацыйнай групы ЭЗ-Беларусь, якая прайшла днямі, выключэньні студэнтаў па палітычных прычынах зусім ня згадваюцца.

«Улады ня спыняцца нават перад блякіроўкай TUT.BY»

Усьлед за папярэджаньнем для вядучых беларускіх СМІ, 3 красавіка ўлады вынесьлі папярэджаньне апазыцыйным партыям і рухам. Абʼяднаная грамадзянская партыя, партыя БНФ і Рух «За свабоду», атрымалі папярэджаньні Мінюста за анансаваньне акцыі пратэсту на Дзень Волі. У выпадку паўторнага папярэджаньня ўлады пагражаюць прыпыніць іх дзейнасьць альбо зачыніць. У адрозьненьні ад СМІ, партыям у Беларусі выносілі папярэджаньне надзвычай рэдка. Чаму ўлады пайшлі на такі крок менавіта цяпер? Менск ужо не баіцца суровага позірку Захаду?

Андрэй Елісееў: У сувязі з пратэстамі, улады пачалі ўсур’ёз рыхтавацца да сцэнару росту іх масавасьці. Судовая й заканадаўчая галіны цалкам кантраляваныя выканаўчай уладай, і зь імі нічога новага прыдумляць не спатрэбілася. Затое ўлады сур’ёзна ўзяліся за прыцісканьне СМІ, у тым ліку анлайн-мэдыяў і сацыяльных сетак, а таксама асобных палітычных арганізацый. Гэта робіцца, каб зрабіць патокі інфармацыі, а значыць і ўсю сытуацыю, болей кантраляванымі ў разе далейшых і болей масавых пратэстаў.

Што ўлады гатовыя зрабіць у такім выпадку? Па-першае, узмацніць рэпрэсіі супраць асобных журналістаў незалежных СМІ й заблякаваць вялікія незалежныя анлайн-рэсурсы на выгадны ўладам тэрмін. Калі будзе расьці масавасьць пратэстаў, ня спыняцца й перад блякіроўкай TUT.BY – найвялікшага анлайн мэдыя-рэсурса. Па-другое, улады, верагодна, пашыраць практыку адміністрацыйных пакараньняў у дачыненьні да беларусаў, якія будуць посьціць альбо рэпосьціць заклікі далучыцца да той ці іншай публічнай акцыі. Па-трэцяе, прыпыняць дзейнасьць шэрагу палітычных партыяў і арганізацыяў, якія будуць актыўна заклікаць да пратэстаў. Асноўная мэта гэтага ўсяго – кантроль інфармацыі. Без лёгка даступнай інфармацыі пра час і фармат мерапрыемстваў, арганізаваныя масавыя пратэсты наўрад ці мажлівыя, а дэзарганізаваныя акцыі ўлады могуць прыдушыць – для гэтага ў іх даволі рэсурсаў.

Гэтыя крокі вельмі верагодныя й прадказальныя - але толькі ў тым выпадку, калі будзе расьці пратэстны рух. Пакуль жа зробленыя «загатоўкі»: асобным мэдыям і партыям вынесеныя папярэджаньні, і ўжо былі асобныя арышты наконт рэпостаў у сацыяльных сетках. Калі пытаньне будзе стаяць пра палітычнае выжываньне кіроўнай эліты, пагроза спыненьня дыялёгу з ЭЗ і з кім бы там не было не будзе брацца ў разьлік.

Лукашэнку далі 10 дзён на тое, каб разьмясьціць расейкую базу?

Нафтагазавая спрэчка Беларусі й Расеі будзе вырашана на працягу бліжэйшых дзесяці дзён. Аб гэтым трэцяга красавіка ў Санкт-Пецярбургу дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін на сустрэчы, якая працягвалася больш за тры гадзіны. Масква пагадзілася рэфінансаваць доўг за газ. Пуцін і Лукашэнка заявілі, што «дасягнулі важных дамоўленасьцяў у галіне бясьпекі», Менску паабяцалі «падтрымку на міжнародных пляцоўках». Што Аляксандар Лукашэнка паабяцаў Пуціну ўзамен?

Андрэй Елісееў: Тыя невялікія дэталі пра дамоўленасьці, якія ўжо вядомыя, сьведчаць, што Расея працягвае даволі жорсткую лінію ў адносінах да Беларусі. Ніякіх падарункаў Лукашэнка не займеў: пазыку за газ трэба вяртаць, і крэдыты трэба вяртаць таксама, хай сабе – умоўна кажучы – пасьлязаўтра, а ня заўтра. Тым ня менш, нейкія саступкі Пуцін зрабіў: дазволіў пазьней расплаціцца за крэдыты, і мець пажаданыя аб’ёмы нафты, калі Беларусь разьлічыцца за газ. У наступным годзе ў Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары, і канфлікты з Беларусьсю Пуціну ня выгадныя. Асноўнае пытаньне: ці пагадзіўся Лукашэнка на расейскую авіябазу ў Беларусі? І выглядае, што хутчэй так, чым не. Ці пра тое ўжо дамовіліся - абвесьцяць пазьней. Магчыма, тыя 10 дзён на разьлік за газ – гэта час, які Пуцін даў Лукашэнку на тое, каб канчаткова вызначыцца з фарматам базы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт