Logo Polskiego Radia
Print

«Радыё – гэта непаўторная нагода для сустрэч тысяч цікавых суразмоўцаў»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.04.2017 15:41
  • radio.mp3
У Польшчы адзначылі Дзень радыё: «Радыёвядучыя – гэта вельмі цікавыя асобы, пры гэтым адначасова вельмі сьціплыя»
Вядучыя ў студыі маладзёвага Чацьвёртага каналу Польскага радыё Вядучыя ў студыі маладзёвага Чацьвёртага каналу Польскага радыё Polskie Radio

Сёньня ў Польшчы адзначаецца Дзень радыё. Гэта выключна польскае сьвята, таму што Міжнародны дзень радыё сьвяткуецца 13 лютага. Радыйнае сьвята ў Польшчы адзначаецца ў гадавіну стварэньня Польскага радыё – гэта мела месца ў красавіку 1926 годзе.

У іншых краінах Дзень радыё адзначаецца па-рознаму. І так, у Расеі гэтае сьвята выпадае на 7 мая. Сьвяткуецца яно ў гадавіну дэманстрацыі Аляксандрам Паповым першага радыёпрыёмніка, што мела месца ў 1895 годзе. Акрамя Расеі, 7 траўня сваё сьвята маюць радыйшчыкі ў Беларусі ды іншых постсавецкіх рэспубліках, а таксама ў Балгарыі.

Радыё – гэта перш за ўсё слухачы, але й таксама працаўнікі станцый. Прычым гэта ня толькі радыёжурналісты, але й таксама гукаапэратары, гукарэжысэры, інжынэры, рэдактары, музыканты, кампазытары ды адміністрацыя. Многія працаўнікі радыё без працы ля мікрафону не ўяўляюць жыцьця! Што радыё й праца на радыё азначае асабіста для нашых калег? Такое пытаньне мы задалі журналістцы Расейскай службы Польскага радыё Ірыне Кудраўцавай. «Радыёвядучыя – гэта вельмі цікавыя асобы, пры гэтым адначасова вельмі сьціплыя», кажа нашая калега.

Маша Калесьнікава пачынала кар’еру радыёжурналіста на славутым менскім «Аўтарадыё», цяпер яна – рэдактар Эўрарадыё, дзе перш за ўсё займаецца сацыяльнымі тэмамі, культурай ды музыкай. «Радыё – гэта непаўторная нагода для сустрэч тысяч цікавых суразмоўцаў», – гаворыць Маша.

Шмат гадоў таму, калі зьявілася тэлебачаньне, многія прагназавалі канец радыё. Пазьней гаварылася пра сьмерць радыёвяшчаньня, калі пачалі разьвівацца сучасныя тэхналёгіі ды віртуальныя СМІ. Як бачна, яны не пашкодзілі радыё, а наадварот узмацнілі, таму што дзякуючы інтэрнэту радыё атрымала новыя магчымасьці. Такім чынам, рабіць «паховіны» радыё яшчэ рана, ды наўрад ці калі гэта ўвогуле прыйдзецца рабіць, бо радыё стала настолькі неад’емнай часткай нашага жыцьця, што безь яго цяжка ўявіць штодзённае функцыянаваньне.

Валеры Саўко

рэпартаж у далучаным гукавым файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт