Logo Polskiego Radia
Print

«Усё больш людзей адчуваюць, што ў пуцінскай Расеі будучыні для іх няма»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.04.2017 19:46
  • «Усё больш людзей адчуваюць, што ў пуцінскай Расеі будучыні для іх няма».mp3
У расейскім грамадзтве насьпеў попыт на перамены, і пратэсты будуць успыхваць усё часьцей.
Антыкарупцыйныя пратэсты ў Екацерынбургу, сакавік 2017 г. Антыкарупцыйныя пратэсты ў Екацерынбургу, сакавік 2017 г. wikimedia commons/ Фальшивомонетчик (Own work)/ CC BY-SA 4.0

26 сакавіка гэтага году ў дзесятках гарадоў Расеі прайшлі пратэсты супраць карупцыі. Разам з тым, у Расеі на працягу месяца не сьціхаюць пратэсты дальнабойшчыкаў, незадаволеных новымі аплатамі за карыстаньне дарогамі. Расейскае грамадзтва, якое пасьля анэксіі Крыму знаходзілася ў стане патрыятычнай эўфарыі, нечакана для многіх, зноў пачало выказваць абурэньне. У чым крыюцца прычыны пратэстаў? Ці будуць яны пашырацца, да чаго прывядуць? На гэтыя пытаньні адказваюць расейскі гісторык Павал Пучкоў і сацыяльны антраполяг Ян Маравіцкі. Яны прынялі ўдзел у дыскусіі «Новыя пратэсты ў Расеі: надзеі й засьцярогі» арганізаванай у Варшаве асацыяцыяй «За свабодную Расею».

Сакавіцкія пратэсты ў Расеі сталі самымі масавымі пасьля акцыяў вясны 2012 году. Пасьля таго, як Фонд па барацьбе з карупцыяй Аляксея Навальнага апублікаваў фільм, у якім паказаў палацы, яхты й вінаграднікі Дзьмітрыя Мядзьведзева, больш за 90 тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы ў 100 расейскіх гарадах.

Палітычныя аглядальнікі зьвяртаюць увагу на дзьве ўнікальныя рысы пратэстаў вясны 2017 году. Па-першае, расейцы ўпершыню выйшлі на масавыя мітынгі з-за карупцыі. Да гэтага яны выходзілі, каб паказаць сваю нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў, альбо каб пратэставаць супраць вайны ва Ўкраіне. Па-другое, у сакавіцкіх пратэстах у Маскве, Пецярбургу, Навасібірску, Екацерынбургу ды іншых гарадах удзельнічала незвычайна многа моладзі.

Раней расейскія СМІ і недзяржаўныя арганізацыі публікавалі даклады пра карупцыю прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна й яго паплечнікаў: генпракурора Юрыя Чайкі, былога кіраўніка расейскай чыгункі Ўладзімера Якуніна, віцэ-прэмера Ігара Шувалава. Аднак пратэстаў гэтыя скандальныя матэрыялы не выклікалі. Чаму ж тысячы людзей выйшлі на вуліцы, калі ўбачылі італьянскія вінаграднікі Мядзьведзева ці «домік для качкі» на возеры ў яго шыкоўнай рэзыдэнцыі на Волзе?

Мядзьведзеў прадстаўляў сябе як адкрыты палітык, больш сучасны, эўрапейскі й сумленны, чым Пуцін зь яго сілавікамі. Аднак аказалася, што Мядзьведзеў такі жа злодзей. Расейскі сярэдні кляс адчуў сябе падманутым – тлумачыць гісторык Павал Пучкоў.

/

Павал Пучкоў: Мядзьведзеў ахвотней кантактаваў з грамадзтвам. Ён дазваляў сабе выказваньні, якія з вуснаў Пуціна пачуць было немагчыма. І ён, у адрозьненьне ад усіх астатніх, насіў модныя красоўкі (усьміхаецца). Мядзьведзеў намагаўся падавацца «сваім». Калі аказалася, што ён такі ж, як і ўсе астатнія – то ў людзей узьнікла моцнае пачуцьцё крыўды. Аднак нельга сказаць, што расчараваньне Мядзьведзевым стала галоўным штуршком, які вывеў большасьць удзельнікаў пратэсту на вуліцы. Для большасьці людзей было дастаткова самога факту карупцыі ў такіх маштабах.

У пратэстах удзельнічала шмат студэнтаў малодшых курсаў і нават школьнікаў. Іх удзел у мітынгах мае дзьве прычыны - кажа Павал Пучкоў. Па-першае, гэтыя маладыя людзі дзецьмі бачылі пратэсты 2011-2012 году, у іх дзяцінстве «была палітыка».

Павал Пучкоў: Я думаю, на тых людзей, якія бачылі пратэсты ва ўзросьце 12-13 гадоў, гэта аказала ўплыў. Яны бачылі, што ўдзельнічаць у палітычных акцыях можа быць «крута, клёва й цікава». Калі яны дасягнулі ўзросту 17-18 гадоў, то вырашылі, што надышоў іх час расфарбаваць твар зялёнкай, узяць пару красовак кіслотнага колеру і таксам далучыцца да гэтай «дзьвіжухі».

Па-другое, усё больш маладых людзей, якія нарадзіліся і вырасьлі ў часы Пуціна, адчуваюць, што ў пуцінскай Расеі пэрспэктываў для іх няма. Такіх узроставых ці прафэсійных групаў, якія ня бачаць для сябе будучыні ў сучаснай Расеі, насамрэч многа – кажа Павал Пучкоў.

Павал Пучкоў: У грамадзтве расьце няўпэўненасьць ня толькі ў заўтрашнім, а ўжо і ў сёньняшнім дні. Маладых людзей палохае адсутнасьць будучыні, якая робіцца ўжо відавочнай. Адбываецца падзеньне рэальных заробкаў насельніцтва. Гэта даволі новая зьява для расейскага грамадзтва. Гэты нэгатыўны фон будзе выводзіць на вуліцы самыя розныя катэгорыі насельніцтва. Ці ўдасца аб’яднаць гэта ўсё ў агульны рух і ці будзе гэтым хто-небудзь займацца – для мяне гэта застаецца адкрытым пытаньнем.

Пратэсты ў Расея пашыраюцца, але застаюцца разрозьненымі. Школьнікаў з Пецярбурга ці Навасібірска мала што аб’ядноўвае з дальнабойшчыкамі з Дагестану ці жыхарамі маскоўскіх пяціпавярховак, якія пратэстуюць супраць зносу іх дамоў. Групы абураных ня маюць агульнай ідэі, агульных патрабаваньняў да ўладаў, няма ў іх і агульнага лідара – кажа журналіст і сацыяльны антраполяг Ян Маравіцкі.

/

Ян Маравіцкі: Пакуль агульнай павесткі дня ў гэтых групаў няма й, па вялікім рахунку, няма агульнага лідара. Аляксей Навальны ўспрымаецца як лідар толькі пэўнай часткай грамадзтва. Нават сярод лібэральнай грамадзкасьці да яго ёсьць сур’ёзныя пытаньні. Наколькі ён зможа мабілізаваць падтрымку перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2018 году – вялікае пытаньне. Аднак у грамадзтве сапраўды ёсьць попыт на перамены. Пытаньне ў тым, як гэтае грамадзтва аб’яднаць і мабілізаваць.

Калі людзі пратэстуюць супраць несправядлівасьці – гэта яшчэ ня значыць, што яны хочуць свабоды й дэмакратыі – зьвяртае ўвагу Ян Маравіцкі. На яго думку, у Расеі пакуль не адбудзецца пратэстаў настолькі масавых, каб яны маглі прывесьці да пераменаў ва ўладзе. Аднак у сытуацыі пагаршэньня эканамічнага становішча Уладзімеру Пуціну й яго паплечнікам будзе ўсё цяжэй захоўваць свае ўладныя пазыцыі – зазначае журналіст.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт