Logo Polskiego Radia
Print

74 гады таму пачалося паўстаньне ў Варшаўскім гета (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 19.04.2017 17:37
  • getto.mp3
Маладыя паўстанцы вырашылі, што лепш памерці са зброяй у руках, чым у лягеры сьмерці.
Галоўны рабін Польшчы Міхаэль Шудрых падчас сёньняшніх урачыстасьцяў з нагоды 74-й гадавіны паўстаньня ў гетаГалоўны рабін Польшчы Міхаэль Шудрых падчас сёньняшніх урачыстасьцяў з нагоды 74-й гадавіны паўстаньня ў гетаPAP/Radek Pietruszka

74 гады таму пачалося паўстаньне ў Варшаўскім гета. 19 красавіка 1943 года члены Габрэйскага воінскага зьвязу й Габрэйскай баявой арганізацыі аказала супраціў гітлераўцам, якія ўвайшлі на тэрыторыю гета, каб пачаць працэс яго ліквідацыі.

Немцы стварылі гета ў польскай сталіцы 2-га кастрычніка 1940 году. У лістападзе таго ж году габрэйская частка гораду была аддзеленая ад астатняй высокім мурам. Варшаўскае гета было найбуйнейшым у акупаванай Эўропе: у красавіку 1941 году на яго тэрыторыі пражывала каля 450 тыс. чалавек.

Жыцьцё
Жыцьцё ў гета/Bundesarchiv

Габрэі ў гета былі прымушаныя працаваць на нямецкую ваенную махіну. Ім нельга было пакідаць межы гета. Паколькі паступленьне прадуктаў харчаваньня й лекаў было вельмі абмежаванае, то ў гета назіралася надзвычай высокая сьмяротнасьць: людзі проста паміралі на вуліцы. Летам-восеньню 1942 году ў выніку вялікай акцыі па высяленьні й зьнішчэньні габрэяў было вывезена 80% жыхароў гета, якія былі забітыя ў лягеры сьмерці ў Трэблінцы. Паводле гісторыкаў, загінула прыкладна 400 тыс. габрэяў з гета: каля 100 тыс. у Варшаве ў выніку голаду, хвароб і расстрэлаў, і каля 300 тыс. у Трэблінцы.

Дзеці
Дзеці ў гета - ахвяры злачыннай сыстэмы/Bundesarchiv

Паўстаньне ў Варшаўскім гета было апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпеньня. Жыхары гета разумелі, што яны ідуць на сьмерць, і пастанавілі ў апошняй хвіліне аказаць супраціў. Як узгадваў ужо ў мірны час выжыўшы апошні кіраўнік паўстаньня Марэк Эдэльман, які пасьля вайны стаў вядомым лекарам, лепш было памерці са зброяй у руках, чым у лягеры сьмерці.

Гісторык Кшыштаф Персак з варшаўскага Музэя гісторыі польскіх габрэяў нагадвае, што дрэнна ўзброеныя габрэйскія байцы ўступілі ў бой зь гітлераўцамі, ня маючы ані якіх шанцаў на перамогу. У той час у гета знаходзіліся каля 60 тыс. габрэяў.

Людзі
Людзі мёрлі як мухі ад голаду й хвароб/Bundesarchiv

Байцамі былі ў асноўным маладыя людзі, як правіла, бяз семʼяў і без надзеі выжыць. Габрэйскія жыхары Варшавы разумелі, што той, хто застаўся ў гета, асуджаны на сьмерць. «І тады сярод габрэйскай моладзі нарадзілася думка пра ўзброены супраціў, яны хацелі змагацца за годную сьмерць», – адзначае Кшыштаф Персак.

Сілы паўстанцаў налічвалі каля тысячы чалавек. У першы дзень паўстаньня ў гета ўвайшлі 2 тыс. узброеных нацысцкіх салдат з ваеннай тэхнікай. 8 мая 1943 года бункер, у якім знаходзіліся каля 100 паўстанцаў, у тым ліку яго лідары, быў акружаны. Частка байцоў зьдзейсьніла самагубства, некаторым удалося ўцячы. 16 мая 1943 года паўстаньне было цалкам задушана.

Сёньня ў польскай сталіцы прайшлі прынагодныя ўрачыстасьці з удзелам гасьцей з Ізраіля й іншых краін, прадстаўнікоў габрэйскай супольнасьці і ўлад Польшчы, у тым ліку прэм’ер-міністра Бэаты Шыдла.

74-я
74-я гадавіна пачатку паўстаньня/PAP/Radek Pietruszka

Сымбалем паўстаньня ў Варшаўскім гета зьяўляецца жоўты нарцыс. Іх штогод раздаваў Марэк Эдэльман, які памёр у 2009 годзе. Цяпер яго традыцыю працягвае моладзь, якая раздае на вуліцах польскай сталіцы папяровыя кветкі: сёлета было раздадзена 100 тыс. папяровых нарцысаў. І займаюцца гэтым валянтэры.

Сымбаль
Сымбаль паўстаньня ў Варшаўскім гета - жоўты нарцыс/PAP/Jakub Kamiński

Паўстаньне ў Варшаўскім гета было першай гарадзкой маштабнай узброенай акцыяй супраць нацыстаў як у Польшчы, так і ў акупаванай Эўропе. Выжыла толькі крыху больш за дзесяць паўстанцаў.


Валеры Саўко

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт