Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь: пляцдарм Кітая ў Эўропе?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 19.04.2017 17:46
  • Беларусь пляцдарм Кітая ў Эўропе.mp3
«Кітай гатовы супрацоўнічаць з Менскам, не патрабуючы ўзамен ані дэмакратызацыі, ані прызнаньня анэксіі Крыму».
pixabay.com/Public Domain/CC0

Беларусь наведаў старшыня Сталага камітэту Ўсекітайскага сходу народных дэпутатаў Чжан Дэцзян. Аляксандар Лукашэнка й старшыня кітайскага парлямэнту абмяркоўвалі прыход на беларускі рынак кітайскіх інвэстыцыяў і павелічэньне беларускага экспарту ў Паднябесную. Акрамя таго, было абʼяўлена, што ў траўні гэтага году Аляксандар Лукашэнка наведае Пэкін – усяго 6 месяцаў пасьля сваёй папярэдняй паездкі ў Кітай. У апошнія месяцы Беларусь часта наведвалі прадстаўнікі кітайскіх рэгіёнаў і мэнэджэры дзяржаўных кампаніяў. У чым заключаюцца інтарэсы Беларусі ў Кітаі і кітайскія інтарэсы ў Беларусі? Як актыўна яны прасунуліся ў апошні час? Пра гэта нам расказваюць экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня і аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.

Кітай мае тры галоўныя інтарэсы ў Беларусі – кажа кіраўнік дасьледчага інстытуту EAST Center Андрэй Елісееў. Перш за ўсё – гэта калійныя ўгнаеньні, патрэбныя кітайскай сельскай гаспадарцы. Другі важны аспэкт беларуска-кітайскага супрацоўніцтва – гэта вайсковая сфэра. Дзякуючы Беларусі, Кітай вырабляе шасі для сваіх ракетных комплексаў. Беларусь жа атрымлівае з Кітаю ракеты для рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз». Таксама Беларусь і Кітай супрацоўнічаюць у вытворчасьці сыстэмаў сувязі і ў касьмічных тэхналёгіях.

Трэцяя сфэра інтарэсаў Кітая ў Беларусі – гэта пабудова «Вялікага шаўковага шляху» – транспартнага калідору з Кітаю ў Заходнюю Эўропу, а таксама пабудова беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку ў рамках гэтага глябальнага праекту. Пакуль што кітайскія інвэстары прыходзяць у парк даволі марудна – канстатуе Андрэй Елісееў. У парку зарэгістраваліся менш за 15 кампаніяў. Менск жадае перакласьці задачу прыцягненьня інвэстараў на плечы Кітая, што ня вельмі падабаецца Пэкіну.

Аляксандар
Аляксандар Лукашэнка і генэральны сакратар Кампартыі Кітая Сі Дзыньпін у Менску, травень 2015 г. Фота: TUT.BY

Беларускія інтарэсы ў Кітаі можна ахарактарызаваць трыма ключавымі словамі: інвэстыцыі, крэдыты, экспарт. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неўзабаве на беларускі фінансавы рынак можа прыйсьці сёмы па велічыні банк Кітаю China CITIC Bank.Таксама беларускія ўлады жадаюць, каб Кітай купіў дзяржаўныя аблігацыі Беларусі.

У 2016 годзе Беларусь экспартавала ў з Кітай тавараў на 480 мільёнаў даляраў – гэта на 1,8 мільярды даляраў менш, чым Менск купіў у Пэкіна. Пэрспэктывы павялічыць экспарт беларускай прадукцыі ў Кітай, каб выправіць гэты дэфіцыт, выглядаюць сумнеўна – лічыць Андрэй Елісееў. Кітай цікавяць перш за ўсё беларускія калійныя ўгнаеньні, пастаўкі якіх наўрад ці павялічацца. Калій складае амаль 80% беларускага экспарту. Доля прамысловай прадукцыі ў беларускім экспарце ў тэхналягічна прасунуты Кітай не перавышае 5%, і яе павялічыць цяжка.

Калі казаць пра інвэстыцыі ў прамысловасьць, то Пэкін быў бы ня супраць набыць акцыі «Беларуськалія». Іншыя прадпрыемствы вялікай цікавасьці ў кітайскіх інвэстараў не выклікаюць. Кітайскія прадпрымальнікі лічылі беларускія заводы малацікавымі яшчэ 10 гадоў таму. Цяпер, калі з-за крызысу яны амаль спыніліся, іх і без таго невысокі рынкавы кошт стаў яшчэ меншым. Таму маштабных кітайскіх інвэстыцыяў у прамысловасьць чакаць ня варта – кажа Андрэй Елісееў.

Андрэй
Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў: Кошт прадпрыемстваў, якія Беларусь прапануе Кітаю, цяпер аб’ектыўна малы. Пры гэтым Кітай ня мае намеру раскідвацца грашыма і плаціць за акцыі больш, чым яны каштуюць насамрэч. Магчыма, Кітай згодзіцца інвэставаць у пару прадпрыемстваў, але гэтыя інвэстыцыі будуць адлюстроўваць рэальны рынкавы кошт акцыяў. Яны ня будуць занадта прыбытковымі для Беларусі.

Менску важная таксама палітычная падтрымка Пэкіна. На міжнароднай арэне Кітай галасуе супраць рэзалюцыяў, якія крытыкуюць беларускі ўрад. У сваю чаргу, Менск пасьлядоўна галасуе супраць любых рэзалюцыяў ААН, якія намякаюць на незалежнасьць Тайваню. Пры гэтым, Кітай разьвівае эканамічнае супрацоўніцтва, не ставячы Менску палітычных умоваў – кажа экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

/

Рыгор Астапеня: Аляксандар Лукашэнка сам неаднаразова казаў, што Кітай зьяўляецца адным з полюсаў глябальнай палітыкі – нароўні з ЗША й Расеяй. З гэтых трох полюсаў толькі Кітай не прад’яўляе Беларусі палітычных патрабаваньняў. Кітай гатовы супрацоўнічаць з Менскам па эканамічных і палітычных пытаньнях, не патрабуючы ўзамен ані дэмакратызацыі, ані прызнаньня анэксіі Крыму. Таму Менску падабаецца зь ім супрацоўнічаць.

Палітыкі і публіцысты часам называюць Беларусь «пляцдармам» Кітая на шляху ў Расею ці Заходнюю Эўропу. Насамрэч называць Беларусь «апорай» ці «пляцдармам» Кітая некарэктна – кажа Андрэй Елісееў. У адрозьненьне ад, напрыклад, ЗША, Кітай не абапірае сваю зьнешнюю палітыку на асобныя краіны-саюзьніцы. У эканамічным пляне значэньне Беларусі таксама не такое высокае, каб называць яе «пляцдармам». Аднак важнасьць Менска для Пэкіну таксама нельга недаацэньваць – кажа Андрэй Елісееў.

Андрэй Елісееў: Беларусь знаходзіцца на транспартным шляху зь Эўразьвязу ў Кітай, тут разьмешчаны патэнцыйна важны праект індустрыяльнага парку, акрамя таго, Беларусь зьяўляецца важным пастаўшчыком калійных угнаеньняў. Гэтыя тры пункты робяць Беларусь важнай краінай. Але я б не назваў яе «стратэгічным пляцдармам» Кітая.

Калі параўнаць супрацоўніцтва Беларусі й Кітая з эканамічным супрацоўніцтвам Кітая й Польшчы, то стане відавочным, што значэньне суседкі Беларусі для Пэкіну нашмат больш высокае – падкрэсьлівае Рыгор Астапеня. Аднак, у адрозьненьне ад польска-кітайскіх стасункаў, беларуска-кітайскія адносіны нашмат лепш асьвятляюцца ў СМІ, таму выглядаюць яны больш сур’ёзнымі – падсумоўвае экспэрт.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт