Logo Polskiego Radia
Print

Фігурантаў «справы патрыётаў» кормяць псыхатропамі й зьбіваюць

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.04.2017 15:44
  • Фігурантаў «справы патрыётаў» кормяць псыхатропамі й зьбіваюць.mp3
Стваральнік “Белага легіёну” Сяргей Чыслаў расказаў журналістам, што арыштаваных катуюць, а за кратамі знаходзяцца больш за 19 чалавек.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Да арыштаваных па “справе патрыётаў” прымяняюць псыхатропныя рэчывы й жорстка зьбіваюць. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі, арганізаванай Беларускім домам у Варшаве, заявіў стваральнік арганізацыі “Белы легіён” Сяргей Чыслаў. Таксама ён паведаміў, што ў СІЗА утрымліваюць больш, чым 19 чалавек, датычных да арганізацыі вайскова-спартовага лягеру “Патрыёт” ды іх знаёмых. Беларускія сілавікі правялі арышты ня толькі ў іх асяродзьдзі, але й сярод анархістаў і футбольных фанатаў.

Да людзей, зьмешчаных у СІЗА КДБ па падазрэньні ў “арганізацыі масавых беспарадкаў” і “стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня” прымяняюць псыхатропныя рэчывы – заявіў у Варшаве колішні стваральнік арганізацыі “Белы легіён” прадпрымальнік Сяргей Чыслаў. Пра гэта яму паведамілі крыніцы ў сілавых структурах.

Сяргей Чыслаў: Нешта дадаецца людзям у пітво. Назвы прэпаратаў я ня ведаю. Але гэта дастаткова моцныя рэчы.

Паводле Сяргея Чыслава, пра прымяненьні псыхатропных прэпаратаў можа сьведчыць відэазапіс, на якім інжынэр Андрэй Комлік-Ямацін кажа, што нібыта выпрабоўваў бомбу ў двары ўласнага заводу. “Мы ня можам выключаць, што ў кропцы, у якую ён глядзіць, знаходзіцца тэкст, які ён проста зачытвае”, – кажа Сяргей Чыслаў.

Допыт
Допыт Андрэя Комлік-Ямаціна. Кадр з фільму беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня, выкарыстаны ў відэароліку Радыё "Свабода".

Арыштаваныя прызнаюцца, што іх “не па-дзіцячаму” б’юць. “Калі пра гэта кажуць загартаваныя фізычна людзі, то гэта сапраўды сьведчыць пра сур’ёзнасьць катаваньняў”, – зазначае Сяргей Чыслаў.

Таксама колішні лідар “Белага легіёну” заявіў, што за кратамі знаходзяцца ня толькі 19 вядомых прэсе асобаў. У сакавіку спэцслужбы правялі арышты сярод беларускіх анархістаў. А яшчэ раней былі пасаджаныя за краты некалькі сябраў беларускамоўнага згуртаваньня фанатаў футбольнага клюбу “Партызан”.

Улады раскручваюць не адну “справу патрыётаў”, а некалькі справаў адначасова – заявіў Сяргей Чыслаў.

Сяргей Чыслаў: Спачатку яны адсачылі ўсю сетку кантактаў фанатаў. Гэта было зроблена, дзякуючы аналізу іх кантактаў у сацыяльных сетках і аналізу тэлефонных званкоў. Спэцслужбы пачалі прыходзіць да бацькоў, казаць, што іх дзеці зьяўляюцца фанатамі й нібыта парушаюць законы. Затым пачалі шукаць зачэпкі і ўзбуджаць супраць іх лідараў не палітычныя, а крымінальныя справы. Паводле такога ж прынцыпу, наколькі я разумею, цяпер працуюць і з анархістамі. Спэцслужбы адсачылі ўсю іх сетку, а цяпер арыштоўваюць і пры гэтым жорстка паказова зьбіваюць. Падкрэсьліваю: яны баяцца ўсіх, хто здольны сказаць уладам “не”.

Сяргей Чыслаў заявіў што “Белы легіён” як арганізацыя не існуе з 2005 году, але гэта не перашкаджала яго былым удзельнікам зьбірацца разам як сябрам і ладзіць сумесныя паездкі на Нёман ці нават ў Тыбэт.

Былы
Былы лідар "Белага легіёну" Сяргей Чыслаў і кіраўнік Беларускагадому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. 20 красавіка 2017 г.

“Першы намесьнік старшыні КДБ Беларусі нават заяўляў на нарадзе перад афіцэрамі, што гэтыя вандроўкі ў Тыбэт зьяўляюцца доказам таго, што “Легіён” не спыніў сваёй дзейнасьці. Аднак арыштаваныя зусім іншыя людзі, не тыя, зь якімі мы езьдзілі ў Тыбэт”, – падкрэсьліў Сяргей Чыслаў. Шмат каго з арыштаваных людзей, асабліва маладых, ён увогуле ня ведае. Іншых бачыў спарадычна шмат гадоў таму.

Сяргей Чыслаў: Я зьдзіўлены арышту некаторых людзей, якіх я бачыў 15 гадоў таму, і якія нават на той момант не былі актыўнымі й ня мелі да “Легіёну” дачыненьня. Як я разумею, іх выпусьцяць. А вось 6 ці 7 чалавек, паводле плянаў КДБ, пакінуць надоўга.

Улады намагаюцца ўкрыць палітычны характар “справы патрыётаў”, каб яе фігуранты не былі аб’яўленыя вязьнямі сумленьня. Менавіта таму з СІЗА былі выпушчаныя лідары “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі – лічыць Сяргей Чыслаў. Паводле інфармацыі, якую мае колішні лідар “Белага легіёну” большасьць фігурантаў справы будзе вызваленая, але 6-7 чалавек, якія маюць лідарскія якасьці, улады асудзяць на доўгія турэмныя тэрміны.

Сяргей Чыслаў: Тых, каго ад самага пачатку пасадзілі ў СІЗА на Валадарцы, не краналі. Б’юць і катуюць тых, хто знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пакараць зьбіраюцца тых, хто, паводле спэцслужбаў, мае арганізацыйныя здольнасьці й можа гуртаваць вакол сябе людзей.

У фігурантаў “справы патрыётаў” была толькі паляўнічая зброя. Баявая зброя, якая спарадычна зьяўляецца ў прапагандысцкіх фільмах – падкінутая, падкрэсьліў Сяргей Чыслаў. “Нават псыхатропныя прэпараты не далі КДБ пацьвярджэньняў падрыхтоўкі ані масавых беспарадкаў, ані стварэньня незаконнага ўзброенага фармаваньня”, – зазначыў стваральнік “Белага легіёну”.

Абвінавачаньні ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту Сяргей Чыслаў называе абсурднымі. Перад масавымі арыштамі ён і яго сябры былі гатовыя бараніць Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі ад магчымай расейскай агрэсіі.

/

Сяргей Чыслаў: Гэта была вельмі сур’ёзная дылема для нас. Нам прыйшлося яе сур’ёзна абмяркоўваць (паўтараю, не як арганізацыі, а як сябрам). Мы зразумелі, што лепш пажыць некаторы час пад чырвона-зялёным сьцягам, чым пад расейскім трыкалёрам. Мы лічылі, што трэба шукаць нейкія агульныя кропкі ўзаемадзеяьня, якія дазволяць уратаваць Беларусь ад расейскай акупацыі.

21 сакавіка беларускія спэцслужбы пачалі арышты сярод арганізатараў вайскова-спартовага лягеру “Патрыёт”, які легальна дзейнічаў у Бабруйску, былых удзельнікаў арганізацыі “Белы легіён”, а таксама іх сяброў і знаёмых. Арышты адбыліся пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка заявіў пра раскрыцьцё змовы “баевікоў”, якія пры падтрымцы Польшчы, Летувы й Ўкраіны “рыхтавалі ўзброеную правакацыю” 25 сакавіка. У гэты час па ўсёй краіне адбываліся сацыяльныя пратэсты, а кіраўніцтва Беларусі вяло перамовы з Расеяй наконт паставак нафты й газу.

Арышты патрыятычна настроеных маладых людзей сьведчаць пра тое, што ва ўладах існуе ўплывовая прарасейская групоўка – лічыць Сяргей Чыслаў. Ён ня змог даць парадаў наконт таго, якую палітыку Захад павінен весьці у адносінах да беларускіх уладаў. На думку Сяргея Чыслава, зьмякчыць такія рэжымы, як беларускі ці расейскі, не дапамагаюць ані санкцыі, ані эканамічнае ды палітычнае супрацоўніцтва. Хутчэй за ўсё, Захаду трэба спыніць грашовую дапамогу Менску. Але асноўныя санкцыі супраць аўтарытарнай улады павінен увесьці сам беларускі народ – кажа Сяргей Чыслаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт