Logo Polskiego Radia
Print

«Санкцыі супраць Польшчы – гэта трызьненьне» – сьпікер Сэйму

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.04.2017 11:42
Польскія палітыкі называюць заяву Эманюэля Макрона, зробленую падчас выбарчай кампаніі, папулістычнай і спрэчнай з прынцыпамі эўрапейскай інтэграцыі.
Старшыня Сэйму Польшчы Марэк Кухціньскі (першы зьлева)Старшыня Сэйму Польшчы Марэк Кухціньскі (першы зьлева)Tomasz Adamowicz/ marszalek.sejm.pl

«Няма шанцаў на тое, каб Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Польшчы, гэта пустая выдумка», – заявіў сьпікер польскага Сэйму Марэк Кухціньскі. Ён пракамэнтаваў заяву Эманюэля Макрона, зробленую кандыдатам у прэзыдэнты Францыі пасьля наведваньня ім фабрыкі Whirlpool, якую ўласьнік зьбіраецца зачыніць і перанесьці вытворчасьць у Польшчу. «Гэтая фраза была прамоўленая ў мэтах выбарчай кампаніі, недарэчная, яна дэзінфармуе грамадзкую думку», – заявіў Марэк Кухціньскі.

У інтэрвію, апублікаваным у чацьвер у газэце «Voix du Nord» Эманюэль Марон заявіў, што пасьля таго, як ён будзе абраны прэзыдэнтам, ён выступіць за ўвядзеньне санкцыяў супраць Польшчы. На думку Макрона, санкцыі павінныя быць уведзеныя «не за сацыяльны дэмпінг, бо гэта немагчыма на падставе заканадаўства Эўразьвязу, але за парушэньне эўрапейскіх каштоўнасьцяў».

Сьпікер Сэйму Польшчы адкінуў магчымасьць увядзеньня санкцыяў. Падобнае рашэньне прымаецца ў выніку шырокай дыскусіі; яго павінныя зацьвердзіць усе кіруючыя ворганы Эўрапейскага зьвязу, а таксама адзінагалосна прыняць кіраўнікі ўсіх краінаў Эўрапейскага зьвязу – растлумачыў палітык.

«Гэта зачэпка, выкарыстаная для выбарчай кампаніі і заваяваньня падтрымкі некалькіх дзесяткаў працаўнікоў фабрыкі, якую зьбіраюцца зачыніць, а прадукцыю перанесьці да Польшчы», – заявіў Марэк Кухціньскі.

Словы кандыдата ў прэзыдэнты Эманюэля Макрона парушаюць эўрапейскія стандарты і прынцыпы сяброўства з Польшчай – заявіў міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. «Сваім выказваньнем Эманюэль Макрон ставіць пад сумнеў прынцыпы функцыянаваньня агульнага эўрапейскага рынку», – падкрэсьліў Вітальд Вашчыкоўскі.

Заяву, якая пагражае выклікаць міжнародны скандал, кандыдат у прэзыдэнты Францыі Эманюэль Макрон зрабіў пасьля таго, як наведаў страйкуючых працаўнікоў фабрыкі сушылак для бялізны Whirlpool ў горадзе Ам’ен. За дзень да візыту Макрона з незадаволенымі працаўнікамі фабрыкі сустрэлася кандыдатка ультраправага Народнага фронту Марын Лё Пэн.

PAP/lavoixdunord.fr/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт